Санкцыі не дзейнічаюць? А як жа імпартазамяшчэнне?

Нафтаперапрацоўчая галіна перажывае не самыя лепшыя часы. У мадэрнізацыю былі ўкладзены мільярды долараў, а на выхадзе — нуль. І ўсё праз санкцыі.

Мазырскі НПЗ. Фота: neftegaz.ru

Мазырскі НПЗ. Фота: neftegaz.ru

Беларускія НПЗ у 2023 годзе завяршылі рэалізацыю двух маштабных інвестыцыйных праектаў, з якімі былі звязаны амбіцыйныя планы іх далейшага развіцця.

Мазырскі НПЗ скончыў будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў (H-Oil). Меркавалася, што запуск комплексу H-Oil коштам USD 1,2-1,4 млрд дазволіць заводу павялічыць аб'ём перапрацоўкі нафты да 12 млн тон на год, павысіць глыбіню перапрацоўкі з 74% да 90%, а выхад светлых нафтапрадуктаў нарасціць да 67%.

ААТ «Нафтан» у 2023 годзе таксама завяршыла найбуйнейшы інвестпраект — будаўніцтва комплексу запаволенага каксавання коштам каля USD 1,2 млрд. Меркавалася, што ў выніку прадпрыемства павялічыць на 400 тыс. тон выпуск бензіну і дызельнага паліва па міжнародных стандартах Еўра-5, а таксама павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 92-93%. Дзякуючы новаму комплексу «Нафтан» таксама наладзіў выпуск новага прадукту — нафтавага коксу, каля 400 тыс. тон на год. Раней меркавалася, што завод будзе экспартаваць кокс на сусветныя рынкі, піша партал «Наше мнение».

Стратэгія развіцця беларускіх НПЗ яшчэ некалькі гадоў таму выглядала вельмі аптымістычна. Чакалася, што пасля рэалізацыі маштабных праектаў яны наросцяць аб'ём перапрацоўкі нафты прыкладна на траціну — да 12 млн тон на год кожны (менавіта на гэты аб'ём заводы былі арыентаваны на старце мадэрнізацыі) і будуць экспартаваць нафтапрадукты на высокаліквідныя еўрапейскі і ўкраінскі рынкі. Дзякуючы чаму Беларусь, якая мае ўсяго толькі каля 1,8 млн тон уласнай нафты, умацуе статус найбуйнейшай краіны-экспарцёра нафтапрадуктаў.

Ці трэба будаваць новы нафтапрадуктаправод?

Расійская агрэсія супраць Украіны і санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія рушылі ўслед за гэтым, зламалі гэтыя планы. У выніку прывабныя рынкі для экспарту беларускіх нафтапрадуктаў закрыліся.

«Таму варта ўжо цяпер думаць аб аптымізацыі лагістыкі вываду беларускіх нафтапрадуктаў на новыя рынкі праз Расію», — мяркуе вядучы аналітык Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі РФ Ігар Юшкоў. Ён піша, што ў 2022 годзе, калі ў беларускага боку паўсталі цяжкасці з рэалізацыяй паліва ў Еўропе, Расія дала магутнасці сваіх партоў для адпраўкі прадукцыі беларускіх НПЗ на іншыя рынкі. А пакуль падпісваліся кантракты і выбудоўвалася лагістыка, Беларусь павялічыла продажы нафтапрадуктаў і на расійскім рынку.

Аднак, лічыць эксперт, Маскве і Мінску трэба ўдасканальваць варыянты транспарціроўкі беларускіх нафтапрадуктаў на сусветныя рынкі. На яго думку, гэта важна з пункту гледжання перспектыў павелічэння вытворчасці на НПЗ. Беларусі для выхаду на аб'ёмы перапрацоўкі НПЗ у 24 млн тон нафты трэба будзе не толькі пашыраць транспартныя магчымасці для дастаўкі нафтапрадуктаў у парты Ленінградскай вобласці, але і панізіць сабекошт дастаўкі. «Спатрэбіцца альбо пабудаваць новы нафтапрадуктаправод, альбо перарабіць адну з нітак нафтаправода «Дружба» пад прапампоўку дызельнага паліва», — лічыць эксперт.


Глядзіце таксама

Першы варыянт запатрабуе больш капітальных укладанняў на старце, затое гэты лагістычны калідор будзе мець найменшую працягласць з улікам выхаду ў парты Ленінградскай вобласці. Другі варыянт мае меншыя выдаткі, але вялікую працягласць, а значыць, і больш высокі сабекошт эксплуатацыі.

Праўда, лічыць Юшкоў, Беларусі спачатку трэба вызначыцца з аб'ёмамі і напрамкамі экспарту нафтапрадуктаў. Мінімальная прапускная здольнасць нафтапрадуктаправода для эканамічнай мэтазгоднасці яго працы ад Беларусі да Ленінградскай вобласці РФ складае каля 3 млн тон на год. «Адпаведна, гэта павінна быць дызельная труба, і ў выпадку ўзрастання прапускной здольнасці хаця б да 5-6 млн тон на год сабекошт транспарціроўкі на кожную тону знізіцца, што дазволіць палепшыць эканамічныя паказчыкі беларускіх экспарцёраў», — піша Юшкоў.

Беларуская нафтаперапрацоўка не вырасце да 24 млн тон

Афіцыйная інфармацыя пра аб'ёмы вытворчасці і экспарту беларускіх нафтапрадуктаў адсутнічае з траўня 2021 года, бо Белстат перастаў яе публікаваць.

Аднак ускосныя звесткі сведчаць, што беларускія НПЗ у апошнія гады не змаглі аднавіць ранейшыя аб'ёмы перапрацоўкі нафты, нягледзячы на фінансавую і лагістычную падтрымку РФ.

У прыватнасці, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Нафтан» Сяргей Яўтушык на канферэнцыі работнікаў прадпрыемства нядаўна паведаміў, што «Нафтан» у 2023 годзе перапрацаваў больш за 6 млн тон нафты. Гэта ў 2 разы менш, чым чакалася пасля маштабнай мадэрнізацыі завода. І гэта нягледзячы на тое, што «Нафтану» ў апошнія гады была аказана беспрэцэдэнтная дзяржпадтрымка ў выглядзе падатковых ільгот і крэдытаў, фінансавання бягучай дзейнасці і рэгулявання цэн на паліва.


Глядзіце таксама

Інфармацыя аб аб'ёмах перапрацоўкі нафты Мазырскім НПЗ за 2023 год не агучвалася, хоць, трэба меркаваць, завод таксама працаваў не на максімуме сваіх магчымасцей.

Таксама відавочна, што ў агляднай перспектыве ва ўмовах заходніх санкцый Мазырскі НПЗ і «Нафтан» не змогуць павялічыць загрузку сваіх магутнасцей, як чакалася, да 12 млн тон кожны.

Мяркуючы па ўсім, не апраўдаліся і завышаныя чаканні беларускіх чыноўнікаў ад паставак нафтапрадуктаў на расійскі рынак.

Раней былі дасягнуты папярэднія дамоўленасці наконт штомесячных паставак у РФ да 100 тыс. тон беларускага дызельнага паліва і да 50 тыс. тон бензіну. Пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты ў чэрвені 2023 года заяўляў, што Беларусь плануе ў 2023 годзе паставіць у Расію каля 1 млн тон нафтапрадуктаў. «Мы ніколі традыцыйна свае нафтапрадукты ў Расію не пастаўлялі. Але сёлета пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у Расію могуць дасягнуць мільёна тон з нашага традыцыйнага агульнага экспартнага аб'ёму 6-7 млн тон», — заявіў амбасадар.

Дарэчы, да ўвядзення санкцый Беларусь экспартавала не 7-8 млн тон нафтапрадуктаў, а ў 2 разы больш — 12-14 млн тон на год.

Адзначым, што міністры фінансаў РФ і Беларусі Антон Сілуанаў і Юрый Селіверстаў падпісалі 3 кастрычніка 2022 года дагавор аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках, які і дапамог беларускаму боку вырашыць праславутае пытанне з кампенсацыяй страт ад падатковага манеўру і стварыў дастаткова камфортныя ўмовы для паставак паліва ў РФ. Беларускі бок тады заяўляў, што гэтая кампенсацыя дазваляе беларускім НПЗ прадаваць у РФ 1,8 млн тон маторнага паліва ў год.

Колькі ж насамрэч паставілі ў 2023 годзе беларускія НПЗ нафтапрадуктаў у РФ, невядома. Верагодна, усё ж менш, чым чакалася — у адваротным выпадку пра паспяховыя пастаўкі ў РФ чыноўнікі ўжо б паведамілі.

Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў падчас прадстаўлення дэпутатам пакета бюджэтных законапраектаў на 2024 год паведаміў, што Беларусь разлічвае атрымаць з Расіі бюджэтны трансфер у памеры RUB 2,1 млрд (каля USD 650 млн у эквіваленце) у рамках кампенсацыі страт беларускім НПЗ за падатковы манеўр. Урад Беларусі плануе накіраваць гэтыя грошы Мазырскаму НПЗ і «Нафтану» ў выглядзе зваротнага акцызу. Але гэтыя бонусы, мяркуючы з усяго, не дапамогуць ім істотна нарасціць пастаўкі ў РФ і такім чынам кампенсаваць страту выгадных еўрапейскіх і ўкраінскага рынкаў збыту нафтапрадуктаў.

Справа ў тым, што РФ апрыёры практычна не мае патрэбы ў імпарце нафтапрадуктаў — праблемы з палівам там узнікалі з прычыны таго, што нафтавым кампаніям у пэўныя перыяды было больш выгадна экспартаваць нафтапрадукты, чым пастаўляць на ўнутраны рынак. Цяпер урад РФ распачаў шэраг захадаў, каб унутраны паліўны рынак не сутыкнуўся з дэфіцытам маторнага паліва.


Глядзіце таксама

Паводле звестак віцэ-прэм'ера РФ Аляксандра Новака, у Расіі ў 2023 годзе здабыча нафты і газавага кандэнсату знізілася на 0,9% у параўнанні з 2022 годам і склала 530,6 млн тон, экспарт нафты скараціўся на 3,3% — да 234,3 млн тон, 85% сышло ва ўсходнім кірунку, 15% — у заходнім (у 2021 годзе пры супастаўным аб'ёме экспарту суадносіны былі 40%/60%). Пры гэтым першасная перапрацоўка нафты вырасла на 1,1% — да 275 млн тон, вытворчасць аўтамабільных бензінаў вырасла на 3,1% — да 43,9 млн тон, дызельнага паліва — на 3,5% (да 88,1 млн тон), глыбіня перапрацоўкі нафты фактычна захавалася на ўзроўні 2022 года — да 84,1%.

У студзені 2024 года з 3,49 млн тон вырабленых аўтамабільных бензінаў нафтавыя кампаніі адгрузілі на ўнутраны рынак 3,047 млн тон, што на 6,5% больш, чым год таму. Пры гэтым экспарт бензіну скараціўся на 31,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года — да 442,3 тыс. тон.

НПЗ робяць стаўку на прадукцыю з высокай дададзенай вартасцю

Відавочна, кіраўніцтва беларускіх НПЗ цвяроза ацэньвае рызыкі, звязаныя з экспартам нафтапрадуктаў, у тым ліку і ў РФ. Канцэрн «Белнафтахім» нядаўна прызнаў, што нафтаперапрацоўчая галіна краіны не зможа далей развівацца за кошт павелічэння перапрацоўкі нафты. Зараз у развіцці нафтаперапрацоўчай галіны зроблена стаўка на вытворчасць новых прадуктаў нафтаперапрацоўкі з высокай дададзенай вартасцю.

У прыватнасці, гендырэктар «Нафтана» Алег Жэбін нядаўна паведаміў, што завод плануе ўзяць курс на нафтахімію, а не на паліўную сыравіну.

Паколькі цяпер «Нафтан» уяўляе саюз двух заводаў (у 2008 годзе НПЗ рэарганізаваны шляхам далучэння да яго ААТ «Палімір»), то тут будуць рабіць упор на мадэрнізацыю нафтахімічнай часткі. У прыватнасці, прадугледжаны рэканструкцыя піролізных магутнасцей, а таксама атрыманне прадуктаў сінтэзу, якія раней на прадпрыемстве не выпускаліся, — полікарбанатаў, АВС-пластыку. Акрамя таго «Белнафтахім» прапрацоўвае магчымасць вытворчасці на «Нафтане» базавых масляных кампанентаў.

У канцэрне адзначаюць, што ў Беларусі цяпер запатрабавана вытворчасць розных відаў змазачных матэрыялаў. «Нафтан»вырабляе базавыя масляныя кампаненты і таварныя маслы, аднак некаторыя віды базавых масляных кампанентаў для іх вырабу закупляюцца за межамі Беларусі. Цяпер прапрацоўваецца магчымасць іх выпуску на «Нафтане».


Глядзіце таксама

Мазырскі НПЗ таксама прыступае да рэалізацыі праектаў нафтахімічнага профілю. Нядаўна завод актуалізаваў праграму развіцця з арыенцірам на нафтахімічныя праекты. У план закладзена будаўніцтва блока канцэнтравання прапілену, устаноўкі па вытворчасці поліпрапілену, комплексу алкілавання бензолу. Паралельна НПЗ рэалізуе праект па будаўніцтве ўстаноўкі дэасфальтызацыі.

«Белнафтахім» звязвае перспектывы развіцця нафтахімічнай галіны з імпартазамяшчэннем

Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў адзначаў, што дзякуючы праектам па стварэнні вытворчасцей імпартазамяшчальнай прадукцыі (прапілен, поліпрапілен і лінейныя алкілбензолы) у Беларусі будзе створана сыравінная база для перапрацоўшчыкаў палімераў, а таксама вытворцаў сінтэтычных мыйных сродкаў і іншай прадукцыі.

У «Белнафтахіме» сцвярджаюць, што цяпер нафтахімічная галіна адчувае сябе адносна добра: беларускія прадпрыемствы нафтахіміі пераразмеркавалі ўвесь асартымент, які раней пастаўляўся ў еўрапейскі і шэраг іншых рэгіёнаў, таксама вырашаны пытанні лагістыкі пасля таго, як прадпрыемствы аказаліся фактычна адрэзанымі ад партоў Балтыйскага мора ў краінах Балтыі.

У канцэрне заяўляюць, што ў новых палітычных і эканамічных умовах вітаецца інтэнсіфікацыя супрацоўніцтва з краінамі Азіі і Афрыкі, але асноўным стратэгічным партнёрам у нафтахімічнай галіне застаецца РФ. Пры гэтым кіраўніцтва канцэрна працягвае шукаць новыя маржынальныя рынкі збыту нафтахімічнай прадукцыі.

Відавочна таксама, што канкурэнцыя на рынках нафтахімічнай прадукцыі імкліва расце, і вытрымаць яе ва ўмовах санкцый беларускім прадпрыемствам будзе вельмі праблематычна. Сур'ёзным стрымліваючым фактарам развіцця галіны па нафтахімічным профілі з'яўляецца праблема фінансавання пазначаных праектаў, а таксама рынкаў збыту.