Розныя «вобразы Беларусі»: як нас бачаць за мяжой і што на гэта ўплывае

Па-ранейшаму складана аддзяліць Беларусь ад Лукашэнкі і народ ад рэжыму.

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Нарвегію ў 2021 годзе

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Нарвегію ў 2021 годзе

«Цэнтр новых ідэй» падзяліўся вынікамі маніторынгу вобраза Беларусі ў замежных СМІ і вывучыў магчымасці ўплыву дыяспары на тое, што думаюць пра нашу краіну ў свеце. Даследчыкі Генадзь Коршунаў і Леся Руднік расказалі, як змянілася асвятленне Беларусі ў заходніх медыя і якія выклікі стаяць перад «амбасадарам»і Беларусі за мяжой. 

Замежныя СМІ глядзяць на Беларусь праз прызму вайны і realpolitik

Маніторынг «Цэнтра новых ідэй» паказвае, што ўвага да Беларусі працягвае падаць. Гэта адлюстроўваецца і праз меншую колькасць артыкулаў пра Беларусь у выданнях іншых краін, за выключэннем краін-суседак. Акрамя таго, увага да беларускага грамадства змяншаецца на фоне асвятлення дзеянняў і пастаноў рэжыму ў Беларусі, Аляксандра Лукашэнкі ў прыватнасці. Беларусь агулам становіцца медыйнай нагодай у прывязцы да развіцця ваенных падзей ва Украіне

У сувязі з гэтым расце і колькасць згадак Лукашэнкі ў параўнанні са згадкамі Ціханоўскай. Хаця Лукашэнку і апісваюць як дыктатара ці аўтакрата, «прэзідэнтам» замежныя медыя называюць яго таксама нярэдка. Ціханоўскую часцей за ўсё апісваюць як лідарку дэмакратычных сіл. 


Глядзіце таксама

Беларусаў замежныя медыя акрэсліваюць як ахвяр рэжыму, радзей – як агрэсараў, а таксама ў польскіх і ўкраінскіх медыя падкрэсліваецца падтрымка часцінай беларусаў боку Расіі ў вайне з Украінай.

Хаця частка трэндаў у медыяасвятленні Беларусі тлумачыцца хуткім цыклам навін на фоне штораз часцейшых канфліктаў і іншых падзей, нельга цалкам адмаўляць ролю беларускіх дэмакратычных палітыкаў, а таксама беларусаў замежжа ў фармаванні іміджу краіны і падтрыманні інфармацыі пра яе ў павестцы. 

Розныя вобразы Беларусі ў цэнтрах эміграцыі

На фармаванне беларускіх вобразаў у краінах пражывання беларусы замежжа намагаюцца ўплываць перадусім праз правядзенне масавых вулічных акцый і больш кулуарных імпрэз. Асноўнымі сэнсамі, якія прасоўваюць беларусы, з’яўляюцца: размежаванне беларускага грамадства і рэжыму Лукашэнкі; асуджэнне вайны і падтрымка Украіны; палітвязні і памеры рэпрэсій у Беларусі.

Гэтую дзейнасць дыяспары пачалі весці яшчэ ў 2021–2022 гадах. Рэспандэнты адзначаюць, што для прасоўвання «беларускіх вобразаў» вельмі не хапае пазітыўных і арыентаваных на перспектыву прапаноў.


Глядзіце таксама

Вынікі інтэрв’ю з актывістамі дыяспар Польшчы, Літвы і Грузіі ілюструюць, што ад краіны да краіны «беларускія вобразы» адрозніваюцца, перш за ўсё, праз актуалізацыю зместаў з розных сэнсавых набораў і апеляцыі да розных гістарычных перыядаў.

У Грузіі сярод старэйшага пакалення дасюль пашыраны абстрактна-стэрэатыпны вобраз Беларусі, што складаецца з «сацыяльнай дзяржавы», заводаў, якія працуюць, чысціні і агульнага парадку ў краіне. Гэта можна патлумачыць прарасійскай пазіцыяй кіруючай партыі і досведам асабістых людскіх адносінаў яшчэ з савецкага часу. Сярод больш ліберальнай грузінскай моладзі шырэй распаўсюджаныя веды пра беларускія пратэсты 2020-га года і рэпрэсіі рэжыму супраць грамадства. Праз тое грузінская моладзь выяўляе больш спачування Беларусі, якая змагаецца з дыктатурай.

У Польшчы вобраз Беларусі мае больш выразны характар, дзе дзяржава і грамадства супрацьпастаўляюцца. Беларусь успрымаецца хутчэй як краіна, зняволеная дыктатурай. Важнымі фактарамі пазітыўнага стаўлення да «пратэснай» Беларусі з’яўляюцца шматлікія сваяцкія сувязі палякаў з жыхарамі Беларусі, а таксама гістарычныя паралелі паміж эпохай «Салідарнасці» і сучаснымі беларускімі працэсамі. Варта асобна адзначыць станоўчы вобраз беларускіх НКА сярод польскіх калег. Фармаванню такога стаўлення паспрыялі высокая актыўнасць і эфектыўнасць беларускіх арганізацый падчас наладжвання дапамогі ўкраінскім уцекачам у 2022-м годзе, калі беларусы дзяліліся сваім багатым досведам у справе дапамогі пацярпелым і эвакуантам.


Глядзіце таксама

Больш складаную сітуацыю рэспандэнты бачаць у Літве. З падачы палітыкаў правых поглядаў (меркаванне рэспандэнтаў) пашыраюцца абвінавачанні беларусаў у прыхільнасці да ідэй «радыкальнага літвінізму». Погляд на беларусаў як на агрэсараў фактычна засланіў сабой і вобраз Беларусі як краіны, дзе адбываюцца рэпрэсіі супраць грамадства. На другі план адышоў і вобраз самога беларускага грамадства, якое змагаецца з рэпрэсіўным рэжымам Лукашэнкі. Рэспандэнты адзначаюць, што абвінавачанняў у іх бок пакуль няма ў бытавым жыцці, а беларусы працягваюць карыстацца рэпутацыяй працавітых, адказных і дысцыплінаваных людзей.

Перамагчы імідж «Беларусь – гэта Лукашэнка» праз узмацненне супольнасці дыяспар 

Зацягнутая рэлакацыя беларусаў з краіны непазбежна вядзе да большай асіміляцыі яшчэ нядаўніх беларускіх рэлакантаў. Так, прасоўванне беларускай павесткі становіцца задачай дэмакратычных палітыкаў, актывістаў і ўжо часткова прафесіяналізаваных дыяспар. Менавіта гэтыя групы ў будучыні могуць займацца стварэннем агульнага і сінхранізаванага вобразу Беларусі за мяжой.


Глядзіце таксама

Прасоўванне гэтага вобразу – складаная задача і ўключае ў сябе шмат складнікаў: ад палітычных заяў і кантактаў з палітыкамі да культурніцкіх падзей у краінах пражывання і прасоўвання інфанагод праз СМІ. Стварэнне сеткі беларускіх амбасадараў сярод лідараў думкі іншых краін можа стаць дадатковым інструментам удасканалення працы беларусаў замежжа. Гэтыя крокі магчымыя толькі праз падтрыманне шчыльных сувязей паміж прадэмакратычнай супольнасцю замежжа.