Брытанія пратрымаецца ў вайне з Пуціным толькі 2 месяцы: А як іншыя краіны NATO?

Брытанцы прызналі сваю непадрыхтаванасць, фіны гатовыя абараняцца, шведы папярэджваюць народ.

Парад у Вільні

Парад у Вільні

У розных краінах NATO рапартуюць аб стане гатоўнасці да патэнцыйнай вайны з Расіяй, якая больш за 10 гадоў вядзе агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны і ўвесь час агучвае прапагандысцкія тэзісы адносна супрацьстаяння з трансатлантычным альянсам, піша www.holosameryky.com.

 

Брытанія: «Мы не змаглі б ваяваць з Расіяй больш за два месяцы»

Брытанскія вайскоўцы «не маглі ваяваць з Расіяй больш за два месяцы». Такі абмежаваны патэнцыял краіны прызнаў намеснік начальніка генеральнага штаба генерал-лейтэнант брытанскіх узброеных сіл Роб Маговэн.

Маговэн лічыць, што ім не хапае рэсурсаў, якія ён хацеў бы мець падчас будучых войнаў, цытуе высокапастаўленага ваеннага чыноўніка брытанскае выданне The Telegraph.

Яго каментары прагучалі пасля таго, як міністр абароны Вялікабрытаніі Грант Шапс паведаміў дэпутатам, што лабіраваў павелічэнне выдаткаў на абарону ў апошнім бюджэце, але пацярпеў няўдачу.

Былы міністр Узброеных сіл краіны Марк Франсуа таксама лічыць, што Брытанія «не магла б змагацца з Пуціным больш за пару месяцаў» з-за недахопу запасаў боепрыпасаў і тэхнікі, піша The Telegraph.

На гэтую тэму Шапс дадаў, што любы такі канфлікт будзе весціся разам з саюзнікамі па NATO, і разам яны «могуць перамагчы Расію», але Брытанія не зможа гэта зрабіць у адзіночку.

«Злучанае Каралеўства не гатовае да вайны з Расіяй самастойна, але важна разумець, што паколькі мы знаходзімся ў NATO і існуе артыкул 5, мы ніколі не апынемся ў такой сітуацыі», — падкрэсліў Шапс.

Гэтыя каментары прагучалі пасля таго, як камітэт па абароне Палаты абшчын прызнаў, што Узброеныя сілы Вялікабрытаніі не гатовыя да вайны з Расіяй.

Гатоўнасць да баявых дзеянняў можа быць дасягнута пры ўмове правядзення тэрміновых рэформаў, пераадолення крызісу найму ў ваеннай сферы, а таксама значнага павелічэння запасаў зброі і боепрыпасаў у Брытаніі, пішуць брытанскія СМІ.

 «Усе шведы павінны рыхтавацца да вайны»

«У Швецыі можа быць вайна», — папярэджваў сёлета шведаў і міністр грамадзянскай абароны краіны Карл-Оскара Болін.

Галоўнакамандуючы краіны генерал Мікаэль Байдэн «пайшоў далей, заявіўшы, што ўсе шведы павінны рыхтавацца да вайны», піша брытанскі Каралеўскі інстытут аб'яднаных службаў (RUSI). На працягу многіх гадоў Агенцтва грамадзянскай абароны Швецыі выдае брашуру для сваіх грамадзян пад назвай «У выпадку крызісу або вайны».

Міністр Болін у сваім звароце да народа наконт патэнцыйнай вайны з Расіяй прывёў у прыклад украінскі народ і сказаў: «Расійскія наступальныя войскі сутыкнуліся з аб'яднанай сілай усяго ўкраінскага грамадства». Украінцы, кажа ён, сустрэлі вайну адзіным і поўным супрацівам.

 

82% фінаў гатовыя ўдзельнічаць у абароне краіны

Фінляндыя дзесяцігоддзямі прыцягвае сваіх грамадзян да ініцыятыў у галіне нацыянальнай бяспекі, піша Financial Times. Як адзначае выданне, у краіне склалася нацыянальная воля абараняць большасць сваіх грамадзян.

Паводле штогадовага апытання Мінабароны Фінляндыі, 82% жыхароў краіны заявілі, што былі б «гатовыя ўдзельнічаць» у абарончых мерапрыемствах.

Камандзір у адстаўцы Юхані Каскеала заявіў журналістам газеты: «Мы праводзім шмат трэніровак і навучання, каб усё грамадства магло быць уцягнута ў абарону краіны». Напрыклад, дзяцей вучаць ацэньваць дакладнасць інфармацыі ў школе, а дарослыя могуць прайсці бясплатныя курсы па навыках рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Кіраўнікі з усіх сектараў, уключаючы палітыку, бізнес, урад і грамадзянскую супольнасць, наведваюць курс нацыянальнай абароны, піша FT.

Як рыхтуюцца да вайны ў Польшчы: новае заканадаўства

Сярод іншых прыкладаў падрыхтоўкі краін NATO да патэнцыйнай вайны Польшча рыхтуе новы закон аб самаабароне, які прадугледжвае захады для падрыхтоўкі як вайскоўцаў, так і, напрыклад, школьнікаў краіны.

У святле вайны Расіі ў суседняй Украіне ўрад Польшчы распрацаваў новае заканадаўства для ўмацавання патэнцыялу самаабароны краіны, уключаючы павелічэнне фінансавання курсаў першай дапамогі, паляпшэнне сістэм грамадскага абвесткі і адкрыццё большай колькасці прытулкаў для надзвычайных сітуацый.

Міністры абароны і ўнутраных спраў Польшчы заявілі, што законапраект выкліканы вайной, якую Расія вядзе супраць Украіны, цытуе чыноўнікаў агенцтва АР.

Закон будзе ўнесены ў парламент, магчыма, у маі гэтага года пасля кансультацый з грамадскасцю і мясцовымі ўладамі.

 Эстонія ўжо абараніла лясы і землі «зубамі дракона»

У Эстоніі «зубы дракона» і бетонныя блокі ўжо ўсталяваныя ў многіх лясных масівах і на прыватных землях, прычым не толькі на мяжы з Расіяй, але і на ўсіх патэнцыйных шляхах руху яе арміі ў выпадку магчымага нападу.

Гэта працяг намаганняў, якія краіны Балтыі прыкладаюць разам для супрацьстаяння Расіі, патлумачыла кіраўніцтва краіны.

Яшчэ ў студзені гэтага года, як паведамляў «Голас Амерыкі», міністры абароны Эстоніі, Латвіі і Літвы зацвердзілі канцэпцыю будаўніцтва збудаванняў супрацьмабільнай абароны на межах з Расіяй і Беларуссю.

А прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас раней заявіла, што ў NATO ёсць ад 3 да 5 гадоў, каб падрыхтавацца да пагрозы з боку Расіі.

 

NATO: вайна магчымая ў любы час у бліжэйшыя 20 гадоў

Адносна NATO ў цэлым старшыня вайсковага камітэту нацыянальных лідараў альянсу Роб Баўэр у студзені гэтага году папярэджваў: «Краіны NATO павінны быць гатовыя да вайны і чакаць нечаканага».

Баўэр мяркуе, што поўнамаштабная вайна NATO з Расіяй можа адбыцца «ў любы момант у бліжэйшыя 20 гадоў».

Затое генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг лічыць, што «ў цяперашні час няма непасрэднай ваеннай пагрозы ніводнаму сябру NATO».

Сёлета NATO пачало ваенныя вучэнні Steadfast Defender 24 — найбуйнейшыя з часоў заканчэння халоднай вайны. І — з улікам магчымасці канфлікту з Расіяй.

У вучэннях бяруць удзел усе 31 краіна альянсу, а таксама Швецыя, якая на момант вучэнняў яшчэ была кандыдатам на ўступленне ў NATO.

 

Зяленскі: Ніхто ў Еўропе не гатовы да вайны  

Затое прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што ніводная краіна ў Еўропе не гатовая да вайны з Расіяй ні інфармацыйна, ні псіхалагічна.

Пра гэта ён заявіў падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы:

«Дай Бог, каб не было новых нападаў на вас з боку Расіі. Я думаю, што сёння ў Еўропе няма ніводнай краіны, гатовай да ўварвання. Не таму, што мы мацнейшыя, лепшыя. Не, мы ўсе аднолькавыя. У нас былі ўсе гэтыя гады, а ў вашых краін іх не было. І псіхалагічна, і з інфармацыйнага гледзішча вы не падрыхтавалі сваіх людзей».