Шукай каго выгадна — і ён будзе вінаваты

Здаецца, за гэтыя два дні ў Расіі канчаткова вызначыліся ў тым, хто вінаваты ў масавым расстрэле ў «Крокусе», піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

cui_bono_cui_prodest..jpg

Пуцін учора сказаў, што тэракт быў выгадны тым, хто даўно не любіць расійскую ўладу.

Такі новы, прагрэсіўны прынцып дэдукцыі: вінаваты ў злачынстве не той, хто здзейсніў злачынства, а той, каму яно было выгадна.

Шукай каго выгадна — і ён будзе вінаваты. І не важна, што аб'ектыўныя доказы, паказанні амерыканскіх спецслужбаў і чыстасардэчнае прызнанне ІДІЛ у тым, што расстрэл арганізавала сама ІДІЛ, кажуць пра адваротнае. Для сябе расійскія ўлады вінаватых ужо знайшлі.

Таму што вінаватасць ІДІЛ расійскім уладам, вядома, зусім не выгадная. Калі прызнаць, што ў расстрэле вінаваты ІДІЛ, то расійскія ўлады не атрымаюць сабе ад гэтага прызнання ніякага даданага кошту. А ад забойства расійскіх грамадзян расійскія ж улады маюць намер атрымаць столькі даданага кошту, колькі ў іх улезе.

Легалізацыя ў Расіі катаванняў — гэта проста нязначны пабочны эфект, у параўнанні з усім астатнім, што яны спадзяюцца атрымаць.

Глядзіце таксама

Вось калі прытрымлівацца прынцыпу пуцінскай дэдукцыі, то ў расстрэле расійскіх грамадзян вінаватыя, вядома, расійскія ўлады. Таму што нікому так не было выгадна забойства расійскіх грамадзян, як расійскім уладам. І ніякай ІДІЛ не заробіць на гэтым забойстве столькі даданага кошту, колькі збіраюцца на ім зарабіць расійскія ўлады. Такім дзіўным чынам уладкаваная расійская ўлада, што забойства расійскіх грамадзян звычайна аказваецца выгадней за ўсё расійскай жа ўладзе.

Вось мяркуючы з таго, як хутка і настойліва, насуперак усім паказанням аб'ектыўнай рэальнасці, расійская ўлада знайшла зручных для сябе вінаватых, нешта мне здаецца, што расійскія ўлады даўно да гэтага рыхтаваліся.

І калі б тэракт не здарыўся, то яны б яго самі сабе прыдумалі. Таму што з пункту гледжання расійскіх уладаў няма, вядома, нічога лепшага для апраўдання масавага забойства чужых мірных грамадзян, чым масавае забойства сваіх мірных грамадзян.

А масавым забойствам такіх маштабаў расійскія ўлады могуць сабе апраўдаць што заўгодна. Хоць поўны разрыў адносін з усімі, хто іх не любіць, хоць татальную мабілізацыю, хоць ядзерныя ўдары.

І, вядома, сярод беларускіх сведак стабільнасці адразу таксама знайшліся эксперты па тэрарыстычных паводзінах. Якія на ўвесь тэлевізар цяпер тлумачаць, што тэрарысты ІДІЛ так не працуюць. А працуюць зусім не так. І, таму, калі ўжо тэрарысты ІДІЛ не вінаватыя, то вінаватая Украіна з калектыўным Захадам і сакрэтным сусветным урадам.

Глядзіце таксама

Што тут сказаць? Беларускія эксперты стабільнасці, вядома, разбіраюцца ў тэрарыстычных паводзінах, як ніхто іншы. Лепш за беларускіх экспертаў стабільнасці ў тэрарыстах разбіраюцца толькі расійскія эксперты імперскай велічы.

Але мне вось цікава, што сам гарант беларускай стабільнасці ўвесь гэты час маўчыць. Хоць гарант стабільнасці маўчаць жа не ўмее. І тут у гаранта ёсць выдатная нагода пахваліцца, як ён суткі распавядаў Пуціну, адкуль на Пуціна рыхтаваўся тэрарыстычны напад.

Але гарант стабільнасці маўчыць. Падазраю, гарант разумее, што калі саюзнік вырашыць апраўдаць масавым забойствам якую-небудзь асабліва масавую брыдоту, то адказваць за гэтую брыдоту гаранту прыйдзецца першым.

Хоць доўга ён маўчаць, вядома, не зможа. Зараз акрыяе ад першага шоку і пойдзе распавядаць пра змову калектыўнага Захаду. Таму што дзявацца ўсё роўна няма куды. Яшчэ з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.