«Вы надзвычай прыгожы народ». Што казалі каталіцкія біскупы ў Будславе

З 30 чэрвеня па 2 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Бусдлаўскай адбыліся штогадовыя ўрачыстасці, сёлета прымеркаваныя да юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Фота: Павел Хадзінскі

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Фота: Павел Хадзінскі

Галоўным госцем стаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Папа Францішак прызначыў яго сваім спецыяльным пасланнікам на будслаўскіх урачыстасцях.

Папскі пасланнік прыехаў у краіну, дзе рэпрэсуюць святароў і вернікаў, дзе імкнуцца абмежаваць свабоду рэлігіі праз новы закон, дзе каталікам так і не вярнулі адабраны ў мінулым годзе Чырвоны касцёл. 

Праз гэтую оптыку Хрысціянская Візія паглядзела, што казалі на будслаўскіх урачыстасцях біскупы.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці шмат падбадзёрваў і акцэнтаваў на “беларускасці” каталікоў у краіне. Біскуп Алег Буткевіч быў асцярожны ў выказваннях, але трапны. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі традыцыйна пералічваў прадстаўнікоў улады, якім хацеў падзякаваць.

Вітаючы пілігрымаў, Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што мясцовыя каталікі вядомыя тым, што размаўляюць па-беларуску, і папрасіў перакладчыка тлумачыць ягонае пасланне на беларускую мову. “Вы надзвычай прыгожы народ! Папа Францішак ведае гісторыю вашага народа; усё, што вам давялося перажыць, усе вашыя цяжары, і хоча сказаць вам: «Я з вамі! »“ — падкрэсліў папскі пасланнік.

Арцыбіскуп папрасіў таксама прывітаць воплескамі тых, хто знаходзіцца далёка, і ўзнесці ў іх інтэнцыі малітвы. Разам з тым іерарх падкрэсліў, што “пілігірымаваць — гэта значыць быць з народам, быць салідарным”.

Іерарх адзначыў, што хоць беларускі народ і спазнае няшчасці і разгубленасць, але з’яўляецца моцным, і калі будзе звяртацца  да Маці Божай Будслаўскай, абавязкова будзе выслуханы.“Кожны з вас недатыкальны і важны ў вачах Бога, мае бязмерную годнасць, якую ніхто і нішто не зможа разбурыць”, — падсумаваў арцыбіскуп Гуджэроцці.

Біскуп Алег Буткевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Біскуп Алег Буткевіч. Фота: Павел Хадзінскі

Біскуп Буткевіч у сваю чаргу заўважыў, што “народ трымаецца толькі тады, калі захоўвае духоўныя каштоўнасці” і заклікаў не чакаць іншага папярэджання, калі ўжо і так “напружанасць у свеце не знікае, і нават у нас войска прыводзяцца ў баявую гатоўнасць”. Юбілей каранацыі цудадзейнага абраза іерарх пажадаў усім выкарыстаць як штуршок да адновы.

Арцыбіскуп Станеўскі акрамя ўладаў падзякаваў таксама вернікам мінскай парафіяльнай супольнасці Сымона і Алены за перадачу Папе Рымскаму копіі абраза Маці Божай Будслаўскай, не ўзгадваючы аднак складаную сітуацыю вакол Чырвонага касцёла.

Арцыбіскуп Юзэф Станеўскі. Фота: Павел Хадзінскі

Арцыбіскуп Юзэф Станеўскі. Фота: Павел Хадзінскі