«Белая Русь» рыхтуецца да Плошчы?
Рада прапрэзідэнцкага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» ухваліла план удзелу ў выбарчых кампаніях 2019 і 2020 гадоў. Пры гэтым «беларусцы» атрымалі ад свайго лідара, былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі ўстаноўку змагацца з фармалізмам, дзейнічаць больш тэхналагічна і рыхтавацца... да Плошчы.
Апошнімі месяцамі ідзе актыўная рэвізійная мабілізацыя сябраў «Белай Русі» – па
ўсёй краіне праходзяць лакальныя справаздачна-выбарчыя канферэнцыі, а днямі
прайшло пасяджэнне рэспубліканскай Рады. Па словах кіраўніка «Белай Русі»
Генадзя Давыдзькі, «у палітычны сезон, які настае, мы павінны спрацаваць не
толькі больш актыўна, але і больш тэхналагічна».
Пад кожную парламенцкую выбарчую кампанію ўсплывае тэма галасавання па
партыйных спісах і адпаведных правак у заканадаўства. Арыенцірам тут ёсць
акурат разважанні «Белай Русі» наконт пераўтварэння ў палітычную партыю.
Дакладней, разважанні ў Адміністрацыі прэзідэнта. Але, па ўсім, там
па-ранейшаму лічаць, што гэта яшчэ немэтазгодна.
Давыдзька на Радзе заявіў, што на сённяшні момант дадзенае пытанне неактуальнае:
«Нас абсалютна задавальняе статус грамадскага аб'яднання». Бо, маўляў, людзі
аддаюць перавагу асобам і іхнім біяграфіям, а не партыйнай прыналежнасці.
Такім чынам, ніякіх змяненняў у выбарчым заканадаўстве блізкім часам не будзе,
і галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў арганізуюць па
мажарытарнай сістэме.
Але, судзячы па плане ўдзелу «Белай Русі» ў выбарах кіраўніка краіны і ў Палату
прадстаўнікоў, гэтае грамадскае аб'яднанне, па сутнасці, будзе дзейнічаць як палітычная
партыя – «партыя ўлады».
Так, паводле гэтага плану, асобныя памяшканні ў грамадскіх прыёмных абсталююць
пад выбарчыя штабы. «Беларусцы», як звычайна, масава стануць назіральнікамі і
сябрамі выбарчых камісіяў, якія і забяспечваюць вынікі, якія апублічнівае
Цэнтрвыбаркам.
Як у выбарчых камісіях, так і ў самой «Белай Русі» вельмі шмат настаўнікаў. У
адмысловых метадычных рэкамендацыях па правядзенні справаздачна-выбарчай кампаніі
ў структурах аб'яднання ўказваецца, што больш за ўсё «пярвічак» створана
менавіта ў галіне адукацыі – 41% ад іх агульнай колькасці!
Для параўнання, у прамысловасці – 26%, ахове здароўя – 9%.
Усяго ў «Белую Русь» па стане на 1 студзеня 2019 года ўваходзяць 183,5 тысячы
сябраў. Больш за ўсё ў Мінску – 40 тысяч, менш за ўсё на Гродзеншчыне – 18
тысяч. Датычна колькасці сябраў Давыдзька засцерагае ад «паказной масавасці»,
як і ад «робленай актыўнасці». Хіба тут «Белай Русі» для вывучэння сапраўдных
настрояў сваіх членаў можа прыдасца сацыялагічная лабараторыя, пытанне
стварэння якой пры аб'яднанні цяпер абмяркоўваецца.
Хочаце – верце, хочаце – не, але ў згаданай вышэй «метадычцы» сцвярджаецца, што
асноўная крыніца фінансавання дзейнасці аб'яднання – членскія ўнёскі: кожны
сябра плаціць 0,3% месячнага даходу: «Некаторыя арганізацыі атрымліваюць
бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу ад юрыдычных асобаў і працэнты банка за
захоўванне грашовых сродкаў на разліковым рахунку, але доля гэтых даходаў
невялікая і сумы нязначныя».
У плане падрыхтоўкі да выбарчых кампаніяў з боку «Белай Русі» таксама звяртае
ўвагу такі пункт: «Кіраўнікі на месцах павінны дакладна ведаць, з кім яны
будуць узаемадзейнічаць у органах выканаўчай улады».
Што да выбараў кіраўніка краіны, то, па словах Давыдзькі, будзе ўсяляк
падтрыманы Аляксандр Лукашэнка – як «прафесійны палітык міжнароднага маштабу з
агромністым досведам канструктыўнай працы на карысць краіны», цытуе сайт «Белай Русі».
На 95 акругах са 110 будуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты Палаты
прадстаўнікоў сябры «Белай Русі». Цяпер членскі білет аб'яднання маюць 75
«палатачнікаў». Для цікавасці: у Саўміне гэткіх 8 асобаў. Вызначаныя крытэрыі,
якім павінен адпавядаць кандыдат-«беларусец». Так, незалежнасць Беларусі
павінна разглядацца як «незваротны працэс», мусіць быць імкненне падвышаць
дабрабыт людзей без радыкальных рэформаў, трэба «цаніць подзвіг, здзейснены
беларускі народам у гады Вялікай Айчыннай вайны», выбудоўваць знешнюю палітыку
«на грунце адзінства славянскіх народаў» і фармаваць імідж Беларусі «як
рэспублікі міру і згоды».
Што да мабілізавальных установак, дадзеных паплечнікам кіраўніком «Белай Русі»,
то нечакана прагучалі такія словы: «Магчыма, нас ужо заўтра чакае сурʼёзнае
супрацьстаянне. І на ўмоўную плошчу – да нашых палітычных праціўнікаў –
давядзецца выходзіць не толькі са сцягамі, але сціскаючы рукі, зубы, кулакі».