Вялікі мітынг з нагоды другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў Вільні (Фота)

Велічэзныя сцягі Украіны, Літвы і Беларусі, «Слава Україні!» на дзясятках моў свету ды 8 мільёнаў еўра на камплекты бяспекі для вайскоўцаў — Літва справай выказвае падтрымку Украіне і шанаванне еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Мітынг у Вільні ў падтрымку Украіны

Мітынг у Вільні ў падтрымку Украіны


Хаця далучыцца да марша можна было ў любым месцы па шляху следавання, першым пункту збору стаў помнік Тараса Шаўчэнкі ва Украінскім скверы. 

Адтуль пад грукат барабанаў пачала рухацца вялізная калона людзей, разгортваючы шматметровыя сцягі ўкраінскай, літоўскай і беларускай дзяржавы. Іншыя (хто спаў да абеду) моўчкі чакалі іх на Катэдральнай плошчы.

І вось, з невялікім спазненнем, удалечыні віднеецца нібыта бязмежны натоўп, што гучна вітае горад словамі: «Слава Україні!», «Одна, Єдина, Соборна Україна!» і знакамітай, падаецца, ужо на ўвесь свет харкаўскай крычалкай «Пуцін — *****».

Пасля аб’яднання на плошчы амаль не засталося свабоднага месца: побач стаялі ўкраінцы, беларусы, грузіны, латвійцы, эстонцы, анархісты ў чорнай паранджы (за апошнімі крыху назірала паліцыя). Адметна, што абсалютную большасць удзельнікаў складалі менавіта літоўцы, што шмат гаворыць пра свядомасць народа.

Праграма пачалася з выканання гімна і звароту Уладзіміра Зяленскага да ўкраінцаў замежжа на мультымедыйным экране, пасля словы падхапілі прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, спікерка Сойма Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн ды іншыя дзеячы, якія падкрэслілі, што становішча Украіны цяпер знаходзіцца ў крытычным і вырашальным стане, таму ў гэты час кожны павінен працягнуць руку дапамогі дзяржаве, якая абараняе свабоду і бяспеку Еўропы.

Напрыканцы да мікрафону запрасілі амбасадараў ЗША, Канады, Японіі, Ісландыі, Італіі, Малдовы ды іншых дэмакратычных краін, каб тыя выказалі словы падтрымкі Украіне на сваёй мове.

Пасля заходу ўжо агульная калона пачала рухацца на Лукішскую плошчу, паўтараючы зноў і зноў, хто ёсць Пуцін.


Там падвялі вынікі агульнанацыянальнай акцыі RADAROM, якая праводзілася ў Літве ўвесь месяц. Так, званком на нумар 1485 літоўскія кампаніі і фізічныя асобы маглі пакінуць ахвяраванне на суму ад 5 еўра. Па абвяшчэнні рэзультатаў арганізатары назвалі лічбу ў 8 мільёнаў 288 тысяч еўра.

На сродкі, сабраныя ў рамках RADAROM, будуць набыты камплекты бяспекі для ўкраінскіх вайскоўцаў, у якія ўваходзяць монакуляр начнога бачання, лазерны прыцэл ды індывідуальны антыдронавы комплекс. Адзін камплект бяспекі для вайскоўца каштуе 7500 еўра. Усё прафесійнае якаснае абсталяванне будзе выраблена і набыта ў літоўскіх вытворцаў.