Ігар Тышкевіч: Беларуская ўлада гуляе ў «дурня». Які будзе вынік?

Палітычны аналітык, эксперт украінскага Інстытута Будучыні тлумачыць, чаму пры выдатным, на першы погляд, эканамічным і палітычным раскладзе справы ў беларускага рэжыму не самыя лепшыя.

Выява з pikabu.ru

Выява з pikabu.ru


— Беларускае кіраўніцтва заганяе сябе ў пастку, — адзначае аналітык у стрыме на сваім канале. — Так, у чымсьці палітыку беларускіх уладаў можна назваць спробай згуляць у «Дурня». Стаўка — альбо ты пакідаеш у дурнях свайго партнёра, альбо ў дурнях застаешся сам. У прынцыпе, не занадта інтэлектуальная гульня, шырока распаўсюджаная ў былым Савецкім Саюзе. Але ёсць адна праблема. Базавы расклад фармуе Расійская Федэрацыя. З усімі вынікаючымі.

Ігар Тышкевіч звяртае ўвагу, што, на першы погляд, сітуацыя ў Аляксандра Лукашэнкі палепшылася. Грамадскія настроі стабілізаваліся, і ёсць нават пазітыўная дынаміка ў ацэнцы эканамічных перспектыў:

  • 2023 год, магчыма, скончыцца з ростам ВУП, пра што кажуць у тым ліку міжнародныя арганізацыі;
  • ёсць перспектыва адкрыцця новых рынкаў да канца года;
  • магчымы інтарэс іншых цэнтраў сілы да Беларусі (не толькі КНР);

і, нарэшце, Расіі вельмі патрэбная беларуская прадукцыя на гэтым этапе. А значыць, можна «гандлявацца».

— Быццам бы для Лукашэнкі ўсё выдатна складваецца. Але вось гэтае «выдатнае» мае часовыя рамкі — 12-18 месяцаў. Пасля чаго верагодны спад, — лічыць Тышкевіч. — Расійскі рынак — гэта на год-паўтара. Калі ўявіць, што адбываецца замарозка вайны ва Украіне (тое, за што «топіць» Лукашэнка), з Расіі здымаецца значная колькасць санкцый, якія былі накладзеныя праз вайну. А, нагадаю, на Беларусь былі накладзеныя санкцыі і за дэмакратыю, і за вайну. Ці будуць у гэтым выпадку запатрабаваныя беларускія прадукты ў такой меры ў Расійскай Федэрацыі? Натуральна, не.

У выпадку ж завяршэння вайны на карысць Украіны, я думаю, вы разумееце, што чакаць, што афіцыйны Кіеў даруе Лукашэнку і дазволіць пачаць з чыстага ліста, некалькі наіўна.

Тышкевіч таксама мяркуе, што Лукашэнка і яго асяроддзе мае страх страціць уладу і гэта штурхае іх да даволі сумніўных рашэнняў, якія яшчэ больш набліжаюць іх канец.

— Улічваючы рыторыку ў Мінску, гэта страх ад таго, што вонкавыя гульцы раптам наважацца развязаць «праблему Лукашэнкі» яшчэ падчас вайны. І вось як раз-такі гэта з'яўляецца асноўным матыватарам цэлага шэрагу дзіўных рашэнняў.

Адно з такіх — ядзерная зброя як гарантыя бяспекі. Але менавіта гэтае рашэнне прыводзіць да вельмі негатыўных наступстваў і памяншае свабоду манеўру афіцыйнага Мінска, лічыць палітолаг.

— Ёсць актывізацыя самастойнага трэка ў пошуку альтэрнатыўных партнёраў, але паколькі рэзкія рухі ўбок немагчымыя без канфлікту з Расіяй, таму пры размовах пра сапраўдны суверэнітэт Крэмль трымае афіцыйны Мінскі нават не за горла, а ніжэй, — адзначае Тышкевіч.

Аналітык лічыць, што лагічна было б выкарыстоўваць дадзены час для ўмацаванне ўласных пазіцый.

— Але самае пацешнае ў сітуацыі тое, што прымаючы шэраг тактычна ўяўных «выгадных» рашэнняў, атачэнне Лукашэнкі капае сабе палітычную магілу. І вось гэта справядліва нават без уліку знешніх фактараў, — заключае Тышкевіч. — І я па-ранейшаму ўпэўнены, што гэта апошні поўны электаральны тэрмін Лукашэнкі. Да 2025 года, можа нават «абрацца». А вось даседзець далей, хутчэй за ўсё, будзе надзвычай складана. І вінаваты ў гэтым ён сам і ўласнаручна ім створаная сістэма.