Вернікам падрыхтавацца? Чаго чакаць цэрквам ад будучай перарэгістрацыі
Дзяржава ўжо не хавае, што праводзіць зачыстку прасторы ад нелаяльных суб'ектаў, але чамусьці часам усё яшчэ робіць гэта пад выглядам фармальных працэдур.
![Спачатку дзяржава зачысціла палітычныя партыі, а цяпер узялася за рэлігійныя арганізацыі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Спачатку дзяржава зачысціла палітычныя партыі, а цяпер узялася за рэлігійныя арганізацыі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_belarus_budslau_adnaulenne_2023_fota_novy_czas__3__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Спачатку дзяржава зачысціла палітычныя партыі, а цяпер узялася за рэлігійныя арганізацыі. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Пасля татальнай зачысткі грамадска-палітычнай прасторы беларускі рэжым нахрапам улез у рэлігійную сферу: ліквідавана царква «Новае жыццё». А задуманая рэжымам перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый (не хочаце згадаць вынікі перарэгістрацыі палітычных партый?) пагражае выліцца ў вынішчэнне нелаяльных.
Што адбываецца з царквой на Беларусі пасля 2020 года? Чым пагражае новы закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»? Як ва ўмовах татальных рэпрэсій павядуць сябе вернікі?
Журналіст «BGmedia» пагутарыў з незалежным экспертам Пятром Рудкоўскім.
— Якую ролю і месца заняла БПЦ на чале з мітрапалітам Веніямінам у новай сістэме дзяржаўнай улады пасля 2020 года? Ці можна характарызваць ролю БПЦ словамі класіка: прывадныя рамні беларускага рэжыму і праваднік інтарэсаў РПЦ у Беларусі?
— Нейкай кардынальнай змены пасля 2020 года не адбылося. Так, як і раней БПЦ была падкрэслена лаяльнай да беларускай улады, так і цяпер. Як і раней яна была падкрэслена прарасійскай, так і цяпер. Гэты стан склаўся не ўчора і не пазаўчора, а трывае, можна сказаць, з 1839 года, калі была скасавана ўніяцкая царква ў Беларусі. Розніца паміж станам да 2020 года і пасля палягае, бадай, у тым, што раней было больш свабоды ў плане нізавых ініцыятыў і меншая палітычная дысцыпліна ў дачыненні да святароў, што сугучна з агульнай атмасферай у грамадстве.
— 5 кастрычніка кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веніямін паставіў пытанне пра мэтазгоднасць богаслужэнняў на беларускай мове. Чаму беларуская царква адмаўляецца ад беларускай мовы?
— Дзеля парадку заўважым, што «паставіць пад мэтазгоднасць» не азначае «адмовіцца». З таго, што ведаю: сярод тых, хто выказаліся, большасць — за мэтазгоднасць беларускай мовы. (Вялікая частка проста ўстрымалася.) Я памятаю, гадоў 10-15 назад сайт БПЦ быў выключна на рускай мове. Пазней з’явілася беларускамоўная версія, і яна надалей ёсць. На дадзены момант не даводзіцца казаць пра нейкі разварот у гэтым плане.
Глядзіце таксама
![Каталікі і пратэстанты - ворагі дзяржаўных СМІ? Дзяржаўныя медыя выкідаюць з інфапрасторы каталікоў і пратэстантаў](/img/v1/images/_harodnja_bryhicki_manastyr_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___6__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Як дзяржава ў асобе Лукашэнкі выбудоўвае адносіны з Касцёлам, які актыўна выступіў супраць гвалту?
— У жніўні-верасні 2020 года супраць гвалту выступалі прадстаўнікі практычна ўсіх канфесій — і каталікоў, і праваслаўных, і шэрагу пратэстанцкіх цэркваў. Унутры Каталіцкага касцёла гэтую пазіцыю агучылі як мінімум чатыры іерархі з сямі, што магло стварыць у рэжыму адчуванне, што Касцёл ператвараецца ў апазіцыйную інстытуцыю. У выніку склалася палітыка ў дачыненні да Касцёла, якая ўяўляе з сябе адколванне і ізаляванне некаторых асоб або асяроддзяў (Чырвоны касцёл, рэпрэсіі супраць асобных святароў) пры захаванні выгляду, што ў адносінах да ўсяго Касцёла ў Беларусі дзейнічае статус-кво.
— Ліквідацыя царквы «Новае жыццё», відаць, стане прыкладам лёсу ўсіх пратэстанцкіх цэркваў: найбольш актыўныя цэрквы — ліквідаваць, цішэйшыя — загнаць у падполле?
— Евангельскія і ў цэлым пратэстанцкія цэрквы былі аб’ектам дыскрымінацыі як мінімум з канца 90-х. Пратэстанты становяцца аб’ектам пераследу не абавязкова таму, што ўяўляюць сабой непасрэдную пагрозу рэжыму, а таму, што бачацца ў вачах улад як «іншыя», «непадобныя», «якія-не-пасуюць-да-цэлага» элементы. Сваю ролю адыгрывае тут унутраная асаблівасць пратэстанцкіх і неапратэстанцкіх рухаў. Яны пазбаўлены моцнай іерархіі, не маюць адзінага цэнтра; вельмі дынамічна развіваюцца; паслядоўныя і больш радыкальныя ў вызнаванні веры, не схільныя да дыпламатыі і кампрамісаў у пытаннях, якія лічаць фундаментальнымі для хрысціяніна.
У сувязі з вышэй названым пратэстанты ў вачах улады ўяўляюцца як энергічная непадкантрольная стыхія, ад якой невядома чаго чакаць. У перыяд разгулу рэпрэсіўнай сістэмы такая царква, як «Новае жыццё», якая цягам дваццаці гадоў шмат нацярпелася ад улад, не магла быць пакінута ў спакоі з той простай прычыны, што ў яе ёсць «матыў» не любіць рэжым плюс уласцівая ўсім евангельскім цэрквам прынцыповасць.
Глядзіце таксама
![Беларуская праваслаўная царква прапанавала прытулак украінскім святарам, якіх выганяюць з Лаўры Наталля Васілевіч: БПЦ хайпуе на чужых праблемах, прычым досыць здзекліва](/img/v1/images/_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— БПЦ цалкам падмяць пад сябе, з Касцёлам дамовіцца, пратэстантаў ліквідаваць — гэта і ёсць новая палітыка беларускага рэжыму ў рэлігійнай сферы? Якія рызыкі нясе законапраект «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»?
— Наколькі разумею, гаворка ідзе пра новую рэдакцыю законапраекта «Аб свабодзе сумлення» (бо сам закон існуе з 90-х). На дадзены момант заўчасна казаць пра рызыкі, бо ў самім тэксце законапраекта прадугледжаны даволі касметычныя змены. Многае залежыць ад правапрымянення, таго самага працэсу перарэгістрацыі. Можа быць так, што ў выніку перарэгістрацыі будуць скасаваны некаторыя пратэстанцкія цэрквы. Паўстаюць некаторыя апасенні за ўніяцкую царкву, але думаю, што аж да такога не дойдзе.
— Бюджэтнікаў можна прымусіць пайсці на суботнік ці на лукашэнкаўскі мітынг, але вернікаў не зацягнеш у дзяржаўную царкву на ланцугу. Якую лінію паводзін абіраюць беларускія вернікі ў гэтай сітуацыі?
— Дзяржаўнай царквы ў Беларусі няма, ёсць толькі цэрквы, кааптаваныя дзяржавай (схіленыя на свой бок у меншай ці ў большай ступені). Вернікі ў большасці не ўспрымаюць цэрквы праз прызму «прарэжымная» ці «антырэжымная». Цэрквы ўспрымаюцца перадусім як прастора літургіі, абрадаў, чытання і тлумачэння Бібліі або вучэння Айцоў Царквы. Сярод той меншасці, для якіх пытанне стаўлення да рэжыму істотнае, выбіраюць адно з двух: або талераванне непрымальнай для іх угодніцкай пазіцыі іерархаў у імя захавання еднасці з царквой з рэлігійных прычын, або сыход з царквы ці пераход да іншай.