Палітолаг Роза Турарбекава: «Лукашэнка сам не хоча нападаць на Літву»
Палітолаг і гісторык Роза Турарбекава разважае пра магчымыя наступствы для Беларусі тэракту ў расійскім «Крокусе» і распавядае пра настроі літоўцаў, якія не ведаюць, чаго чакаць ад рэжыму Лукашэнкі, піша «Салідарнасць».

Фота: «Еўрарадыё»
«Улады будуць запалохваць людзей, выкарыстоўваючы гэты метад»
— Беларусь ніколі не была цікавая ісламістам. Была б цікавая толькі ў выпадку, калі, напрыклад, беларускія войскі або падраздзяленні былі пасланыя ў Сірыю, Ірак, Афганістан, Цэнтральную Азію, — кажа Роза Турарбекава ў эфіры «Еўрарадыё». — Бо такога не было, Беларусь мэтай не становіцца. Таму ў гэтым плане наступстваў для Беларусі не будзе.
А вось тое, што ўлады будуць запалохваць людзей, выкарыстоўваючы гэтую нагоду — гэта так. Беларусы і так запалоханыя, а калі яшчэ паставіць ля ўваходу ў гіпермаркет аўтаматчыкаў, наогул з дому перастануць выходзіць.
Таму, калі казаць пра наступствы, то гэта запалохаць, а па-другое, выступіць у якасці «выратавальніка». Вось, маўляў, а ў Беларусі тэрактаў няма — дзякуючы каму? І нейкая частка грамадства будзе гэтаму трызненню верыць, хоць насамрэч гэта вынік не разумнай палітыкі Лукашэнкі, а таго, што дагэтуль беларусы, скажам так, не мільгалі на Блізкім і Сярэднім Усходзе.
Глядзіце таксама

І я працягваю рэкамендаваць ні ў якім разе не залазіць на Блізкі і Сярэдні Усход і Цэнтральную Азію. Ні пад якой падставай. Ведаю, што расіяне хацелі б выкарыстоўваць беларускіх вайскоўцаў у розных місіях, уключаючы, напрыклад, Сірыю.
Але калі мы не хочам атрымаць на сваёй тэрыторыі тэракты, паток трунаў у зваротным кірунку, то ніколі ні пад якім выглядам не варта залазіць у гэта.
«Масква тут — рэальны лялькавод»
Эксперт таксама пракаментавала заяву прадстаўніка АПК Валерыя Сахашчыка аб тым, што Беларусь і Расія «рыхтуюцца да выкарыстання ядзернай зброі і бліцкрыгу на Вільню».
— Я бачу, што літоўцы моцна непакояцца і рыхтуюцца да вайны. Перад іх вачыма ўсплываюць карціны іх бацькоў, дзядоў, якія ваявалі ў тым ліку ў складзе «лясных братоў». Як дэпартавалі, знішчалі людзей. Гэта былі змрочныя часы для літоўскага народа.
І яны выдатна разумеюць, якія ў іх абмежаваныя рэсурсы. Размовы пра вайну ў літоўскім грамадстве ўзмоцнена цыркулююць. Яны не вельмі шмат людзей змогуць паставіць пад зброю, і яны не вельмі разлічваюць на NATO, нават нягледзячы на тое, што сюды даслалі нямецкія падраздзяленні.
У цэлым літоўцы знаходзяцца ў стане страху перад ваеннай кампаніяй з боку Беларусі. І вось адсюль узнікае беларускае пытанне: тыя беларусы, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Літвы, кім яны стануць у выпадку нападу? На чыім будуць баку?
Глядзіце таксама

Калі так здарыцца, што вайсковая аперацыя перакінецца на тэрыторыю Беларусі, якая будзе пазіцыя беларусаў у Літве?
І калі казаць у цэлым пра магчымасць нападу з тэрыторыі Беларусі і вучэнняў, які зладзіў Лукашэнка ля межаў з Літвой, то ўсе мы ведаем: Лукашэнка любіць папужаць і «бразгаць». Тым больш, што гэта якраз укладваецца ў маскоўскі сцэнар.
І Масква тут — рэальны лялькавод. Не думаю, што Лукашэнку насамрэч выгадны напад на Літву, таму што тады Беларусь адразу ператвараецца ў тэатр ваенных дзеянняў. І Лукашэнка гэта разумее.
Таму, я думаю, сам Лукашэнка не хоча (нападаць на Літву), але тое, што за ўсім стаіць Масква і яна можа ў пэўны момант зрабіць тое, праз што можа здарыцца памежны інцыдэнт, не выключаю.