Ці ўзначаліць Лукашэнка «партыю ўлады»?

Аднапартыйныя і ваенныя рэжымы лепш выжываюць, чым персаналісцкія аўтарытарныя. Сакрэт стварэння «Белай Русі» раскрыты?

Мітынг у падтрымку Лукашэнкі, 16 жніўня 2020

Мітынг у падтрымку Лукашэнкі, 16 жніўня 2020

«Белая Русь» усё ж агорала шлях ад грамадскага аб’яднання да палітычнай партыі. 2 траўня міністр юстыцыі ўручыў старшыні партыі «Белая Русь» пасведчанне аб рэгістрацыі за №1. Гэта першая палітычная партыя, зарэгістраваная ў Беларусі пасля 2000 года. З 15 існуючых палітычных партый пакуль ніводная не падала дакументы ў Мінюст на перарэгістрацыю.
Навошта Лукашэнку ў такі турбулентны перыяд спатрэбілася новая партыя? «Новы Час» пагутарыў з палітычным аглядальнікам Паўлюком Быкоўскім.

Партыя падтрымкі Лукашэнкі без эканамічных задач

— Можна чапляцца да нумара пасведчання, можна не чапляцца: краіну чакае перарэгістрацыя палітычных партый, якая з «Белай Русі» можа і пачнецца, або нумарацыя проста пачынаецца з новага года. Больш важна тое, што завяршыўся доўгі шлях пераўтварэння грамадскага аб’яднання ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў палітычную партыю, якая нічога не заяўляе пра сябе, акрамя таго, што яна хоча падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку. Калі ў нас узнікне жаданне аднесці гэтую партыю па каардынатах левыя-правыя, кансерватыўныя-ліберальныя, нам будзе вельмі складана гэта зрабіць: з таго, што яны расказваюць пра сябе, нам вядома, што яна падтрымлівае традыцыі (выглядае, што яна мусіць быць кансерватыўнай), але ніякай канкрэтыкі больш няма. А калі казаць пра эканамічныя прыярытэты (кажуць жа: эканоміка гэта сціслае выражэнне палітыкі), то «экономические приоритеты коррелируют с исключительными задачами государства в экономической сфере». То-бок сваіх эканамічных прыярытэтаў «Белая Русь» як партыя не заяўляе.


Адзінае, што заяўлена — і гэта выглядае цікавым на фоне сённяшніх адносінаў з Расіяй — «устранение зависимости внешнего рынка, и в первую очередь от поставок углеводородного сырья». То-бок, калі пісаліся партыйныя дакументы, стаяла задача дыверсіфікаваць пастаўкі нафты і газа, а потым ужо на гэтую акалічнасць проста забыліся. На сёння дыверсіфікацыя паставак вуглевадароднай сыравіны не выглядае праблемай, але калі яна запісана як задача ў партыйных дакументах, то ў пэўнай ступені гэтая партыя мусіць выступаць за мнагавектарную палітыку. Але самі прадстаўнікі партыі кажуць, што выступаюць за нешта іншае.

Ці дапаможа «Белая Русь» рэжыму выжыць?

— Тут існуе хутчэй тэарэтычная праблема. Палітолагі-транзітолагі вывучалі, якія аўтарытарныя рэжымы больш ці менш устойлівыя: статыстыка паказвае, што аднапартыйныя і ваенныя рэжымы лепш выжываюць, лепш спраўляюцца з праблемамі, чым персаналісцкія аўтарытарныя ці розныя рэжымы ў розных краінах на працяглым адрэзку часу. Па ідэі, менавіта ў гэтым палягае сэнс стварэння партыі ўлады, бо яна забяспечвае ўстойлівасць за кошт інстытуцыянальнага замацавання таго становішча, у якім знаходзіцца аўтарытарны лідар — зараз гэта Аляксандр Лукашэнка.
Праўда, тут з’яўляюцца новыя пытанні. Ці будзе гэтая партыя персаналісцкая, завязаная на Аляксандру Лукашэнку, ці зможа яна перажыць Аляксандра Лукашэнку, калі раптам ён памрэ ці адыдзе ад улады, ці будзе імкнуцца ўстанавіць калектыўны кантроль над дзейнасцю дзяржавы і гэтак далей? Мы бачылі, што ў сакавіку гэтага года на ўстаноўчым з’ездзе партыі ніхто з буйных чыноўнікаў не прысутнічаў. Таму яна выглядае больш як унутраная апазіцыя: праўладная партыя, якая пры гэтым не зусім праўладная. Паводле палітолага Адама Пшэворскага, аўтарытарныя лідары выкарыстоўваюць такога кшталту партыі (іх называюць не толькі «партыя ўлады», але і «партыя адзінства») для кааптацыі патэнцыйных праціўнікаў у нейкія інстытуты і стварэння ўмоў для іхняга развіцця, для рэалізацыі іх амбіцый, гарантавання таго, што яны будуць уплываць на прыняцце важных дзяржаўных рашэнняў. І пазбягаюць прамога супрацьстаяння і ашаламляльных выбараў кшталту таго, што мы назіралі ў 2020 годзе, за кошт таго, што ўсе гэтыя людзі кааптаваныя, яны перастаюць быць сапраўднай апазіцыяй і робяцца паўапазіцыяй.


Кот у мяху ці падманка?

— Гэта тэарэтычныя развагі, якія не вельмі блізкія да таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы памятаем, што некалькі разоў Аляксандр Лукашэнка заварочваў назад дакументы на ператварэнне «Белай Русі» ў палітычную партыю, зараз ён саступіў, а што стала прычынай — невядома. І тут мы можам толькі разважаць на гэтую тэму: ці ён проста ўжо не звяртае на гэта ўвагу, ці ён дазваляе стварыць «прафсаюз бюракратыі», каб чыноўнікі маглі лабіраваць свае інтарэсы перад аўтарытарным дзеячам? Аўтарытарныя дзеячы выдзяляюцца сваім валюнтарызмам, таму нейкім чынам трэба ад яго абараняцца. Але ці гэтыя працэсы назіраем мы зараз, цяжка сказаць: першых асобаў у партыі няма, яна не крытыкуе Аляксандра Лукашэнку, відаць, што дакументы ў яе абсалютна фармальныя. Напаўненне новай інстытуцыі, якая ствараецца з рэгістрацыяй «Белай Русі», хутчэй за ўсё, будзе пазней, калі ўзнікне акно магчымасцяў. Калі, напрыклад, у 2024 годзе падчас выбараў у мясцовыя саветы і Нацыянальны сход гэтая партыя праявіць сябе не толькі як фармальная структура, адкуль кааптуюць людзей у прадстаўнічыя органы, але і як структура, якая па-сапраўднаму будзе праводзіць сваіх людзей, а не суправаджаць прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, як раней, то, магчыма, яна і пачне жыць уласным жыццём. Хоць якім.
А можа быць, яна ўвогуле не будзе адыгрываць ніякай ролі да таго моманту, пакуль Аляксандр Лукашэнка не згубіць уладу. Але калі гэта адбудзецца што стане з гэтай партыяй — мы таксама не ведаем. Гэта кот у мяшку ці падманка? Пакуль мы не адкрыем гэты мех, то не зможам сказаць, ёсць там кот ці няма.

Што збіраецца кансерваваць «Белая Русь»?

— Пакуль «Белая Русь» ніяк не магла сябе праявіць, бо не існавала. Задачы лабіраваць канкрэтны палітычны курс у яе няма. Яна кажа, што забяспечвае «незыблемость» ладу, які сёння існуе ў Беларусі, але гэта не курс, а змаганне супраць пераменаў. Нават сам Лукашэнка перыядычна мяняе вектары кіравання дзяржавай: у розныя перыяды краіна пад яго кіраўніцтвам рухалася ў розных кірунках; калі вектары супадалі, ён канцэнтраваў уладу ў сваіх руках, развіваў большыя сувязі з Расіяй, чым з усім астатнім светам. Але мы памятаем і працяглыя перыяды, калі задачай ставілася знайсці альтэрнатыву Расіі ў тых краінах, дзе нас не ведаюць і нас не чакаюць, канечне, гаворка пра эканамічную альтэрнатыву. А сёння нават і такая задача не ставіцца. І што канкрэтна сёння збіраецца кансерваваць «Белая Русь», сказаць складана.