Класкоўскі: Прыгожыя словы еўрапейскіх палітыкаў не стыкуюцца з умацаваннем «жалезнай заслоны»

Аналітык партала «Позірк» Аляксандр Класкоўскі разважае над тым, якая будучыня чакае Лукашэнку ў залежнасці ад ходу падзей ва Украіне.

Санкцыйны ціск ужо дасягнуў «столі», пачынаецца пераход на іншы ўзровень. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Санкцыйны ціск ужо дасягнуў «столі», пачынаецца пераход на іншы ўзровень. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Хоць Аляксандр Лукашэнка і малюе сябе верным саюзнікам Уладзіміра Пуціна, але залазіць у вайну па самыя вушы відавочна не хоча. І за два гады шырокамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны кіраўніку Беларусі ўдалося пазбегнуць адпраўкі сваіх войскаў у гэтую мясарубку. Што дазваляе дзяржпрапагандзе піярыць правадыра як мудрага захавальніка міру для свайго народа.

Так, у вачах «калектыўнага Захаду» і палітычнай апазіцыі рэжым Лукашэнкі — суагрэсар. Але для простых грамадзян унутры краіны важна, што на іх не ляцяць ракеты і беларускія салдаты не гінуць на полі бою.

Сеанс чытання варожых думак

Лукашэнка разумее, што калі з франтоў гэтай вайны «груз 200» пойдзе і ў Беларусь, сітуацыя ў краіне, так старанна зацэментаваная рэпрэсіямі, можа пахіснуцца.

20 лютага на вялікай нарадзе з кіраўніцтвам сілавога блока Лукашэнка падзяліўся «закрытай інфармацыяй» — працытаваў, што нібыта думае нейкі неназваны начальнік Генеральнага штаба адной з вядучых краін NATO: «Мы не змаглі ўцягнуць Беларусь у канфлікт. Актыўны ўдзел Мінска ў вайне падарваў бы рэжым у Беларусі і Лукашэнку. Гэтая магчымасць па-ранейшаму адкрытая».

Што сказаць, навучыцца перахопліваць думкі суперніка — найвышэйшы пілатаж. Зрэшты, патыхае «ліпай» само сцвярджэнне, што «натаўцы» жадаюць уцягнуць Беларусь у вайну па поўнай праграме.

Мы бачым, які асцярожны ў адносінах з Лукашэнкам Кіеў. Там відавочна не хочуць лішні раз дражніць пуцінскага хаўрусніка (нават сустрэчай Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай, што, скажам шчыра, выклікае іронію).

Захаду, як і ўкраінскаму кіраўніцтву, абсалютна не патрэбна, каб да агрэсіі падключылася беларускае войска. Заходняй дапамогі Кіеву і так ужо крытычна не хапае.

Так што Лукашэнка, падобна, прагаворвае ў выглядзе цытавання «натаўскага» штабіста свае ўласныя асцярогі. Бо і сапраўды «актыўны ўдзел Мінска ў вайне падарваў бы рэжым у Беларусі».

Магчыма нават, што Лукашэнка тэт-а-тэт адкрыта гаварыў пра гэта Пуціну. Маўляў, Валодзя, навошта будзіць ліха? Маіх байцоў там пакрышаць, а хто цябе ад «натаўскага» ўдару ў спіну потым абараняць будзе? Ды і народзец можа ўздыбіцца. А так будзем мірна працаваць, спраўна пастаўляць вам усё патрэбнае для фронту і тылу з нашых фабрык, заводаў і сельгасугоддзяў. У вас там яйкі ў дэфіцыце? Зараз падгонім.

Пуцін пакуль не цісне

Так ці інакш, але на сёння Лукашэнка, насуперак шматлікім прароцтвам, пазбег удзелу свайго войска ў вайне. З восені 2022 года не было і пускаў расійскіх ракет з беларускай тэрыторыі. Больш за тое, цяпер у Беларусі амаль няма войскаў РФ.

Так, толькі лянівы каментатар з ліку крытыкаў рэжыму не сказаў: «Калі Пуцін націсне, то нікуды Лукашэнка не дзенецца, адправіць сваіх жаўнераў на вайну». Але пакуль аніякіх прыкмет такога ціску мы не бачым.

Наадварот, Масква шчодрая як ніколі, а двое правадыроў раз за разам ладзяць шматгадзінныя вячоркі, прычым відаць, што дабрадушнічаюць. Пуцін відавочна зацаніў апошняга хаўрусніка і, можна меркаваць, слухае яго аргументы.

У перспектыве, вядома, усякае можа быць. Але на сёння вялікай патрэбы выкарыстоўваць беларускае «гарматнае мяса» ў Крамля, мабыць, няма.

Некалькі тысяч байцоў беларускіх сіл спецыяльных аперацый — гэта самыя падрыхтаваныя — не зробяць надвор'я, калі паслаць іх на падмогу расіянам на цяперашні фронт. Іншыя беларускія войскі наогул няма толку туды кідаць: іх ператвораць у фарш адразу.

А для новага наступу з Беларусі ў Масквы няма сіл і рэсурсаў. Ды і ўкраінцы цяпер усё на гэтым шляху замініравалі, стварылі моцныя ўмацаванні.

Вунь міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін сцвярджае, што Узброеныя сілы Украіны засяродзілі на мяжы з Беларуссю «ўдарную групоўку» колькасцю 112-114 тысяч чалавек.

Магчыма, лічба завышаная, ды і не такія авантурысты ў Кіеве, каб удараць па Беларусі. Але несумненна, што ўкраінцы вымушаны распыляць свае сілы, трымаць частку войскаў на паўночным кірунку. І гэта таксама плюс для Масквы.

Беларусы ваяваць не хочуць

А што ж беларусы? Масавыя антываенныя выступленні ў першыя дні шырокамаштабнай вайны, у лютым 2022-га, былі, натуральна, задушаны. Цяпер не высунешся. «Рэйкавых партызан» лавілі са стралянінай па каленях, пакаралі жахлівымі тэрмінамі. Так што папрокі з украінскага боку — чаму сядзіце як мыш пад венікам? — не зусім справядлівыя. Сілавікі Лукашэнкі дзейнічаюць бязлітасна, а звычайныя грамадзяне — не камікадзэ.

У такой сітуацыі многім прасцей «схавацца ў доміку». У прыватнасці, думаць, што іх краіна наогул не ўдзельнічае ў вайне.

Возьмем даныя даследавання, праведзенага «Беларускай ініцыятывай» «Chatham House» ў лістападзе мінулага года (так, ведаю скепсіс многіх наконт «сацапытанняў у канцлагеры», і — тым не менш). З тэзісам, што «Беларусь захоўвае нейтральны статус у расійска-ўкраінскай вайне дзякуючы цвёрдасці Лукашэнкі» цалкам ці хутчэй згодны 47% гараджан (сярод вяскоўцаў гэтая доля, трэба думаць, яшчэ вышэйшая).

Гэты тэзіс, як адзначаюць даследчыкі, паспяхова разганяюць дзяржаўныя СМІ. І да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года будуць раскручваць яшчэ мацней. Калі, вядома, не спраўдзяцца прагнозы тых, хто ўпэўнены, што рана ці позна Пуцін выкруціць Лукашэнку рукі, прымусіць паслаць на вайну і беларускіх жаўнераў.

А ваяваць беларусы дакладна не хочуць. Паводле таго ж апытання, 58% рэспандэнтаў выступаюць за неадкладнае спыненне вайны і мірныя перамовы. І толькі 2% лічаць, што Беларусь павінна прыняць удзел у ваенных дзеяннях на баку Расіі.

«Я ж папярэджваў, калі вайна пачалася, Зяленскаму тэлефанаваў»

У першыя тыдні шырокамаштабнай вайны Крамля супраць Украіны Лукашэнка быў вельмі напружаны, узняты. Верагодна, меркаваў, што таксама давядзецца ваяваць, што санкцыі падкосяць эканоміку. За апошні ж год здарыліся рэчы, што відавочна яго падбадзёрылі.

Леташняе ўкраінскае наступленне аказалася няўдалым. Цяпер наступаюць расійскія войскі, узялі вось Аўдзееўку. Кіеў наракае на страшны дэфіцыт снарадаў і ўсяго іншага. Сапраўды, з заходняй дапамогай — справа швах.

Лукашэнка сцвярджае, што амерыканцы «пачалі зліваць гэтага Зяленскага, надакучыў ён». Наогул кіраўнік Беларусі цяпер малюе сябе празорцам. Пасля таго, як грымнуў канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАС, Лукашэнка заявіў: «Я ж папярэджваў, калі вайна пачалася, Зяленскаму тэлефанаваў: “Валодзя, паслухай мяне, дасведчанага чалавека, не першы год працую. Як толькі дзесьці нейкая заварушка, пра цябе забудуць”».

Тады ж, на лістападаўскай сустрэчы з работнікамі БелАЭС, з вуснаў кіраўніка прагучала: «Украіна ўсё роўна будзе наша. Нікому гэтая Украіна не патрэбная». Больш за тое, «і Еўропа прыпаўзе да нас, да Расіі».

Лукашэнка бачыць, што Захад амаль дасягнуў столі ва ўзмацненні санкцый. Пры гэтым эканоміка Беларусі не абрынулася, а вырасла за мінулы год на 3,9%.

Крэмль не скупіцца: пастаўляе саюзніку энерганосьбіты па сяброўскіх цэнах, адтэрмінаваў выплаты па крэдытах, прадастаўляе свае чыгунку і парты для экспарту, дае зніжкі на чыгуначныя грузаперавозкі. Беларускі экспарт у Расію дасягнуў гістарычнага максімуму: 25 млрд долараў за мінулы год.

Зразумела, што адваротны бок гэтага медаля — рэзкае ўзмацненне залежнасці Мінска ад Масквы. Але альтэрнатывы ў Лукашэнкі няма, выскачыць з гэтай каляіны ён не можа.

Адносіны з Захадам сапсаваны дашчэнту. Літва з 1 сакавіка закрые яшчэ два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю. У гэтай балтыйскай краіне ўсё мацнейшымі становяцца галасы тых, хто хоча ў плане абмежаванняў паставіць на адну дошку беларусаў і расійцаў, хоць стаўленне да вайны ў гэтых двух грамадствах вельмі адрозніваецца.

Праблема ў тым, што такога роду абмежаванні (Вільня ў гэтым плане не адзінокая) б'юць не столькі па рэжыме Лукашэнкі (яму і яго асяроддзю і так у Еўропу дарогі няма), колькі па звычайных беларусах, якіх замыкаюць у дыктатуры. Цяжкасці з легалізацыяй пагаршаюцца ў тых, хто супраць рэжыму і вымушаны ад яго ратавацца.

Так, для гэтай катэгорыі прадугледжваюцца выключэнні. Але ў цэлым прыгожыя словы еўрапейскіх палітыкаў «Мы бачым будучыню Беларусі ў аб'яднанай Еўропе» неяк не вельмі стыкуюцца з лініяй на ўмацаванне жалезнай заслоны.

А калі канфлікт ва Украіне замарозяць?

Відавочна, што ў гэтым годзе Украіне давядзецца туга. Не выключана, што ў выніку прыйдзецца ісці на нейкае замірэнне з Масквой зусім не на тых умовах, якія падабаліся б Кіеву.

Што гэта азначае для Беларусі? Хоць Лукашэнку яго сілавікі трубяць аб небяспецы варожага ўварвання або перавароту, разважліваму назіральніку зразумела, што рэалізаваць сілавы сцэнар змены рэжыму (полк Каліноўскага, харугвы, план «Перамога») яго апанентам пры цяперашнім раскладзе немагчыма. І перспектыва праславутага «акна магчымасцей» становіцца ўсё больш прывіднай.

Шэраг аналітыкаў мяркуюць, што калі расійска-ўкраінскі канфлікт скончыцца ці будзе замарожаны, Крэмль зменшыць падтрымку рэжыму Лукашэнкі. А можа, Пуцін і зусім возьме Беларусь у якасці суцяшальнага прыза. Або зменіць цяперашняга кіраўніка на яшчэ больш прамаскоўскага.

З гэтымі тэзісамі можна паспрачацца. Крамлю больш выгадна мець Беларусь у якасці фармальна суверэннага сатэліта. Каб паказваць: бачыце, калі з намі сябруюць, не займаюцца русафобіяй, то і мы добрыя, ніякія не захопнікі. І Лукашэнка Пуціна на сёння, падобна, цалкам задавальняе, навошта гарадзіць агарод з заменай? Тым больш што гэта не так проста, як іншым здаецца.

А падсілкоўваць гэты рэжым Масква працягне ўжо таму, што ёй па-ранейшаму будзе патрэбны беларускі стратэгічны плацдарм, балкон супраць NATO. Ды і новы напад на Украіну нават пры замарозцы канфлікту Пуцін напэўна будзе трымаць у галаве, а для гэтага таксама неабходны саюзнік у асобе афіцыйнага Мінска.

Сёння рэжымы Пуціна і Лукашэнкі на драйве. Зло кіруе балем. Але бой працягваецца. І гэтыя «моцныя арэшкі» могуць аказацца не такімі ўжо моцнымі, як многім уяўляецца цяпер. Самі рэфрэны кіраўніка Беларусі пра змовы, перавароты, верагодную катастрофу гавораць пра тое, што кошкі на душы ў яго ўсё ж скрабуць.