Данііл Гаркавы: «Час ідзе, і Беларусь пашыраецца геаграфічна»

Прадстаўнік Офіса Ціханоўскай па знешніх сувязях Данііл Гаркавы расказаў у размове са «Свабоднымі навінамі» пра працу беларусаў замежжа. 

Беларусы Кіпра ў 2021 годзе. Фота ад чытачоў «НЧ»

Беларусы Кіпра ў 2021 годзе. Фота ад чытачоў «НЧ»

Першага чэрвеня новым кіраўніком аддзела па знешніх сувязях Офіса Святланы Ціханоўскай прызначаны Данііл Гаркавы. «Свабодныя навіны» пагаварылі з ім пра тое, якіх канкрэтных вынікаў удалося дамагчыся ў працы з беларускай дыяспарай і што яна наогул сабой уяўляе.

— На канферэнцыі беларусаў свету ў верасні 2021 года розныя дыяспаральныя структуры сабраліся ў адной прасторы, у адным месцы, каб у цэлым паказаць, хто ёсць хто: пазнаёміцца, абмяняцца кантактамі, — такое маштабнае знаёмства.

Што такое дыяспара? Існуюць шматлікія розначытанні гэтага паняцця. Гэта беларусы, якія жывуць за мяжой, бачаць сябе грамадзянамі той ці іншай краіны, а ў Беларусь, хутчэй за ўсё, не плануюць вяртацца; магчыма, яны зацікаўленыя ездзіць да блізкіх, родных, на мерапрыемствы. Але класічная трактоўка дыяспары — гэта беларусы, якія пражываюць у іншых краінах, але па-ранейшаму лічаць сябе беларусамі.


Глядзіце таксама

У нашым выпадку пад дыяспарамі мы маем на ўвазе больш НДА, НКА, ініцыятывы, суполкі, арганізацыі, фонды, якія праз аб'ектыўныя прычыны не могуць фізічна быць у Беларусі, але іх фокус працы, павестка, цікавасць знаходзяцца ўсё-ткі ўнутры рэспублікі.

Далёка не факт, што многія людзі, якія стаяць за дыяспаральнымі структурамі і ініцыятывамі, у будучыні вернуцца ў краіну: некаторыя за мяжой знаходзяцца даўно, некаторыя апынуліся тут пасля 20-га года. «Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"» — класічная дыяспаральная структура, з якой мы таксама працуем.

Другую канферэнцыю беларусаў свету я арганізоўваў у якасці каардынатара па працы з дыяспарамі. Можа скласціся ілжывае ўяўленне, што мы працуем з ужо аселымі за мяжой. На самай справе наша праца заключаецца больш з інстытуцыянальнымі структурамі — не абавязкова юрыдычна зарэгістраванымі, але з тымі, што маюць унутраную структуру, мэты і місіі, чый фокус дзейнасці накіраваны ўнутр Беларусі. Мабыць, адзінае, што іх радніць з класічнымі дыяспаральнымі структурамі, – яны таксама фізічна знаходзяцца за мяжой.

Пасля маштабнага знаёмства ў 2021 годзе стала зразумела, што ранейшыя фарматы супрацоўніцтва выдыхаюцца. Першы час мы арганізоўвалі каардынацыйныя сазвоны, падчас якіх абменьваліся інфармацыяй, павесткамі, планамі – гэта была досыць інтэнсіўная і шчыльная двухбаковая сувязь.

Як Офіс мы бралі на сябе каардынуючую ролю. Але тады ўсё яшчэ былі спадзевы на хуткі вынік; першы шок ад таго, што перамены не здарыліся за два-тры месяцы, прайшоў, вымалявалася новая часавая перспектыва – яшчэ год-два. І калі мы жывём такімі дэдлайнамі, то зусім інакш фармуем і павестку, наша праца адбываецца досыць агрэсіўнымі тэмпамі.

А вось адваротны бок гэтага працэсу складаецца ў тым, што такі тэмп зусім вымотвае, высільвае і выпальвае рэсурсы. Многія сталі ахвярамі такой працы: стаміліся і выгаралі, страцілі былую сабранасць. Выгаранне ўдарыла не толькі па дыяспаральных структурах і арганізацыях, але і па палітычных цэнтрах, у тым ліку закранула мяне самога, маіх калег.


Глядзіце таксама

У сукупнасці ўсё прывяло да таго, што інтэнсіўнасць ўзаемадзеяння пачала зніжацца, з'явіліся складанасці ў камунікацыі, у супрацоўніцтве. Зараз дэмакратычны рух, як вы бачыце, канцэнтруецца ўжо не толькі на сваёй асноўнай задачы, але і абараняе інтарэсы розных груп.

Паколькі ў Беларусі да 2020 года жылі па прынцыпе «лепш маўчаць і не высоўвацца», і да гэтага часу, як мне здаецца, мы знаходзімся ў працэсе фармавання культуры грамадскага дыялогу, то цалкам натуральна, што працэс часам набывае складаныя формы: не зусім карэктныя, не зусім канструктыўныя.

Давайце ўспомнім сітуацыю лютага 2022 года, апошняга рэферэндуму, калі вельмі складана было прыйсці да адзінай стратэгіі, многія актары цягнулі коўдру на сябе, прадстаўляючы сваю мадэль паводзінаў адзіна правільнай. Незалежна ад мадэлі паводзінаў, галоўнай мэтай было дзейнічаць адзіным фронтам.

Гэта не пра тое, што «партыя загадала – народ выканаў», гэта пра дамоўленасці, пра здольнасць дзейнічаць па адзіным плане. Дэмакратычнаму руху такой здольнасці пакуль не хапае.

Ёсць яшчэ адна асаблівасць дыяспаральнага руху. Мы ўсе беларусы, але сёння Беларусь – гэта адна вялізная краіна па ўсёй Еўропе, па ўсёй Амерыцы. Безумоўна, мы маем магчымасць кантактаваць па відэасувязі, але, як паказала практыка, гэта не замяняе жывога дыялогу; чалавечы фактар слабее падчас працяглага акантактавання пры пасярэдніцтве тэхналогій.

Уся сукупнасць фактараў стала падставай для склікання другой дыяспаральнай канферэнцыі, каб мы, ужо знаёмыя паміж сабой, прыехалі, сустрэліся, пагаварылі адно з адным. Канферэнцыя складалася з дыскусійных панэляў у першы дзень і групавой працы — у другі, але адзін з галоўных складнікаў канферэнцыі — кулуарныя размовы падчас кава-брэйкаў. Шмат у чым дзеля рэальны жывых зносін усё гэта і было задумана.


Глядзіце таксама

Адна з галоўных маіх задач складалася ў тым, каб улічыць крытыку, якая паступала на наш адрас, і зрабіць так, каб арганізацыйныя хібы не сталі перашкодай для сумеснай працы ў будучыні. Таму мы загадзя запусцілі форму збору прапаноў, стэлефаноўваліся з некаторымі дыяспаральнымі структурамі, каб абмяркоўваць праграму працы: першы варыянт працы быў дастаткова моцна раскрытыкаваны, таму з'явіўся другі, які адпавядаў, як мне здаецца, запытам і інтарэсам большасці ўдзельнікаў. Мы не рабілі персанальных запрашэнняў на канферэнцыю. Мне здаецца, удалося сфармаваць прастору, дзе кожны ўдзельнік адчуваў сябе паўнавартасным суарганізатарам мерапрыемства, на роўных з усімі.

Досыць часта нас папракаюць у тым, што палітычныя цэнтры адарваліся ад зямлі, перастаюць чуць ядро актыву і ўжо тым больш шараговых беларусаў. Адной з задач канферэнцыі якраз і было змяншэнне дыстанцыі паміж палітычнымі цэнтрамі і дыяспарай. Асноўнай місіяй канферэнцыі стала абнаўленне нашых кантактаў, даверу адно да аднаго, нашай здольнасці разумець адно аднаго, якая, як мне здаецца, у пэўнай ступені і была дасягнутая.

Вядома, абмяркоўваліся і сумесныя планы на 2023-2024 гады: хоць агульная мэта застаецца ранейшай, але час ідзе, Беларусь пашыраецца геаграфічна, пашыраецца ў сваіх памерах, таму перад намі паўстае больш выклікаў і больш задач. Праблемы цяпер сканцэнтраваныя не толькі ўнутры краіны, але і па-за яе межамі.

— Якія дыяспаральныя структуры вам удалося завабіць у сваю арбіту?

— Зраблю агаворку: наша роля — гэта не куратарства, а хутчэй каардынацыя. Усе дыяспаральныя структуры і арганізацыі самастойныя ў сваіх дзеяннях, ім не патрэбныя куратары і ўказанні звонку – усё гэта выразна адчуваецца ў працэсе камунікацыі.

На канферэнцыю прыехалі 138 удзельнікаў (гэта не ўсе структуры, з якімі мы кантактуем). Ніколі не лічыў колькасць арганізацый, з якімі мы маем пастаянныя сувязі, але наўскідку магу сказаць, што іх не менш за 50. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра найбліжэйшыя краіны Еўропы і Еўрасаюза, арганізацыі з ЗША, Канады, Паўднёвай Амерыкі; ёсць дыяспаральныя структуры, якія да пачатку вайны знаходзіліся ва Украіне, але вымушаныя былі з'ехаць; да майго захаплення, засталіся беларусы, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ва Украіне — і нават яны змаглі прыехаць на канферэнцыю.


Глядзіце таксама

З некаторымі мы падтрымліваем інтэнсіўную і рэгулярную сувязь — напрыклад, з народнымі амбасадамі; з некаторымі маем зносіны радзей — у асноўным, пад канкрэтныя мерапрыемствы і кампаніі…

— Прабачце, 50 дыяспаральных структур, з якімі вы падтрымліваеце сувязь, прадстаўляюць увесь спектр беларускай дыяспары?

— Не думаю, што гэта ўсе структуры.

Увосень 2022 года я ездзіў на першы З'езд беларусаў Чэхіі. Адным з прыемных адкрыццяў стала тое, што ў краінах існуюць невялікія па колькасці людзей арганізацыі, суполкі, часам нават адзін чалавек – але ўжо вочка. Такія людзі не ставяць перад сабой глабальных задач, таму ў іх няма неабходнасці пастаяннай сувязі з палітычнымі цэнтрамі. Напрыклад, я даведаўся пра дзяўчыну, якая займаецца адвакатаваннем страхавой медыцыны для дзяцей, для беларускіх дзяцей. Яна робіць вельмі важную працу, але ў яе няма неабходнасці падтрымліваць пастаянную сувязь з Офісам. І такіх прыкладаў — мноства.