Дзяржаўныя медыя выкідаюць з інфапрасторы каталікоў і пратэстантаў

Выключэнне вернікаў з павесткі дзяржСМІ адбываецца паступова, але ўжо заўважна. Цяпер для ўлад існуе толькі БПЦ.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У асвятленні рэлігійнага жыцця ў Беларусі стала відавочнай новая тэндэнцыя. Як заўважыў «Media IQ», з навінавай павесткі дзяржаўных выданняў практычна зніклі каталікі і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. У той час як у навінах на дзяржТБ і ў электронных выданнях працягваюць асвятляць мерапрыемствы Беларускай праваслаўнай царквы.

Амаль нічога не расказалі цэнтральныя дзяржмедыя пра галоўную падзею года ў жыцці беларускіх каталікоў — фэст у Будславе, які праходзіў з 30 чэрвеня па 1 ліпеня. Традыцыйна тысячы паломнікаў прыбылі ў Нацыянальны санктуарый, правялі ўрачыстую працэсію са свечкамі і копіяй цудатворнага абраза. Раней кожны год гэта мерапрыемства станавілася інфармацыйнай нагодай для цэнтральных СМІ: выходзілі падрабязныя сюжэты, вялікія фотарэпартажы.

Аднак сёлета, нягледзячы на асаблівую нагоду ўрачыстасцей у Будславе (юбілей каранацыі абраза і прыезд спецпасланніка Папы Рымскага), дзяржмедыя расказалі пра фэст толькі ў прывязцы да ўдзелу ў мерапрыемствах чыноўнікаў. «У Будславе прайшло гашэнне знака паштовай аплаты «25-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай» — публікацыя з такім загалоўкам і фота старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына на першым плане стала асноўным матэрыялам інфармагенцтва БелТА пра каталіцкае свята.


Глядзіце таксама

Таксама былі апублікаваны некалькі фота, якія не адлюстроўвалі масавасці мерапрыемства, і амаль на ўсіх здымках былі чыноўнікі. Другі матэрыял з Будслава, які ў гэты дзень апублікавала БелТА, — з цытатай Турчына пра тое, што «дзяржава дапаможа ў аднаўленні храма пасля пажару».

Не было рэпартажаў пра свята ні ў «СБ. Беларусь сёння», ні ў іншых дзяржвыданнях — толькі перадрукі з БелТА. Адзіным тэлеканалам, які адносна падрабязна расказаў пра фэст, стаў «Беларусь 1», але акцэнт таксама быў зроблены на ўдзеле ў свяце ўлад і на словах Турчына пра дапамогу дзяржавы ў аднаўленні храма. Пры гэтым дзяржТБ змаўчала пра тое, што касцёл знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей, а грошы на аднаўленне храма пасля пажару прыход збіраў у выглядзе ахвяраванняў ад грамадзян.

Дарэчы, нагадваючы пра ўзгаранне ў Будславе, па «Беларусь 1» паказалі кадры пажару не ў гэтым беларускім храме, а ў парыжскім саборы Нотр-Дам.

Скрыншот з відэа тэлеканала «Беларусь 1». MediaIQ

Скрыншот з відэа тэлеканала «Беларусь 1». MediaIQ

Тое, што выключэнне каталікоў з медыяпрасторы з'яўляецца мэтанакіраваным, свята ў Будславе толькі пацвердзіла. Раней аніводнае дзяржСМІ не расказала пра іншую найважнейшую ў жыцці каталікоў падзею — шматлюдную працэсію Божага Цела, якая прайшла ў Мінску 11 чэрвеня.

Гэта выглядае дзіўным, паколькі масавае шэсце вернікаў у цэнтры сталіцы з'яўляецца відавочнай інфармацыйнай нагодай. Тым больш кожны год, і 2022-гі не стаў выключэннем, рэпартажы пра працэсію Божага Цела ў Мінску выходзілі ў галоўных дзяржвыданнях, у тым ліку ў «СБ. Беларусь сёння» і ў інфармацыйным агенцтве БелТА.

Сёлета падзею праігнаравалі як цэнтральныя тэлеканалы, так і электронныя дзяржмедыя. Прамаўчалі нават агенцтва «Мінск-Навіны» і канал «Сталічнае тэлебачанне».

Пра працэсію паведамілі толькі недзяржаўныя выданні. Аднак большая частка іх абвешчана «экстрэмісцкімі», а сайты на тэрыторыі Беларусі заблакіраваны, таму нават з дапамогай пошукавікаў беларуская аўдыторыя ўнутры краіны з цяжкасцю можа даведацца пра падзею, якая адбылася.

Нічога не паведамляюць дзяржмедыя і пра жыццё пратэстанцкіх вернікаў — нават пазітыўнага. Чакана не расказалі праўладныя СМІ і пра разбурэнне малельнага дома суполкі «Новае жыццё» ў Мінску. Гісторыя супрацьстаяння ўлад і пратэстанцкай царквы цягнецца з 2005 года: тады горад вырашыў выселіць «Новае жыццё» з займанага ім будынка, які быў адрамантаваны сіламі вернікаў на месцы кароўніка. Ціск на іх узмацніўся ў пачатку 2021 года — праз тое, што ў 2020-м пастар «Новага жыцця» рэзка асудзіў беззаконні і зверствы. На месцы малельнага дома ўлады плануюць пабудаваць школу.

Нагадаем, з 30 чэрвеня па 2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Бусдлаўскай адбыліся штогадовыя ўрачыстасці, сёлета прымеркаваныя да юбілею (25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза), дзе галоўным госцем стаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Папа Францішак прызначыў яго сваім спецыяльным пасланнікам на будслаўскіх урачыстасцях.