Чаму Лукашэнка не хоча, каб ягоная дыктатура стала партыйнай?
«У нас могуць быць толькі дзве партыі: адна пры ўладзе, другая — у турме», — піша ў блогу на Радыё Св*бода Віктар Багдзевіч. На яго думку, Лукашэнка разумее, што «партыя ўлады» — пятае кола ў возе ягонага кіравання.
Лукашэнка даўно ўжо сам сабе партыя. З таго самага часу, як стварыў і адладзіў уласную «вэртыкаль» улады — цалкам ад сябе залежную, паслухмяную, безадмоўную і пакорную.
Ствараючы яе, ён, відавочна, шмат у чым браў за ўзор добра знаёмую яму камуністычную сыстэму — зь яе цэнтралізацыяй улады, жорсткай падпарадкаванасьцю і бескантрольнасьцю. Але цалкам пераймаць савецкі досьвед азначала б дзяліцца гэтай уладай з партыйнымі паплечнікамі.
А навошта ўласнымі рукамі ствараць сабе канкурэнтаў? Усаджваць некага яшчэ на Алімп, калі столькі высілкаў было патрачана на тое, каб побач на гэтым Алімпе нікога не было? І хоць многія з атачэньня Лукашэнкі на працягу прынамсі двух апошніх дзесяцігодзьдзяў падштурхоўвалі да стварэньня кіроўнай партыі, якая б абслугоўвала ягоныя інтарэсы, угаварыць яго так і не ўдалося. Чаму?
«Пры мне ніякай партыі ўлады ня будзе»
Сёлета ў сакавіку здалося: Лукашэнку прыхільнікі ідэі партыі ўлады ўсё ж даціснулі. Пампезны ўстаноўчы з'езд «Белай Русі» ў канцэртнай зале «Мінск», тысячы дэлегатаў і гасьцей з усіх рэгіёнаў, партыйная праграма, у якой партыя абвяшчаецца «аб’яднаньнем прыхільнікаў Лукашэнкі», галоўная мэта якой — «захаваць і разьвіць ягоныя ідэі і прынцыпы». На пачатак траўня ўжо заплянавалі рэгістрацыю новай партыі ў Міністэрстве юстыцыі...
І тым ня менш перамогай прыхільнікаў ідэі кіроўнай партыі назваць гэта зусім не выпадае. Тое, што даціснуць Лукашэнку так і не ўдалося, стала зразумела ў той жа дзень, 18 сакавіка. Раптам выявілася, што сам ён на з'езд не зьявіўся, і для многіх у залі гэта выглядала нонсэнсам, скандалам, а магчыма, і драмай. А яшчэ праз два тыдні ў сваім штогадовым пасланьні Лукашэнка адназначна заявіў, што ніякай кіроўнай партыі кшталту колішняй КПСС пры ім ня будзе: «Я не хачу, каб была няроўнасьць. Не хачу, каб была партыя ўлады і нехта там на ўзбочыне, убаку».
Гіпатэтычны генсак новай партыі Алег Раманаў, вельмі сьцісла і сьціпла камэнтуючы ў сябе на партыйным сайце Лукашэнкава пасланьне, заяву пра тое, што партыі ўлады ў Беларусі ня будзе, увогуле абмінуў увагай. Абмежаваўся дзяжурнымі запэўніваньнямі ў поўнай падтрымцы Лукашэнкавага курсу. І выставіў даволі няўцямны і сумнеўны тэзіс пра тое, што «партыі не павінны быць сіламі, якія змагаюцца паміж сабой».
Цікава, чым жа яны ў такім разе павінны займацца? Вядома, калі б удалося цалкам выбудаваць сістэму савецкага ўзору з манапольнай КПСС, была б іншая справа. Але, паколькі кіроўнай партыі Лукашэнка не дазваляе, усё роўна давядзецца змагацца і спаборнічаць. Хоць бы з партыйнай дынастыяй Гайдукевічаў — хто спрытней і лаўчэй дагодзіць Лукашэнку.
Пятае кола ў фурманцы дыктатуры
Строга кажучы, КПСС у позьнім Савецкім Саюзе не была палітычнай партыяй у клясычным разуменьні, як тое прынята лічыць у дэмакратычным сьвеце, на Захадзе, дзе партыі рэальна змагаюцца за ўладу. Фактычна яна ператварылася ў частку дзяржаўна-бюракратычнага апарату. Такога ж, як цяперашняя лукашэнкава «вэртыкаль».
Колішні першы сакратар райкаму партыі — амаль копія сёньняшняга старшыні райвыканкаму. Такая ж поўная падпарадкаванасьць вышэйшаму «вэртыкальнаму» начальству і такая ж поўная незалежнасьць ад сымпатый і антыпатый мясцовага насельніцтва. Пры камуністычнай сыстэме хаця б існавала бюро райкаму — калегіяльны орган, сякая-такая супрацьвага аўтарытарнай волі першага сакратара.
У цяперашняй Лукашэнкавай сыстэме і гэтага няма: галоўны «вэртыкальшчык» залежыць выключна ад волі Лукашэнкі — толькі перад ім трымае справаздачу і толькі яму ўсім абавязаны. Што для апошняга вельмі зручна.
А партыйныя з'езды? Цяперашнія замацаваныя ў Канстытуцыі «усебеларускія народныя сходы» — амаль дакладная копія з'ездаў КПСС. Зьявіцца партыя ўлады — трэба будзе праводзіць і партыйныя з'езды. Вядома, дэманстрацыя ўсенароднай падтрымкі лішняй не бывае. Але арганізоўваць, фінансаваць, праводзіць два аднолькавыя зьезды з аднымі і тымі ж удзельнікамі і лёзунгамі падтрымкі сябе любімага? Гэта выглядае пераборам нават у сёньняшняй лукашэнкавай Беларусі.
Некаторыя прыхільнікі партыйнага будаўніцтва спрабуюць пераканаць яго: гэтым нібыта ствараецца магутная база ягонай грамадзкай падтрымкі. Якая ў выпадку неабходнасьці абароніць заваёвы ягонага аўтарытарызму, ды і яго самога. Наконт чаго ў Лукашэнкі ёсьць вялікія і небеспадстаўныя сумневы.
Па-першае, у яго на вачах адбываўся крах камуністычнай сыстэмы, якая вонкава выглядала магутнай і непарушнай. І раптам у жніўні 1991-га выявілася, што 20-мільённая партыя развалілася ў адзін момант — і ніводзін з уладальнікаў партбілета ня выйшаў на плошчу, каб абараніць яе ці ейнага генэральнага сакратара.
Па-другое, у Лукашэнкі была нагода асабіста пераканацца ў тым, наколькі можна разьлічваць на дапамогу і падтрымку людзей, якія афіцыйна лічацца ягонымі заўзятымі прыхільнікамі.
У разьліку на партыйную кар’еру
Дарэчы, ніводзін зь лідэраў «Белай Русі» галавакружнай палітычнай кар’еры не зрабіў, партыйным правадыром ня стаў. Хоць мэта стварыць партыю ўлады ставілася, відавочна, ад пачатку, яшчэ з 2004 году, калі пачалі ўзьнікаць першыя суполкі ў рэгіёнах. 17 лістапада 2007 года правялі устаноўчы зьезд новага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», якое ўтрымлівалася пераважна на бюджэтныя грошы. Кіраўніком і заснавальнікам быў прызначаны знаёмы Лукашэнку яшчэ са студэнцкай пары ў Магілёўскім пэдынстытуце Аляксандар Радзькоў.
У жніўні 2011 года тагачасны кіраўнік Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў заявіў: «Пытаньне трансфармацыі грамадзкага аб’яднаньня „Белая Русь“ у палітычную партыю насьпела знутры».
Міналі гады, гатовы праект праўладнай партыі так і заставаўся ляжаць у шуфлядзе, не падпісаны Лукашэнкам. І Рубінаў, і Радзькоў пастарэлі, спакваля страцілі свой уплыў і пасады і былі выпраўленыя на пэнсію. Такая ж доля, відавочна, напаткае і Генадзя Давыдзьку: 68-гадовы дзяяч, які, прыходзячы ў 2018 годзе да кіраўніцтва «Белай Русі», павінен быў удыхнуць у грамадзкую арганізацыю новае жыцьцё, ускладзеных на яго спадзяваньняў яўна не апраўдаў. Можа, у 48-гадовага горадзенскага філёзафа Алега Раманава атрымаецца лепш? Сумнеўна.
Старыя рахункі
І ўсё ж: чаму Лукашэнка так і не пагадзіўся на добра апрабаваны праект партыі сталінскага тыпу? Думаю, многае тут тлумачыцца яшчэ і тым, што ў Лукашэнкі з маладых гадоў ня надта склаліся адносіны з партыйнай намэнклятурай. Пры ўсёй сваёй відавочнай для ўсіх схільнасьці да лідэрства, камсамольскага актывізму і кар’ерызму малады Лукашэнка ў партыйна-дзяржаўны апарат нават нізавога раённага ўзроўню (у райкам партыі ці хоць бы ў райкам камсамолу) ня трапіў. Прыступкі ягонай палітычнай кар’еры ў 70-я — 80-я гады не ўзьняліся вышэй за пасаду партарга ў калгасе імя Леніна (быў камсамольскім сакратаром гархарчгандлю, палітруком у роце, адказным сакратаром у раённым таварыстве «Веды», інструктарам у райвыканкаме...).
Звычайна ў тыя гады маладыя і крэатыўныя камсамольскія актывісты «зь нізоў» мелі магчымасьць хутка пасоўвацца па кар’ернай камсамольска-партыйнай лесьвіцы. Праўда, пры ўмове, што валодалі адпаведнымі асабістымі якасьцямі. Партыя ў той пэрыяд ужо навучылася даволі пільна прыглядацца да тых, хто рваўся «да стырна», і абы-каго ў свае намэнклятурныя рэестры не залічвала. Пры наяўнасьці сумнеўных старонак біяграфіі, адмоўных рысаў характару (канфліктнасьці, агрэсіўнасьці, няўменьня ладзіць зь людзьмі) трапіць у кіроўную эліту было складана. І тое, што партыйна-камсамольская кар’ера маладога Лукашэнкі ў 20-30-гадовым узросьце рухалася не па вэртыкалі, а пераважна па гарызанталі, сьведчыць пра тое, што недзе ў шклоўскіх і магілёўскіх партыйных кабінэтах існавалі да яго сур’ёзныя пытаньні.
Пазьней, у каламутнай вадзе перабудовы і галоснасьці канца 80-х, калі жорсткая партыйная дысцыпліна, патрабавальнасьць да адбору кадраў ды ідэалягічны кантроль аслаблі і дэградавалі, Лукашэнка здолеў злавіць сваю залатую рыбку, якая выканала ўсе ягоныя славалюбівыя патаемныя жаданьні і прыхамаці. Аднак старыя рахункі да колішняй магілёўскай партыйнай намэнклятуры ў яго яўна засталіся.
Калі 11 лістапада 1997 года былога першага сакратара Магілёўскага абкаму партыі Васіля Лявонава пад тэлекамэры выводзілі ў кайданках са службовага кабінэта, пра гэта многія ўспомнілі. І калі ў тым жа 1997-м кінулі за краты славутага магілёўскага старшыню калгаса, двойчы Героя сацпрацы Васіля Старавойтава, таксама ўсплывалі падобныя асацыяцыі.
У 70-я — 80-я гады і Лявонаў, і Старавойтаў былі на недасягальнай для тагачаснага Лукашэнкі вышыні, з высокай доляй верагоднасьці — аб’ектам ягонай зайздрасьці, якія ўвогуле наўрад ці заўважалі нікому не вядомага камсамольскага актывіста, а потым кіраўніка ня надта пасьпяховага саўгаса. Гэта былі палітычныя зоркі той камуністычнай мінуўшчыны, у якой яму, Лукашэнку, месца на небасхіле не было. І калі надышоў ягоны зорны час, менавіта яны спаўна заплацілі за ўсе ягоныя мінулыя крыўды і комплексы.
А падазронасьць і недавер да сыстэмы аднапартыйнай дыктатуры ў яго так і засталіся. Дагэтуль.
Падаецца са скарачэннямі. Захаваны правапіс арыгіналу