293-ці дзень вайны. У Бранскай вобласці прагрымелі магутныя выбухі
Выбухі ўсё часцей гучаць на тэрыторыі Расіі, дзе палаюць вайсковыя часці і аб'екты ваеннай інфраструктуры.
У Расіі ноч прайшла неспакойна. Гэтым разам «не спалася» жыхарам Бранскай вобласці. Там прагрымелі магутныя выбухі, якія спалоханыя расійцы спачатку нават зблыталі з землятрусам.
У расійскіх пабліках паведамляюць, што «прыляцела» ў вайсковую частку. Прапагандысты кажуць, што Украіна нібыта атакавала Браншчыну з «HIMARS».
«У Клінцах Бранскай вобласці, па паведамленнях
мясцовых, вельмі гучна, дым у раёне вайсковай часткі. Акрамя таго, ёсць звесткі аб выбухах і пажарах у Клімаве Бранскай вобласці», — паведамлялі расійцы.
Мясцовыя жыхары пісалі, што «бабахнула знатна».
Расійцы адчуваюць, што будуць чуць выбухі ўсё часцей, а таму ўжо разважаюць пра
тое, што ім трэба шанаваць кожны дзень. Не абышлося і без «аналітыкі».
У некаторых тэлеграм-каналах нават пачалі вінаваціць камандаванне РФ, якое не
змагло захапіць ва Украіне Чарнігаўскую вобласць.
«Адлегласць да ваенных аб'ектаў у Клінцах і Клімаве Бранскай вобласці для «HIMARS» , як бачыце, цалкам сабе рэальная (далёкасць стральбы ракет «HIMARS», нагадаю, да 84 км), дзякуй вялікім крамлёўскім геастратэгам, якія злілі Чарнігаўскую вобласць», — маркоцяцца расійцы.
Паводле непацверджанай інфармацыі, у адным з месцаў, дзе прагучалі выбухі, знаходзілася стаянка тэхнікі Мінабароны РФ. Аднак РФ пакуль што ніяк не пракаментавала начныя падзеі.
Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) у новай справаздачы
раскрылі страты Крамля і паказалі, якія менавіта магчымасці губляе Уладзімір Пуцін. У сваёй аналітыцы яны прывялі інфармацыю аб тым, што расійскі дыктатар падпісаў
закон аб выдзяленні больш за 9 трыльёнаў рублёў (прыкладна 143 мільярды
долараў) на абарону, бяспеку і праваахоўную дзейнасць у бюджэце на 2023 год.
«Паводле даных Сусветнага банка, гэтая сума складае каля
8% валавога ўнутранага прадукту Расіі ў 2021 годзе. Паводле ацэнкі Мінабароны
Вялікабрытаніі, выдаткі Расіі на абарону значна павялічыліся і складуць больш
за 30% усяго бюджэту Расіі на 2023 год. Такім чынам, Пуцін працягвае марнаваць свой бюджэт на вайну ва Украіне, і ў працэсе гэтага яму, магчыма, прыйдзецца спыніць
фінансаванне іншых міжнародных або ўнутраных кампаній. ISW ужо даўно лічыць,
што расійскія сілы перакідваюць абсталяванне і персанал з іншых зон канфліктаў,
такіх, як Сірыя і Нагорны Карабах, і могуць адмовіцца ад іншых баявых дзеянняў і
аперацый мяккай сілы на карысць працягу зацяжной вайны ва Украіне», — выказаліся эксперты.
На думку аналітыкаў, Пуцін не разумее, чым яму пагражае жаданне працягваць вайну ва
Украіне. Ён не
хоча ахвяраваць сваімі геапалітычнымі амбіцыямі ў
кароткатэрміновай перспектыве, праз што расійскаму дыктатару давядзецца сутыкнуцца з фінансавымі цяжкасцямі. Пуцін не
зможа знайсці балансу паміж сваімі крыважэрнымі мэтамі ва Украіне і жаданнем праводзіць глабальныя кампаніі для
падтрымання сваёй улады.
«Пуцін, напрыклад, працягваў спробы аднавіць пазіцыі Расіі ў Цэнтральнай Азіі, беспаспяхова прапанаваўшы стварыць трохбаковы саюз паміж Расіяй, Казахстанам і
Узбекістанам у канцы лістапада і падчас пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў
Бішкеку ў снежні», — адзначылі эксперты.
У ISW таксама прывялі інфармацыю пра тое, што прапагандысты і
так званыя «ваенкары» РФ ужо выказалі сваю незадаволенасць праз марнаванні Крамля. Так,
яны незадаволеныя тым, што Пуцін выдаткуе мільярды рублёў на стварэнне
рускамоўных школ у Таджыкістане. Прапагандысты мяркуюць, што дыктатар распараджаецца расійскім бюджэтам зусім не так, як трэба.
Да пачатку 2023 года Расія можа цалкам выдаткаваць спраўныя
запасы боепрыпасаў, калі не звернецца па дапамогу замежных пастаўшчыкоў або да
старых запасаў.
Пра гэта «Reuters» распавёў высокапастаўлены ваенны прадстаўнік
Злучаных Штатаў Амерыкі. Паводле яго слоў, цяпер армія Расійскай Федэрацыі
выкарыстоўвае старыя боепрыпасы, якія маюць высокі ўзровень адмоў.
«Яны ўзялі боепрыпасы з састарэлых запасаў, гэта паказвае, што яны гатовыя выкарыстоўваць боепрыпасы, некаторыя з якіх
былі зроблены больш за 40 гадоў таму», — сказаў чыноўнік на ўмовах
ананімнасці.
На яго думку, да пачатку наступнага года Расія можа цалкам
выдаткаваць спраўныя запасы боепрыпасаў. Таксама ваенны прадстаўнік падкрэсліў,
што выкарыстанне старых запасаў спалучана з рызыкай.
«Іншымі словамі, вы загружаеце боепрыпасы, скрыжаваўшы
пальцы, і спадзяецеся, што яны стрэляць або выбухнуць пры прызямленні», — дадаў ён.
У пачатку лістапада ў Белым доме заявілі, што Паўночная
Карэя таемна пастаўляе РФ значную колькасць боепрыпасаў. Акрамя таго, у СМІ
з'яўлялася інфармацыя аб тым, што КНДР шые форму для расійскіх
салдат.
5 лістапада стала вядома, што ў Расію ўпершыню за некалькі
гадоў прыбыў цягнік з Паўночнай Карэі.
Як вядома, раней Расія закупіла ў Ірана дроны-камікадзэ
«Shahed-136» і «Mohajer-6». Улады Ірана доўга адмаўлялі гэта, аднак восенню
прызналіся, што прадалі РФ БПЛА. Паводле іх слоў, пастаўкі адбыліся за некалькі
месяцаў да пачатку поўнамаштабнай вайны.
Раней СМІ пісалі, што Іран рыхтуецца адправіць Расіі каля
тысячы дадатковых адзінак зброі, у прыватнасці, ударныя дроны і балістычныя
ракеты.