Мінюст пастараўся: мінус 107 грамадскіх аб'яднанняў за год. Дабраліся і да адвакатаў
Колькі фондаў, грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый было ліквідана па рашэнні Мінюста ў мінулым годзе? Колькі ліцэнзій аб аказанні юрыдычных паслуг было спынена? Сумная статыстыка.
На падставе іскавых заяў Міністэрства юстыцыі, пададзеных у суды, у 2023 годзе ліквідавана 11 палітычных партый, 107 грамадскіх аб'яднанняў і 2 фонды. Пісьмовыя папярэджанні вынесены ў дачыненні да 410 некамерцыйных арганізацый, піша Reform.by.
Пра гэта паведаміў намеснік міністра ведамства Алег Кот на пасяджэнні калегіі Мінюста, дзе былі падведзены вынікі працы за мінулы год. Паводле яго інфармацыі, Міністэрства правяло «кантрольныя мерапрыемствы» адносна больш чым тысячы грамадскіх аб'яднанняў.
Намеснік міністра Мікалай Старавойтаў даў справаздачу аб выніках рэгулявання адвакацкай дзейнасці, рыэлтарскіх паслуг і медыяцыі.
«Камісіяй па пытаннях ліцэнзавання дзейнасці па аказанні юрыдычных паслуг прынята рашэнне аб спыненні 1180 спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) у дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, якія не забяспечылі ва ўстаноўлены тэрмін выкананне ліцэнзійных патрабаванняў, прадугледжаных Законам, і не прадставілі інфармацыю аб забеспячэнні выканання ліцэнзійных патрабаванняў у орган, што выдвае ліцэнзіі», — заявіў ён.
Нагадаем, у пачатку гэтага года быў абноўлены закон аб палітычных партыях. Пасля гэтага пачалася іх перарэгістрацыя. Яе не прайшлі амаль усе партыі, якія раней існавалі ў Беларусі. Яны былі ліквідаваны. «Справядлівы свет» таксама спрабаваў прайсці працэдуру, падаўшы дакументы ў Мінюст, але ў Міністэрстве вынеслі рашэнне аб адмове ў перарэгістрацыі.
Яе змаглі прайсці толькі Камуністычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, а таксама Ліберальна-дэмакратычная партыя. Акрамя таго, была зарэгістраваная новая партыя «Белая Русь».
Згодна з новай рэдакцыяй закона, для стварэння і дзейнасці палітычнай партыі неабходна мець не менш за 5000 заснавальнікаў, пры гэтым ад кожнай вобласці і горада Мінска іх павінна быць не менш за 100.
Паводле інфармацыі Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, на канец студзеня 2024 года не менш за 969 некамерцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі ў Беларусі. Колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, на канец студзеня складала не менш за 564 адзінкі. Усяго страты ў грамадскім сектары Беларусі, пачынаючы з поствыбарнага перыяду 2020 года, складаюць ужо не менш за 1533 інстытуцыяналізаваныя формы некамерцыйных арганізацый.