«У мяне жонка беларуска!» Ці сапраўды ў палякаў пагоршала стаўленне да беларусаў

Цэнтр даследаванняў грамадскай думкі (Centrum Badania Opinii Społecznej, CBOS) штогод праводзіць апытанне пра адносіны палякаў да іншых народаў. У даследаванні 2024 года толькі 24% удзельнікаў выказалі сімпатыю да беларусаў. І ажно 47% прызналіся ў непрыхільным стаўленні — усяго тры гады раней дакладна такі ж працэнт рэспандэнтаў выказваўся пра беларусаў прыязна.

6bcab09f_d4ef_4e51_90ad_1abaed8a52a7.jpg

Чаму ў палякаў так моцна змянілася стаўленне да беларусаў? Ці сапраўды яны пачалі ставіцца да эмігрантаў горш? Пра гэта выданне MOST запыталася ў мінакоў на вуліцах Беластока.

«Для мяне беларус — як кожны чалавек»

— Паводле апошніх даследаванняў грамадскай думкі, ажно 47% палякаў дрэнна ставяцца да беларусаў, толькі 27% ставяцца добра. А як вы адносіцеся да беларусаў?

— Я гэтага не разумею. Для мяне беларус — як кожны чалавек.

— Вы не дзеліце людзей?

— Не.

— Бо паводле гэтых даследаванняў найлепшае стаўленне да амерыканцаў, найгоршае да расіян.

— Гэта толькі людзі, усе мы людзі.

— А вы сустракаецеся дзе-небудзь з беларусамі тут, у Беластоку, на працы, у жыцці?

— Так.

— А ў якіх сітуацыях?

— У розных, нават сяброўскіх. У нас шмат сяброў-беларусаў.

— Якія цяпер тут жывуць?

— Жывуць тут, жывуць там. Для нас гэта не мае розніцы. Гэта проста людзі. Я заўсёды ўсім гэта тлумачу. Паляк — гэта чалавек, беларус — гэта чалавек, або амерыканец — гэта чалавек. Усё залежыць ад чалавека.


Глядзіце таксама

«Калі ўсё змешваецца — гэта файна»

— Агулам станоўча [адношуся]. Я была за мяжой шмат гадоў, і гэта выдатна, што ўсё больш чалавек бывае за мяжой, праўда? Гэта добра для ўсіх.

— Але чаму? Вы можаце растлумачыць, што гэта дае?

— Ну, розныя культуры змешваюцца, розныя падыходы да жыцця. Калі ўсё змешваецца — гэта файна. Дзякуючы гэтаму ўсё развіваецца больш.

***

— Блін, не ведаю. А якія мы можам мець адносіны? Станоўчыя, я мяркую.

***

— Мы ўсе тут, на гэтай зямлі, блізка адзін да аднаго і павінны паважаць адзін аднаго. А раздзяляе нас чалавечая слабасць. Нейкія, можа, погляды звонку. Але людзі… Яны мала падзеленыя. Тут больш сваяцкія сувязі, розныя дзелавыя дамоўленасці і гэтак далей.

«Калі палякі мігравалі на Захад, мы таксама разлічвалі на цёплы і сардэчны прыём»

— Вельмі люблю і падтрымліваю [беларусаў], наколькі магу. Нядаўна ў мяне была гутарка пры прыёме на працу з адной вельмі сімпатычнай беларускай жанчынай. Спадзяюся, яна застанецца з намі на працы.

Адкуль наогул такое пытанне? Калі палякі мігравалі на Захад, мы таксама разлічвалі на цёплы і сардэчны прыём.

***

— Думаю, добрыя [адносіны]. Таму што яны [беларусы] не вінаватыя ў той сітуацыі, што зараз у Беларусі.

***

— Я люблю ўсіх людзей. І гэта трэба мець у сэрцы. Незалежна ад знешнасці, незалежна ад паходжання, усе цудоўныя.

***

— Шчыра кажучы, я зусім не думала ў такім кантэксце, каб негатыўна ставіцца да беларусаў. Магчыма, мы па зразумелых прычынах не вельмі добра ставімся да беларускіх уладаў, але беларускі народ дакладна не зрабіў нам нічога, каб мы думалі пра яго нешта дрэннае.

Я думаю, што гэта нейкае нагнятанне. І гэта не абавязкова тое, што думаюць людзі. Я б не абапіралася толькі на вынікі нейкіх даследаванняў, таму што кожны кажа тое, што хоча сказаць, а тое, што ён думае — гэта ўжо іншае.


Глядзіце таксама

«Беларусь — гэта Польшча»

— Да ўсіх стаўлюся станоўча. Пакуль яны не робяць беспарадак.

***

— Беларусь — гэта Польшча. Гэта яшчэ залежыць дзе, але гэта нашыя землі. Так што гэта нашы, так бы мовіць, землякі.

Калі не ведаць гісторыі, на жаль, такія наступствы бываюць пазней. А людзі, як кажуць, паддаюцца ўплыву. Паддаюцца глупству.

***

— Я сустракаюся з беларусамі ў Варшаве, супрацоўнічаю з беларусамі. Я іх вельмі цаню.

— А дзе вы працуеце?

— У будаўніцтве. Я думаю, што нехта падцягнуў гэтыя лічбы або даследаванне праводзілася з няправільнымі словамі.

«Мы не любім замежнікаў»

— Мы не любім [замежнікаў].

— Чаму?

— Агулам гэта залежыць. Пытанне ў тым, што калі… Калі прыязджаюць замежнікі, якія добра сябе паводзяць і хутчэй падладжваюцца пад правілы, то гэта файна. Аднак, калі яны спрабуюць выклікаць сваёй гісторыяй нейкае спачуванне, то ўжо неабавязкова.

Бываюць выключэнні, якія сапраўды станоўча ўплываюць на ўспрыманне [палякамі замежнікаў], але іх меншасць, а не большасць.

— І гэтыя вынікі даследаванняў вартыя даверу?

— Безумоўна.

«Прасцей навучыцца чамусьці негатыўнаму, чым прыняць нешта станоўчае»

— Напэўна, нейкія стэрэатыпы, але я не бачу нічога дрэннага, што б ставіла іх [беларусаў] у горшае за палякаў становішча.

***

— Я лічу таксама, што гэта ў асноўным стэрэатыпы і тое, што людзі часта ўмеюць успрымаць негатыўныя меркаванні і часцей прымаюць іх, чым пазітыўныя. Таму што прасцей навучыцца чамусьці негатыўнаму, што нехта там сказаў, чым прыняць нешта станоўчае.

***

— У мяне жонка беларуска, я задаволены сваёй жонкай.