Павел Усаў: Украіне нескладана нанесці па Драздах такі ж удар, як па Крамлі
Нядаўна ў Бранскай вобласці Расіі было падарвана чыгуначнае палатно. Лукашэнкаўскі дэпутат Лілія Ананіч адрэагавала на дыверсіі ў Бранскай вобласці — з яе слоў, гэта тычыцца не толькі Расіі, але і Беларусі, і Беларусь «не пакінуць у спакоі». Таксама пасля гэтай падзеі Лукашэнка правёў нараду з сілавікамі, на якой запатрабаваў не дапусціць у краіну дыверсантаў.
«Салідарнасць» спытала ў палітолага Паўла Усава, наколькі апраўданыя перажыванні беларускіх уладаў.
— Думаю, сітуацыя актуалізавалася пасля нанясення ўдару па Крамлі. Паколькі можна па-рознаму ацэньваць, хто можа стаяць за гэтым ударам, то я ўяўляю, якая павінна быць рэакцыя ў Ананіч і Лукашэнкі пасля такой аперацыі, калі гэты ўдар быў нанесены Украінай, — кажа Усаў. — Гэта павінна вельмі моцна напалохаць Лукашэнку і ягонае асяроддзе, таму што нанесці такі ўдар па Мінску, адміністрацыі, Дому ўрада і тым больш па Драздах для ўкраінцаў не будзе ўяўляць ніякай складанасці, калі ў гэтым будзе неабходнасць.
Што тычыцца павышэння ўзроўню істэрыкі і турботы чыноўнікаў
і самога Лукашэнкі — гэта небеспадстаўна, дадае палітолаг. Сёння мы назіраем
змены характару ваенных дзеянняў ва Украіне.
— З аднаго боку, падрыхтоўка да контрнаступлення, якое можа
быць паспяховым, і гэта адаб'ецца на Беларусі. З іншага — у рамках падрыхтоўкі да
контрнаступлення назіраюцца сістэмныя абстрэлы інфраструктуры прыгранічных
рэгіёнаў Расіі. Мы бачым, што Украіна наносіць удары па расійскай энергетычнай
і транспартнай лагістыцы, калі гаворка ідзе пра падрыў чыгуначнага палатна ў
Бранскай вобласці.
Для лукашэнкаўскіх уладаў гэта сур'ёзны сігнал. Любое
дзеянне варожага характару з боку рэжыму, напрыклад,
пераход мяжы або ўцягванне беларускіх вайскоўцаў у вайну, пагражае тым, што
будуць нанесеныя сур'ёзныя ўдары па беларускай энергетычнай інфраструктуры.
Гэта можа быць мазырскі НПЗ і іншыя аб'екты, уключаючы ваенныя. І тут войска
Лукашэнкі нічога зрабіць не зможа.
Але за ўсімі поспехамі УСУ можа быць і адваротны бок. Калі
ўлічыць, што за ударам па Крамлі маглі стаяць расійскія ўлады, каб справакаваць
або апраўдаць «дзеянні ў адказ», то такія «дзеянні ў адказ» могуць быць вельмі
жорсткімі. Пачынаючы ад адкрытага аб'яўлення вайны Украіне (да гэтага Расія
праводзіць «спецыяльную ваенную аперацыю»).
Думаю, гэтага варта чакаць, бо абвяшчэнне вайны азначае
поўную ўцягнутасць расійскага войска ў вайну, уключаючы жаўнераў тэрміновай
службы. Гэта прыцягне за сабой уцягванне беларускага войска ў вайну супраць
Украіны.
Другі момант — рэальная пагроза выкарыстання тактычнай
ядзернай зброі. У гэтым выпадку, на жаль, таксама можа быць выкарыстаная
Беларусь.
— Вядомы інцыдэнт у Мачулішчах, у дачыненні да якога
абвінавацілі СБУ. Але ці выгадна ўкраінскім уладам арганізоўваць дыверсіі ў
Беларусі?
— Тут не ідзе гаворка пра тое, выгадна гэта ці не. Хутчэй, пра тое, што такімі дзеяннямі Украіна можа дэманстраваць, што ў Беларусі няма бяспечных месцаў для Лукашэнкі і ягонага атачэння, і гарантаваць бяспеку яны не ў стане. Калі нават будуць дзейнічаць не дыверсійныя групы, то будуць прылятаць беспілотнікі, як тыя, якія прыляцелі ў Крэмль.
Тое, што разганяецца істэрыка — гэта робіцца прапагандай і ўладамі, каб павысіць мабілізацыйны патэнцыял. «Мы на мяжы вайны, трэба рыхтавацца да вайны», — гэта ўвядзенне ў масавую свядомасць думак, што вайна непазбежная, і ў тым ці іншым выглядзе яна закране Беларусь.