Анатоль Лябедзька: Без праўладнай партыі рэжым пачуваў бы сябе лепш

У Беларусі з'явілася новая палітычная партыя — «Белая Русь». Цяпер у краіне 15 зарэгістраваных партый. Але гэта ненадоўга, упэўнены апазіцыйны палітык і былы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Фота з «экстрэмісцкага» рэсурсу 

Фота з «экстрэмісцкага» рэсурсу 


Сярод пакуль што зарэгістраваных у Беларусі палітычных партый траціна — апазіцыйныя: АГП, БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», БСДП (Грамада), Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ. Найбліжэйшым часам усе гэтыя партыі, на думку Анатоля Лябедзькі, будуць знішчаны.

— У Беларусі сёння сапраўды шэсць зарэгістраваных партый, якія могуць прэтэндаваць на тое, каб называцца апазіцыйнымі, дэмакратычнымі, — пацвердзіў Лябедзька ў экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Але гэта сітуацыя працягнецца нядоўга.

Ужо ў траўні пачнецца практычна працэс ліквідацыі, у першую чаргу гэтых апазіцыйных дэмакратычных партый. Дзеля іх і задумана ўся гэта катавасія з перарэгістрацыяй, мэтай якой якраз з'яўляецца зачыстка партыйнай палітычнай прасторы.

У траўні ўсім партыям трэба будзе падаць заяву аб перарэгістрацыі і суправаджальны пакет дакументаў. Галоўны з іх — спіс на 5 тысяч чалавек, якія пацвярджаюць сваё сяброўства ў гэтай партыі.

Натуральна, ніводная разумная апазіцыйная партыя не будзе перадаваць гэтаму рэжыму «расстрэльны спіс». Мы ведаем, што з людзьмі адбываецца за колер іх шкарпэтак. А калі хтосьці паведаміць, што ён гатовы быць сёння сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі ці БНФ, то, зразумела — ён можа не адкараскацца 15-цю суткамі.

Мы ўсе разумеем, што гэта зачыстка. Пасля застануцца толькі фармальнасці: Вярхоўны суд павінен будзе заявіць, што такая партыя ліквідавана. Таму дэ-факта ўсё адбудзецца ў траўні, а дэ-юрэ будзе аформлена па сканчэнні некалькіх месяцаў.

— Гэта значыць, да парламенцкіх выбараў, якія прызначаны на люты наступнага года?

— Безумоўна. У гэтым жа і складаецца адна з задач, каб, калі прыйдзе час так званых выбараў, у нас не было палітычных партый як суб'ектаў гэтага палітычнага працэсу. Ну і каб быў адпаведны градус страху, які б паралізаваў волю любога асобнага чалавека, калі раптам ён надумае пайсці на гэту кампанію з супрацьлеглымі ўладзе поглядамі.


— Што вы скажаце наконт новай партыі «Белая Русь»?

— Насамрэч калі б можна было абысціся без такой, нават фэйкавай партыйнай сістэмы, то для самаадчування цяперашняга рэжыму гэта было б лепш. Чым менш якіх-небудзь суб'ектаў, тым яны камфортней сябе адчуваюць.

Таму што іх стратэгія — татальны кантроль над усім. І калі з'яўляюцца любыя структуры, усё роўна іх трэба кантраляваць, накіроўваць туды адпаведных работнікаў, надзяляць іх нейкімі паўнамоцтвамі, а гэта дадатковы папераабарот і рэсурсы.

Аднак, з пункту гледжання бяспекі, для гэтага рэжыму шматпартыйная сістэма, якая фарміруецца, нічога не нясе — ні пагроз, ні рызык.

Думаю, калі яны прыдумлялі гэту партыю, вывучаўся досвед якой-небудзь ГДР, сацыялістычнай Польшчы, цяперашняй Расіі. Вось Пуцін жа жыве пры шматпартыйнай сістэме і адчувае сябе абсалютна камфортна. Яму не перашкаджаюць ні камуністы, ні жырыноўцы, ні «Справядлівая Расія». Хоць гэтыя партыі там нават часам малююць апазіцыю.

Тым самым яны дэманструюць нібыта наяўнасць нейкай альтэрнатывы, плюралізму, маўляў, у нас нават, у адрозненне ад Савецкага Саюза, не адна КПСС, а «Адзіная Расія» і розныя іншыя.

Пры гэтым зразумела, што такая спецыфічная шматпартыйная сістэма не нясе ніякіх рызык і пагроз. Прынамсі, на бліжэйшую перспектыву.

Аднак людзі ж разумеюць, што ў нас усё зачышчана, што ўсё гэта фэйкавае, усё гэта шыльды без унутранага змесціва.

— Вы абмовіліся, што не бачыце пагроз «на бліжэйшую перспектыву». А на будучыню?

— Калі рэжым будзе разбурацца, то, вядома, там могуць з'явіцца розныя настроі, але пакуль гэты рэжым стаіць на адной назе, якая называецца Пуцін, і другой, якая называецца Лукашэнка, там усё пад кантролем.

Да таго ж Лукашэнка павінен даваць нейкі ліфт, рух росту для часткі сваіх актыўных ябацек. Усім жа не хопіць месца, там, у парламенце або выканкамах. Да таго ж у выканкамах, напрыклад, каб займаць пасаду, трэба мець нейкія веды.

Менавіта таму там да гэтага часу трымаюць людзей процілеглых поглядаў, хай і закамуфліравана.

А вось для партыйнага сяброўства не трэба ніякага прафесіяналізму, ніякіх спецыфічных ведаў. Дастаткова проста быць вернападданым і ўмець пстрыкаць абцасамі.

І з гэтага пункту гледжання «Белая Русь» для Лукашэнкі не толькі не небяспечная, яна яшчэ і дапаможа вырашыць пытанне такога сацыяльнага ліфта для ябацек, які будзе ствараць адчуванне, што яны рухаюцца ўверх па нейкай кар'ернай лесвіцы.


— Але пры гэтым вы сказалі, што нават без такой ручной партыі ён бы адчуваў сябе больш камфортна. Усё ж такі гэта быў вымушаны крок?

— Вымушаны, таму што да 2020 года Лукашэнка мог гаварыць, маўляў, мая ўлада народная, мая апора — гэта прафсаюзы, ГА «Белая Русь», БРСМ, там мільёны людзей.

Але 2020 год паказаў, што гэта ўсё фантомы. І колькасць сябраў праўладнага прафсаюза, якія прайшлі і працягваюць праходзіць праз турмы і СІЗА, значна большая, чым тых, хто знаходзіўся ў незалежных прафсаюзах.

Таму ён вымушаны быў паглядзець на краіну па-іншаму і ўбачыць, што «азаронкаў» і «качанавых» на самай справе можна пералічыць па пальцах. І каб іх захаваць, пра іх трэба праяўляць бацькоўскі клопат. Для такіх можна і партыю стварыць.

Хто можа рэальна пацярпець у гэтай гісторыі, дык гэта тыя, каго будуць прымушаць уступаць у партыю і маршыраваць там. З іншага боку, калі працэс будзе масавым, то гэтыя людзі і змогуць стаць такой патэнцыйнай пагрозай на выпадак, калі рэжым захістаецца.