Лукашэнка загадаў на мяжы страляць на паражэнне, на Брэстчыне — зборы на 1000 вайскоўцаў
У Брэсцкай вобласці абвясцілі аб прызыве на зборы ваеннаабавязаных больш за 1000 чалавек, паведамляе БелТА.
Ваенныя камісарыяты Брэсцкай вобласці ў рамках праверкі баявой гатоўнасці ажыццяўляюць прызыў і адпраўку ваеннаабавязаных у адну з воінскіх часцей Узброеных сіл, усяго прызавуць больш за 1000 чалавек, гаворыцца ў паведамленні.
«У нашай дзяржаве ўжо на працягу двух тыдняў праходзіць праверка Узброеных сіл. Ваенныя камісарыяты Брэсцкай вобласці з учорашняга дня пачалі абвестку, збор і з 26 сакавіка — пастаўку ваеннаабавязаных у адну з воінскіх часцей УС. Сёння ў асноўным адпраўляем афіцэраў і аргядро», — распавёў ваенны камісар Алег Канавалаў.
Ва Узброеныя сілы прызавуць больш за 1 тысячу ваеннаабавязаных. Іх адпраўка ў Брэсцкай вобласці будзе працягвацца на працягу тыдня. Першыя ваеннаабавязаныя сёння прыбылі ў Брэст на зборны пункт для адпраўкі. Падчас ваенных збораў ім трэба будзе аднавіць навыкі па сваіх ваенна-ўліковых спецыяльнасцях. Яны азнаёмяцца з новымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, піша дзяржагенцтва.
«Кожны грамадзянін нашай краіны, у першую чаргу мужчына, павінен быць гатовы абараніць сваю радзіму, сям'ю, дом. Для гэтага і праводзяцца зборы. Узброеныя сілы рухаюцца наперад, мадэрнізуюцца і ўдасканальваюцца, паступаюць новыя ўзоры тэхнікі. Ваеннаабавязаныя таксама павінны разумець і ведаць, што сёння стаіць на ўзбраенні, як эксплуатаваць гэтую тэхніку», — сказаў ваенкам Брэсцкай вобласці.
Тым часам Лукашэнка сёння наведаў Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці, што непадалёк ад мяжы з Літвой.
Апрануўшы вайсковую форму, ён прыбыў на ўчастак мясцовасці, дзе праводзяцца мерапрыемствы праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей. І, як піша яго прэс-служба, «даручыў жорстка рэагаваць на магчымыя правакацыі на мяжы з боку сумежных дзяржаў».
«Публічна скажу: любая правакацыя павінна спыняцца ўзброеным шляхам. Няма чаго з імі жартаваць. Парушылі дзяржаўную мяжу — да знішчэння. Ніхто не павінен ні з кім цырымоніцца. І мы так і будзем рабіць. Таму што калі мы будзем жаваць соплі, ведаеш, што будзе, — сказаў Лукашэнка. — Таму любое парушэнне дзяржаўнай мяжы — на знішчэнне. Яны разумеюць толькі сілу».
Пры гэтым камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Аляксандр Навуменка сказаў, што «ў цяперашні час на паўночна-заходнім аперацыйным кірунку абстаноўка застаецца складанай і мае тэндэнцыю да нарастання напружанасці».
У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі звяртае на сябе ўвагу тое, што паведамляецца пра збудаванне літоўскім бокам абарончых аб’ектаў — «процітанкавых равоў, агнявых пазіцый».
«Яны што, сур'ёзна думаюць, што мы тут з расійцамі спрабуем або нападзем на іх? Супрацьтанкавыя равы навошта капаюць... Мы ж не збіраемся туды ісці», — сказаў кіраўнік рэжыму, які саўдзельнічае РФ у агрэсіі супраць Украіны.
Паведамляецца, што «сумежны бок» узмацніў мяжу, засяродзіўшы на гэтым участку каля 3,2 тыс. чалавек, у тым ліку ў Літве — да 2,8 тыс. чалавек, у Латвіі — да 500.
Колькасць воінскіх кантынгентаў краін НАТО агулам складае да 7,7 тыс. чалавек на тэрыторыі Эстоніі, Латвіі і Літвы. Воінскія часці і падраздзяленні аб'яднаных узброеных сіл НАТО, у тым ліку на тэрыторыі краін Балтыі і Польшчы, займаюцца аператыўнай і баявой падрыхтоўкай, піша лукашэнкаўская прэс-служба, паказваючы лічбы, якія ніяк не сведчаць пра нейкі міфічны напад.
Тым не менш Лукашэнка сказаў: «Мы расслабляцца не павінны. Мы ўпэўненыя, што калі мы дзесьці супакоімся, яны на нас нападуць. Гэта абсалютна дакладна. Але мы туды не збіраемся ісці».
Навошта беларускі бок нагнятае істэрыю, пакуль невядома. Але прадстаўнік дэмакратычных сіл, былы вайсковец Валерый Сахашчык лічыць, што Крэмль і Мінску рыхтуюць напад на Літву.