Пастухоў: Расія на парозе новага сезона тэрору: «Крокус» — толькі першая ластаўка
Жыхары Сярэдняй Азіі, што працуюць у РФ, у масе сваёй – сучасныя рабы. Стаўленне да іх у рускім грамадстве адпаведнае. І плацяць яны яму той жа манетай, разважае гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў у сваім тэлеграм-канале.
Калі пералічваюцца прычыны, па якіх ісламскія радыкалы маглі б раптам захацець падарваць Расію, то з дамешкам шчырага здзіўлення ўспамінаюць вайну ў Афганістане (ды гэта калі ж тое было!), каланіяльную вайну ў Сірыі супраць ІДІЛ на баку Асада (ды гэта дзе наогул жа было!) і нейкія агульныя прэтэнзіі да рускіх як да хрысціян (дый расіяне ж самі напалову мусульмане).
Усё гэта здаецца далёкім і надуманым, у сувязі з чым тэракт спрабуюць атрыбутаваць да нечага звыклага і зразумелага: альбо да падкопаў украінцаў, альбо да падкопаў уласных спецслужбаў — і там, і там матываў больш чым дастаткова.
Ва ўсёй гэтай мітусні неяк не заўважаюць слана — гіганцкі і пераважна мусульманскі (асабліва пасля пачатку вайны з Украінай) прэкарыят Расіі.
Прэкарыі — гэта пралетары нашага часу, гэта найменш абаронены, самы бяспраўны эканамічны клас, той самы, якому вось рэальна няма чаго губляць, акрамя сваіх ланцугоў. Гэта людзі без стабільнага працоўнага кантракту, якія знаходзяцца на вечным паўлегальным становішчы, як правіла эмігранты, залежныя ад любога ўрадніка, якіх бяруць для выканання самай чорнай працы і могуць выкінуць на вуліцу ў любы момант, якія каштуюць у тры разы танней, чым ўласная рабочая сіла, і на плячах якіх выязджае эканоміка ў эпоху пераможнага мілітарызму і дэмаграфічнага крызісу Суднага дня.
Жыхары Сярэдняй Азіі наогул, і асабліва Таджыкістана, якія бягуць ад галечы і нестабільнасці, — бо жабрацкія заробкі ў Расіі дазваляюць ім пры ўсім пры тым утрымліваць свае сем'і на радзіме, — складаюць аснову гэтага прэкарыята ў Расіі.
У масе сваёй – гэта сучасныя рабы. Стаўленне да іх у рускім грамадстве адпаведнае.
Плацяць яны яму той жа манетай. Гэта лінія гіганцкага сацыяльнага і палітычнага напружання, якая неяк выпала з дыскурсу. Ну нешта накшталт сацыяльных пранцаў — благой хваробы, пра якую непрыстойна казаць.
У Расіі даўно адбылося імпартазамяшчэнне сацыяльнай базы тэрарызму. Нікога сюды ўвозіць не трэба, усё вырабляецца на месцы. Адносіны паміж рускай суполкай і гіганцкім сярэднеазіяцкім прэкарыятам гранічна напружаныя.
Гэта прарываецца нават у самыя найвышэйшыя палітычныя сферы. Выступ прэзідэнта Таджыкістана Рахмона з прэтэнзіямі да Пуціна і Расіі на адным з апошніх самітаў СНД быў амаль на мяжы палітычнага скандалу.
Менавіта гэты прэкарыят і з'яўляецца тым самым пажыўным асяроддзем, дзе лёгка і бесперашкодна распаўсюджваецца радыкальны іслам. Адсюль ідзе запыт — а ІДІЛ толькі фармуе адказ на яго.
Гэта не ФСБ прагледзела канкрэтную тэрарыстычную сетку, а Крэмль прагледзеў гіганцкую палітычную пагрозу, сваёй палітыкай ствараючы цэлы клас грамадства, які з'яўляецца натуральным носьбітам і спрыяльным асяроддзем для віруса тэрарызму ў сілу свайго асаблівага, зняважанага (рабскага) становішча.
Вайна рэзка пагоршыла становішча, зрабіўшы эканоміку Расіі яшчэ больш залежнай ад сярэднеазіяцкага прэкарыята. А вось рэсурсаў для аператыўнай працы ўнутры гэтага асяроддзя больш няма — усе сышлі на фронт. Украінскі, натуральна. А тыя, хто застаўся ў тыле, змагаюцца з ЛГБТ.
Баюся, што гэтая музыка ў Расеі будзе цяпер вечнай, пакуль мы не заменім у Крамлі батарэйкі. Думаю, што «Крокус» – гэта не эксцэс, а толькі першая ластаўка, і мы на парозе новага сезона тэрору ў Расіі.
А тое, што Крэмль вырашыў ігнараваць рэальную пагрозу і спісаць усё на зручных ворагаў, толькі пагаршае сітуацыю.