Гісторыя Чэчкі не навучыла. Польскі суддзя збег у Беларусь і папрасіў абароны ў беларускіх уладаў
Томаш Шмыдт, суддзя 2-га аддзялення ваяводства адміністрацыйнага суду Варшавы 6 траўня выступіў у прэсавым цэнтры беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА. Шмыдт у прэс-цэнтры БелТА падпісаў заяву аб адстаўцы і выступіў з палітычнымі заявамі ў падтрымку беларускіх уладаў, піша «Свабода».
Таксама ён сказаў, што папрасіў абароны ў беларускіх уладаў. У сваім тэлеграм-канале, створаным 6 траўня, Шмыдт заявіў аб матывах свайго ўчынку:
«З прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў вымушана пакінуў родную краіну і цяпер знаходжуся ў Беларусі. Зазнаў пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю. Я заяўляю пра свой пратэст уладам Польшчы, якія пад уплывам ЗША і Вялікай Брытаніі вядуць краіну да вайны. Народ Польшчы выступае за мір і добрасуседскія адносіны з Беларуссю і Расіяй. Менавіта таму я знаходжуся ў Мінску і гатовы расказаць праўду».
Што вядома пра Томаша Шмыдта
Томаш Шмыдт раней займаў розныя пасады ў судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы. З'яўляўся кіраўніком юрыдычнага аддзела ў Нацыянальнай радзе суддзяў Польшчы.
Ён быў у цэнтры вялікага палітычнага скандалу. Шмыдт разам з іншымі суддзямі, лаяльнымі папярэдняй уладзе, арганізаваў групу, што збірала кампрамат на іншых суддзяў, якія крытыкавалі ўладу.
Былая жонка Шмыдта асабіста хэйціла суддзяў пад ананімным нікам «Mała Emi», выкарыстоўваючы сакрэтныя матэрыялы, атрыманыя ад тагачаснага мужа і іншых суддзяў. Сам Шмыдт у гэтым прызнаўся і выказваў шкадаванне.
Эмілія Шмыдт — фігурантка гучнай у Польшчы «хэйтавай аферы», у рамках якой яна прадставіла СМІ прыватную перапіску журналістаў і суддзяў з мэтай іх дыскрэдытацыі.
Паводле звестак Onet, у рамках «хэйтавай аферы» ў WhatsApp павінна была быць створана закрытая група пад назвай «Каста», якая абменьвалася думкамі аб тым, як ачарніць асобных суддзяў. Як паведамлялі СМІ, у яе ўвайшоў сярод іншых і Томаш Шмыдт.
Шмыдта ў выніку адхілі ад пасады суддзі. Шэраг суддзяў, якія былі згаданыя ў аферы, у тым ліку Томаш Шмыдт, заявілі, што будуць падаваць грамадзянскія пазовы і прыватныя абвінаваўчыя акты ў суды, паколькі, на іх думку, недастаткова, каб старшыня Правінцыйнага адміністрацыйнага суду, абапіраючыся выключна на паведамленні СМІ, пастанавіў «неадкладна спыніць выкананне службовых абавязкаў суддзі Шмыдту». На іх думку, уся справа выглядала як змова з мэтай знішчыць рэпутацыю Шмыдта.
Празь некаторы час суддзя Шмыдт быў адноўлены на пасадзе.
Пракуратура ў Свідніцы хацела завесці крымінальную справу супраць Эміліі Шмыдт. Ёй збіраліся выставіць абвінавачанне 21 сакавіка 2024 году. Гэтага не адбылося, бо матэрыялы справы былі перададзеныя рэгіянальнай пракуратуры ва Ўроцлаве, якая ў выніку прыме рашэнні і будзе надалей займацца расследаваннем. Паводле OKO.press, гэты крок мусіць паскорыць расследаванне «хэйтавай аферы».
Гісторыя не вучыць?
Нагадаем, што Шмыдт — не першы грамадзянін Прольшчы, які перабягае ў Беларусь. У 2021 годзе польскі салдат Эміль Чэчка перайшоў мяжу з Беларуссю 17 снежня і папрасіў прытулку. Ён распавядаў беларускаму тэлебачанню пра тое, што польскія ўлады негуманна абыходзяцца з мігрантамі. У прыватнасці, ён прызнаўся, што яму даводзілася забіваць людзей.
Польскі бок паведаміў, што Эміль Чэчка меў праблемы з законам на радзіме, злоўжываў алкаголем і наркотыкамі. У Польшчы на яго завялі крымінальную справу за дэзертырства. Гэта было 17 снежня 2021-га.
А ўжо 17 сакавіка 2022 году СМІ паведамілі, што Эміль Чэчка быў знойдзены павешаным у кватэры, дзе ён жыў у Мінску.