Як будуецца «жалезная заслона»
Год за годам, крок па кроку краіны ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю, закрываюць прастору для зносін. З сакавіка застанецца толькі 4 пункты пропуску, праз якія можна будзе трапіць у Еўропу.
З 2020 года Беларусь пазбавілася паветраных і чыгуначных зносін з Еўропай. Закрываюцца наземныя пункты пропуску, а Польшча, Літва і Латвія будуюць платы на мяжы. «Медыязона» расказвае, як за тры гады Беларусь праз дзеянні ўладаў фізічна ізалявалі ад Еўропы.
2020: праз каронавірус закрытыя межы на ўезд, у Беларусі — на выезд
У сакавіку 2020 Польшча закрыла чыгуначныя зносіны з Беларуссю з-за пандэміі. Пандэмія скончылася, але Польшча не плануе пускаць пасажырскія цягнікі з Беларусі мінімум да снежня 2024 года.
Трапіць у Польшчу цяпер можна на аўтобусе альбо аўтамабілі праз адзіны памежны пункт «Брэст — Тэрэспаль», які працуе. Астатнія пункты пропуску, закрытыя праз каронавірус, так і не былі адкрытыя.
Аналагічная сітуацыя з чыгуначным паведамленнем склалася на мяжы з Літвой. У 2020 годзе з-за пандэміі каронавіруса былі прыпыненыя пасажырскія зносіны паміж Вільняй і Мінскам. Цягнікі дагэтуль не ходзяць.
«Улічваючы ўсе абставіны і ў адпаведнасці з законам аб абмежавальных мерах у сувязі з агрэсіяй супраць Украіны, аднаўленне чыгуначных зносін паміж сталіцамі Літвы і Беларусі не плануецца ні ў 2023-м, ні ў наступным годзе», — расказала «Белсату» спікерка літоўскага аператара пасажырскіх чыгуначных перавозак «LTG Link» Катрына Дзікарайце.
У сувязі з эпідэміяй каронавіруса мяжу часткова закрыла і Расія ў сакавіку 2020 года. Беларускія ўлады ў сакавіку 2020 года межы пакінулі адкрытымі, але закрылі іх на выезд у снежні 2020 года.
Вясной 2022 года Польшча і Літва знялі кавідныя абмежаванні на ўезд.
Вясна 2021: закрыццё паветранай прасторы ЕС з-за пасадкі самалёта з Пратасевічам і Сапега
23 мая 2021 года ў Беларусі здзейсніў экстраную пасадку самалёт кампаніі «Ryanair», які ляцеў па маршруце Афіны — Вільнюс. На борце самалёта апынуліся былы рэдактар канала «Nexta» Раман Пратасевіч і яго былая дзяўчына Сафія Сапега. У Мінску самалёт прызямліўся пасля фальшывага паведамлення аб бомбе на борце.
Пасля гэтага інцыдэнту Еўрасаюз на пачатку чэрвеня закрыў паветраную прастору і аэрапорты Еўропы для беларускіх самалётаў.
«Сённяшняе рашэнне прынятае ў працяг высноў Еўрапейскай Рады ад 24 і 25 траўня 2021 года, на якой кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕС рашуча асудзілі незаконную прымусовую пасадку рэйса "Ryanair" у Мінску 23 траўня 2021 года, і стварэнне тым самым пагрозы для бяспекі авіязносін», — гаварылася ў заяве ЕС.
3 мая 2023 года Мінскі абласны суд прысудзіў Пратасевіча да 8 гадоў калоніі. 22 траўня яго памілаваў Лукашэнка. Сафію Сапега ў траўні 2022 года прысудзілі да 6 гадоў калоніі. Яе Лукашэнка памілаваў 6 чэрвеня.
Восень 2021: міграцыйны крызіс і закрыццё пункта «Брузгі — Кузніца Беластоцкая»
Напрыканцы мая 2021 года ў Беларусь сталі масава прыбываць мігранты. Сітуацыя пагоршылася ў лістападзе 2021 года, калі на мяжы з Польшчай у раёне памежнага пропуску «Брузгі — Кузніца Беластоцкая» апынуліся некалькі тысяч мігрантаў. Яны атакавалі польскіх памежнікаў, спрабавалі прарваць агароджы, а каля памежнага пункта паўстаў лагер для мігрантаў, куды прыязджаў Лукашэнка.
16 лістапада 2021 года ў выніку атакі мігрантаў пацярпелі 12 чалавек, сярод якіх — 9 польскіх паліцэйскіх. У снежні 2021 года колькасць мігрантаў і іх спроб перасячы мяжу Еўрасаюза значна знізілася.
Польшча абвінаваціла беларускіх памежнікаў у дапамозе мігрантам. Напрыклад, паводле версіі польскай памежнай службы беларускія вайскоўцы сляпілі іх страбаскопамі і лазерамі, а таксама ламалі агароджу на лініі мяжы.
У лістападзе 2021 года Польшча закрыла аўтамабільны рух у пункце пропуску «Брузгі — Кузніца Беластоцкая» праз міграцыйны крызіс.
2022: Польшча, Літва і Латвія пачалі будаваць платы на мяжы з Беларуссю
У студзені 2022 года Польшча пачала будаўніцтва пяціметровага плота працягласцю 180 кіламетраў. Будоўля завяршылася ў чэрвені 2022 года. «Пяць месяцаў інтэнсіўных работ і маніторынгу. 186,25 кіламетраў і 49 тон сталі. Будзе бяспечна», — напісала Памежная служба Польшчы ў «Твітары».
Праз міграцыйны крызіс платы на мяжы з Беларуссю таксама пачалі будаваць Літва і Латвія.
У верасні 2021 года Літва пачала будаўніцтва 508-кіламетровай «фізічнай загароды» на мяжы з Беларуссю, каб спыніць пранікненне нелегальных мігрантаў. Завяршылі будаўніцтва праз год. Плот з калючым дротам усталяваны на ўчастках агульнай працягласцю каля 502 кіламетраў.
У Латвіі плот на мяжы з Беларуссю плануюць пабудаваць не пазней за 2024 год. У рамках першай чаргі будаўнічых работ да лютага 2023 года пабудавалі 36,1 км са 173 км агароджы. Усяго праект прадугледжвае будаўніцтва агароджы на мяжы працягласцю 173 кіламетры.
Зіма 2023: суд на Пачобутам і закрыццё «Баброўнікаў»
10 лютага Польшча прыпыніла рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках. «У сувязі з важнымі інтарэсамі дзяржаўнай бяспекі я прыняў пастанову прыпыніць рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках з 10 лютага гэтага года з 12:00 да асаблівага распараджэння», — паведаміў кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Камінскі.
Пазней кіраўнік польскага МУС расказаў, што пераход у Баброўніках могуць адкрыць, калі беларускія ўлады адпусцяць журналіста Анджэя Пачобута.
«Калі Анджэя Пачобута заўтра адпусцяць, то пераход у Баброўніках будзе адкрыты паслязаўтра», — выказаўся Камінскі журналістам, адказваючы на пытанні пра раскрыццё сеткі шпіёнаў, якія працавалі на Расію, у Польшчы.
Лета 2023: Літва закрыла «Лошу» і «Відзы»
18 жніўня Літва закрыла пункты пропуску «Шумскас» і «Цвярачус» (з сумежнага боку «Лоша» і «Відзы») на мяжы з Беларуссю.
Урад Літвы ўзгадніў прыняцце пастановы аб закрыцці двух пунктаў пропуску на пачатку жніўня. Як расказваў начальнік літоўскай памежнай службы Рустам Любаеў у каментары «Delfi», штодня названыя пункты пропуску выкарыстоўвалі для пераходу ў дзень блізу 2 000 чалавек.
Восень 2023: Латвія закрыла «Урбаны»
20 верасня Латвія закрыла памежны пераход «Сілене» (з беларускага боку — «Урбаны»). Прычына таму — павелічэнне спроб незаконнага перасячэння мяжы.
Выданне lsm.lv паведамляла, што закрыццё мяжы прадугледжана зменамі ў распараджэнні ўрада. Першапачаткова закрыць пункт пропуску прапанаваў начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс.
2024: Літва закрывае «Прывалку» і «Катлоўку»
28 жніўня 2023 года ў Варшаве прайшла сустрэча кіраўнікоў МУС краін Балтыі і Польшчы. На ёй кіраўніца літоўскага МУС Агне Білатайце прапанавала закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Лаварышкі» («Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»).
— Гэта звязана з двума аспектамі: па-першае, ёсць неабходнасць у памежніках. Нам сёння трэба, каб як мага больш супрацоўнікаў дзяжурылі ля зялёнай зоны, — патлумачыла Білатайце. — Другая прычына — праблема кантрабанды.
На думку кіраўніцы МУС Літвы, закрыццё пунктаў пропуску дапамагае ў яе рашэнні.
21 лютага ўрад Літвы вырашыў закрыць «Прывалку» і «Катлоўку». Памежныя пункты спыняць сваю працу з 1 сакавіка. Рух закрыюць як для транспарту, так і для пешаходаў.
З сакавіка трапіць з Беларусі ў Еўропу можна будзе праз чатыры памежныя пункты: «Грыгароўшчына» (Латвія), «Варшаўскі мост» (Польшча), «Беняконі» (Літва) і «Каменны Лог» (Літва).