«Мы не збіраемся на іх нападаць». А хто такія «мы»?

Агрэсіўная рыторыка беларускай улады нікога не здзіўляе. Але калі рыторыка пацвярджаецца пэўнымі дзеяннямі, становіцца як мінімум трывожна. І хай большасць экспертаў сцвярджае, што Пуцін не мае ні сродкаў, ні рэсурсаў адкрываць «другі фронт»... Ці шмат экспертаў прадказалі напад на Украіну?

_belarus_armija_vojska_vajna_zbroja_2023_fota_novy_czas__2__logo.jpg

На гэтым тыдні шпіц Лукашэнкі і яго гаспадар наведалі пазіцыі танкавага батальёна, выведзенага ў Ашмянскі раён. Генералы далажылі галоўнакамандуючаму пра тое, як яны сочаць за «верагодным праціўнікам» па іншы бок мяжы: маўляў, там і супрацьтанкавыя равы капаюць, і зброю назапашваюць. На што галоўнакамандуючы адказаў у стылі «мы мірныя людзі, але наш бронецягнік...»

«Дурата поўная. Мы сёння прыехалі адкрыта, мы ім паказваем, што не збіраемся на іх нападаць. Мы выбудоўваем тут сістэму абароны. Нам не трэба нападаць... Нам гэта не трэба. Яны чакаюць гэтага. Яны правакуюць нас, каб мы хоць неяк ім адказалі... Яны нас правакуюць, каб мы адказалі. Яны зацікаўлены ў развязванні гэтай вайны. Дурныя людзі», — распінаўся Лукашэнка.

«Мы і не збіраемся супраць іх ваяваць. Нам гэта не трэба. Заўсёды казаў і кажу: нам чужога не трэба, але сваё не аддамо. Вось наша логіка. Нам не трэба гэтая вайна. Навошта нам лоб у лоб стаяць і ваяваць адзін супраць аднаго? Нас проста ў гэта ўцягваюць, правакуюць. А зацікаўленыя — яны там, далёка. Яны хочуць, каб мы тут адзін аднаго калашмацілі. Яны прыйдуць потым на папялішча, долары надрукуюць і будуць аднаўляць гэтыя землі, але ўжо ў інтарэсах не нашых народаў. Ні Літоўскага, ні польскага, ні беларускага», — працягнуў ён.

Такія заявы трывожаць менавіта таму, што мы чулі іх не раз на працягу найноўшай гісторыі. Гітлеру не трэба было нападаць на Польшчу — гэта ў Гляйвіцы яго справакавалі. Расіі не патрэбны быў Крым — гэта «рускія людзі» так захацелі. Калі б Пуцін не напаў на Украіну ў 2022-м, гэта зрабіла б падступнае NATO з баявымі камарамі. І наогул, я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад…

Можна паўтарыць услед за аўтарам тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»: «Калі ты не збіраешся ні на каго нападаць, то навошта ты ўвесь час пра гэта кажаш»?

Апроч таго, мы ведаем пра «магічнае мысленне» Лукашэнкі. Чым часцей ён паўтарае, што «нічога не будзе», тым большая верагоднасць, што гэта «нічога» якраз і здзейсніцца. Цяпер ён некалькі разоў, практычна аднымі ж і тымі жа словамі кажа, што «нам вайна не трэба», нібыта зноў заклінанне чытае. І гэта насцярожвае больш за ўсё.

Глядзіце таксама

А тым часам вайскоўцы 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы, якая знаходзіцца ў Лідзе, базы «адпрацавалі разгрупаванне авіяцыі на запасныя аэрадромы». Такія дзеянні праводзяцца з мэтай пазбегнуць нанясення ўдараў праціўніка па самалётах.

24 сакавіка, выступаючы на мітынгу, прысвечаным Дню Волі ў Варшаве, прадстаўнік АПК па абароне Валерый Сахашчык паведаміў, што Беларусь і Расія разглядаюць планы ваеннай аперацыі супраць Літвы. Пазней ён пацвердзіў гэтую заяву ў эфіры «Белсата», дадаўшы, што гаворка ідзе пра трэніроўкі.

«Я валодаю інфармацыяй, што цалкам сур'ёзна разглядаецца сцэнар на прымяненне тактычнай ядзернай зброі і вайсковай аперацыі, накіраванай на Літву. Прычым інфармацыю я маю як з Беларусі, так і з Расіі. Пытанні адпрацоўваюцца практычныя, уключаючы дэзактывацыю мясцовасці пасля ўжывання ядзернай зброі. Так, вядома, можна сказаць, што гэта проста трэніроўкі. Але калі вайскоўцы праводзяць такія трэніроўкі, значыць, на гэта ёсць запыт палітычнага кіраўніцтва. Значыць, гэта ўсё можа стаць рэальным», — сказаў Сахашчык.

Словы Сахашчыка ў сераду «поўнай лухтой» назваў не хто іншы, як Уладзімір Пуцін. «Тое, што кажуць з нагоды таго, што мы збіраемся пасля Украіны нападаць на Еўропу – гэта поўная лухта», — заявіў кіраўнік Расіі. І ён у чарговы раз адзначыў, што NATO недружалюбна пасоўваецца да расійскіх межаў, а ва Украіне, з ягоных слоў, РФ была вымушаная «перайсці да іншай формы абароны сваіх інтарэсаў».

Вам не цікава, чаму Пуцін рэагуе на словы Сахашчыка? Не толькі на словы Сахашчыка, канешне. але ўсё ж…

У нядзелю адбыўся цікавы інцыдэнт. Расійская ракета, якая атакавала цэль ва Украіне, на 39 секунд заляцела ў польскую паветраную прастору. У панядзелак у сувязі з гэтым расійскі амбасадар у Польшчы Сяргей Андрэеў быў выкліканы ў МЗС гэтай краіны.

Аднак амбасадар у міністэрства так і не з'явіўся. Аказалася, што Андрэеў знаходзіцца за межамі Польшчы. Пры гэтым, як падкрэсліў польскі МЗС, ён не быў высланы або адкліканы, а сам пакінуў тэрыторыю Польшчы.

Апошні раз падобны ад'езд паслоў мы назіралі якраз з Кіева перад нападам Расіі на Украіну. Тады дыпламаты іншых краін таксама добраахвотна пакідалі тэрыторыю Украіны.

Усё вышэйпададзенае ў комплексе і прымушае турбавацца. Гэта, вядома, не значыць, што вайна Расіі і NATO пачнецца вось проста заўтра. Але, як мінімум, бачна, што да такога канфлікту ідзе сур'ёзная падрыхтоўка.

Гэтая падрыхтоўка можа застацца толькі падрыхтоўкай. А можа і выліцца ў нешта сур'ёзнае. І чым больш Лукашэнка паўтарае пра тое, што «мы не збіраемся супраць іх ваяваць», тым трывожней станавіцца.

Хоць бы таму, што ён не ўдакладняе, хто такія «мы».