«Хуткасць закрыцця межаў наўпрост карэлюе з узроўнем агрэсіі беларускіх дзяржСМІ»
Літва рыхтуецца закрыць яшчэ адзін памежны пераход з Беларуссю — Шальчынінкай (сумежны — Беняконі). Такім чынам гэтая краіна рушыць прыкладу Польшчы і Латвіі, пакінуўшы толькі адзін памежны пераход з Беларуссю.
Тэрміны закрыцця памежнага пераходу невядомыя, у літоўскіх палітычных колах называюць дату — не раней чым праз 3-6 месяцаў. Літва такім чынам спрабуе паменшыць плынь беларусаў, якія ўязджаюць у краіну, а таксама процідзейнічаць кантрабандзе.
Пры гэтым мяркуецца, што Мядзіненкай (сумежны — Каменны Лог) запрацуе на поўную магутнасць пасля рэканструкцыі.
Бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч, адзначае, што цяпер на літоўскіх памежных пераходах сабралася шмат легкавікоў і аўтобусаў, і час чакання складае каля сутак. Хуткасць жа афармлення грузавых аўтамабіляў у гэтым напрамку складае 1 за 8 гадзін.
— І можна колькі заўгодна вінаваціць у тэлевізары саміх літоўцаў у «страляніне ў нагу» і нанясенні самім сабе шкоды, можна фантазіяваць на тэму няшчасных літоўцаў, якія прастойваюць у гэтых чэргах дзеля танных беларускіх прадуктаў мяса-малочнай галіны.
Факт застаецца фактам, справа рухаецца да «жалезнай заслоны», з трыма кантраляванымі ўваходамі-выхадамі, па адным у кожную з еўрапейскіх краін — Польшчу, Літву і Латвію.
Так, ёсць некаторая, вымяраная долямі адсоткаў, узаемная шкода эканомікам. Але меркаванні бяспекі пераважаюць, і хуткасць закрыцця межаў наўпрост карэлюе з узроўнем абвінавачванняў і агрэсіі рэтрансляваных айчыннымі дзяржСМІ ў дачыненні да гэтых краін.
Радавацца, шчыра кажучы, няма чаму. Чым цяжэй шлях на захад, тым лягчэй шлях на ўсход, што ж тут добрага.
Што ж тычыцца «няшчасных літоўцаў» у чэргах, то тут, магчыма, літоўскі ўрад, пры прыняцці рашэнняў, абапіраецца на транспартную статыстыку.
Так, па беларускім «бязвізе» ёсць некаторы паток, прыблізна 25 тысяч чалавек у месяц, але, адначасова, колькасць пасажыраў, якія абслугоўваюцца літоўскімі аэрапортамі ў месяц складае 500 тысяч чалавек.
І хай гэтую лічбу трэба падзяліць на два (узлёт і пасадка) і адняць нейкую частку беларусаў, якая прыходзіцца на транзіт, усё роўна, і пры гэтых карэкціроўках, суадносіны літоўцаў якія імкнуцца ў Беларусь да літоўцаў, якія кудысьці вандруюць самалётамі, будзе прыкладна 1 да 10-ці.
Не, не на карысць Беларусі.