«Мару святкаваць Дзень Волі ў Беларусі». Полька вучыць беларускую, слухае Вольскага
Ці шмат вы ведаеце замежнікаў, якія цікавяцца Беларуссю, чытаюць навіны, слухаюць нашу музыку і вучаць беларускую мову? Напэўна, не. Але такія людзі існуюць. І яны цудоўныя, піша «Еўрарадыё».

Калаж "Еўрарадыё"
26-гадовую польку Вераніку Камалу выданне знайшло цалкам выпадкова. Яна пакінула каментар, дзе прызнавалася ў сваёй любові да Беларусі, пад постам у Instagram. І тут, як той казаў, панеслася.
Журналісты задалі Вераніцы ўсе пытанні, якія задаў бы ёй любы беларус.
«Я думала, што беларусы гавораць па-беларуску»
Вераніка нарадзілася ў невялікім польскім мястэчку Хшануў, а пасля школы пераехала ў Катавіцэ, дзе вучыцца на шостым курсе медуніверсітэта. Калі летам здасць усе экзамены, то ў кастрычніку пачне працаваць доктарам-стажорам.
Большую частку жыцця Вераніка мала ведала пра Беларусь. У польскіх падручніках расказвалі пра Вялікае Княства Літоўскае і пра вядомых літоўцаў, але ёй і ў галаву не прыходзіла, што яны могуць быць звязаныя з нашай краінай. Яна атаясамлівала іх з сучаснай Літвой.
Прычын, з якіх яна пазней зацікавілася Беларуссю, некалькі.
— Па-першае, гэта звязана з маёй сям'ёй. Мая бабуля расказала, што яе мама (мая прабабуля) нарадзілася ў Слуцку, а мой прапрадзед быў заснавальнікам і дырэктарам школы ва Уздзе. Па-другое, я была шакаваная, калі даведалася, што беларуская мова знаходзіцца на мяжы знікнення. Калісьці мне ўсё здавалася простым: я думала, што беларусы гавораць па-беларуску гэтак жа, як палякі гавораць па-польску.
А па-сапраўднаму вялікая цікавасць да Беларусі ў Веранікі прачнулася пасля пачатку вайны ва Украіне.
— Тады многія беларусы перайшлі на беларускую, пачалі падкрэслена дыстанцыявацца ад Лукашэнкі. Я зразумела, што беларусы, якія прыязджаюць у Польшчу, — у асноўным палітычныя ўцекачы, якія гатовыя працаваць, развівацца, вывучаць польскую, нашу культуру і гісторыю. Такія людзі — скарб для Польшчы!
Пра падзеі ў Беларусі 2020 года Вераніка ведае шмат, хоць і прызнаецца, што тады асабліва не зануралася ў навіны.
— Памятаю, мяне ўразіла выхаванасць беларусаў. Людзі разуваліся, каб стаць на лаўку, прыбіралі за сабой смецце. У якой яшчэ краіне гэта магчыма? Супраць Лукашэнкі выйшла так шмат людзей! І гэта былі не «наркаманы і прастытуткі», а маладыя, прыгожыя, адукаваныя людзі. Шкада, што нічога не атрымалася.
Глядзіце таксама

«Мне важна, каб яны адчувалі сябе камфортна тут»
Пасля 2020 года, ратуючыся ад рэпрэсій, у Польшчу пераехала шмат беларусаў. Для Веранікі гэта магчымасць пазнаць новых людзей лепей. Але з іншага боку, ёй шкада, што беларусам давялося пакінуць свае дамы і бегчы з роднай краіны.
— Многія мае сябры не могуць паехаць дадому на святы ці на пахаванне блізкага чалавека. Мне важна, каб яны адчувалі сябе камфортна тут. Беларусы ў Польшчы вельмі згуртаваныя, арганізоўваюць розныя сустрэчы, канцэрты, выставы, лекцыі, урокі гісторыі і беларускай мовы. Яны ўдзячныя Польшчы, а я ўдзячная ім.
Стаўленне палякаў да беларусаў усё ж можна назваць супярэчлівым. Паводле звестак сацапытанняў, толькі да ромаў і расіян яны ставяцца горш. Аднак наша гераіня ўпэўненая, што гэтаму не варта надаваць вялікага значэння.
— Разумееце, многімі адказамі можна маніпуляваць, ствараючы карцінку, якая адпавядае рыторыцы польскіх уладаў. А можа, людзі выказвалі непрыязнасць не да беларускага народа, а да рэжыму Лукашэнкі? А хтосьці мог проста пабаяцца адказаць праўду, бо думаў, што гэта могуць няправільна патлумачыць. Я і сама часам баюся, што праз маю падтрымку беларусаў людзі падумаюць, што мне падабаецца Лукашэнка. Мы павінныя разумець, што ў польскім грамадстве ёсць людзі, якія паняцця не маюць пра сітуацыю ў Беларусі.
На думку Веранікі, палякі мала ведаюць пра беларускія справы, бо да іх проста не даходзіць інфармацыя. Таму беларусам важна праводзіць адукацыйныя кампаніі.
— Напрыклад, я заўважыла, што падчас беларускіх маршаў у Польшчы людзі звычайна нясуць беларускія і ўкраінскія сцягі, але польскага сцяга сярод іх няма. Сярэднестатыстычны паляк не зацікавіцца гэтай падзеяй, а можа і раззлавацца, убачыўшы групу людзей, якія скандуюць незразумелыя лозунгі і трымаюць у руках замежныя сцягі. Калі б побач быў польскі сцяг, гэта мяняла б справу.
Тое самае з лозунгамі. Я чую толькі «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!», але пра лозунг «Niech żyje Polska!» людзі не ведаюць. Мне здаецца, трэба запрашаць на беларускія мерапрыемствы і палякаў: размяшчаць абвесткі на польскіх сайтах, рабіць афішы на польскай мове, прасіць блогераў пра рэкламу. Тады да беларусаў пачнуць ставіцца лепш.
Глядзіце таксама

Вельмі люблю словы «каханне», «натхненне», «буська», «надзея», «хаўруснік»
Зацікавіўшыся беларускімі справамі, Вераніка вырашыла вывучаць і мову. Дзяўчына ўжо нядрэнна чытае і піша. А вось з маўленнем часам узнікаюць праблемы.
— Анлайн я звычайна размаляю па-беларуску, а падчас жывых сустрэч — па-польску, у мяне пакуль не хапае слоўнікавага запасу. А суразмоўца адказвае мне па-беларуску ці па-руску. Так мы і вучым мовы адно аднаго.
Мову яна вывучае ў інтэрнэце, слухаючы музыку і чытаючы адукацыйныя старонкі ў Instagram. Беларуская даецца ёй лёгка — Вераніка лічыць, што яна падобная да польскай.
— Гісторыі нашых краін цесна звязаныя, нашы народы жылі побач і змешваліся цягам сотняў гадоў. У нас шмат агульных слоў, падобная граматыка і гукі. Ваша лацінка амаль як наш алфавіт. Нават Кастусь Каліноўскі ў сваім пісьме выкарыстаў ż, w, sz, cz замест ž, v, š, č. Гэта даказвае, што нашы мовы бліжэйшыя, чым мы думаем!
Складанасцяў з вывучэннем таксама хапае. Асабліва цяжка Вераніцы прывыкнуць да націску: у польскім гэта заўсёды перадапошні склад, а ў беларускім націск можа быць усюды. Узнікаюць цяжкасці і з некаторымі гукамі.
— Мне складана вымаўляць словы, у якіх ёсць фрыкатыўны «г» ці цвёрды «ч». А яшчэ незразумелыя мяккія гукі, скажам, слова «зялёны». Я не магу растлумачыць, але мой мозг чытае яго як «зіалёны» або «зьяльёны». А наогул ваша мова проста супер, я вельмі люблю такія словы, як «каханне», «натхненне», «буська», «надзея» ці «хаўруснік».
Глядзіце таксама

«Хачу купіць сукенку ў беларускім стылі»
У працэсе вывучэння мовы Вераніка прыахвоцілася і да беларускай культуры. Яна слухае шмат музыкі і чытае беларускіх аўтараў.
— Я ведаю шмат выдатных беларускіх пісьменнікаў, такіх як Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімір Караткевіч. З музыкі слухаю Tor Band, «Дымна Лотва», NaviBand, Лявона Вольскага, «Разбітае сэрца пацана», Iva Sativa, Dzieciuki, Маргарыту Ляўчук і Літу Талер.
Акрамя гэтага, Вераніка цікавіцца беларускай кухняй і модай, хоча купіць сабе сукенку ў беларускім стылі. А яшчэ яна разам з беларусамі адзначае нацыянальныя святы.
— Летась я святкавала Дзень Волі ў Кракаве, сёлета была на шэсці ў Варшаве. Беларусы не павінныя заставацца самотнымі ў барацьбе за свабоду. Гэта барацьба і палякаў таксама. Я слухала выступы былых палітвязняў і актывістаў, а потым весялілася на канцэрце. Буду падтрымліваць вашу культуру і перакананая, што гэта мусіць рабіць кожны паляк. Беларусы — нашы саюзнікі і сябры, у нас ёсць маральны абавязак вас падтрымаць.
«Мая мара — адсвяткаваць наступны Дзень Волі ў Беларусі»
Сябры і сям'я дзяўчыны ведаюць пра яе любоў да Беларусі. Яны не падзяляюць яе інтарэсаў, але і супраць нічога не маюць.
— Нягледзячы на тое, што не ўсе ў Польшчы цікавяцца гісторыяй і культурай Беларусі, мне ўдалося даказаць многім, што ваша краіна — гэта больш, чым марыянетка Расіі. Я размяшчаю пасты, дзе інфармую палякаў пра тое, што большасць беларусаў не падтрымлівае Лукашэнку, пішу каментары, публікую сторыс. Звычайна я сутыкаюся са станоўчай рэакцыяй — людзі дзякуюць мне за «лікбез» і пішуць пра свой станоўчы досвед зносін з беларусамі.
У Беларусі дзяўчына ніколі не была. Раней у гэтым не было неабходнасці, а цяпер туды ехаць небяспечна. Адно з яе галоўных жаданняў — каб аднойчы Беларусь адкрылася для еўрапейцаў.
— Я б хацела мець магчымасць свабодна ездзіць у
Беларусь, вывучаць мову, заводзіць знаёмствы, падарожнічаць. Мая мара —
адсвяткаваць наступны Дзень Волі ў Беларусі, сярод бел-чырвона-белых сцягоў,
музыкі, кветак і людзей, якія смяюцца, радасна святкуючы сваю незалежнасць, —
рэзюмуе дзяўчына.