Мова, якая яна ёсьць. Праекту «Нішо» хутка ўжо год

Хутка споўніцца год цікаваму, актуальнаму, сьмеламу, інтэрактыўнаму і надзвычай пэрспэктыўнаму праекту «Нішо» — анлайн-слоўніку сучаснага беларускага слэнгу. На фоне сумных і цяжкіх навінаў з радзімы, з рэгіёну наагул гэты праект літаральна іскрыцца аптымізмам і дэманструе, што беларуская мова ня проста трывае, але разьвіваецца, рэагуе на жуду і цуды, апісвае іх з бязупыннымі кепікамі, задзейнічваючы ў тым ліку моладзь і ейны творчы слэнгавы патэнцыял. 

unnamed_306.png

Падаецца, разьвіцьцё моладзевага слэнгу зьяўляецца якраз тым самым важным і станоўчым індыкатарам разьвіцьця мовы. Генэрацыйны чыньнік вельмі важны ў разуменьні трываласьці мовы. Праект-анлайн-слоўнік функцыянуе дзякуючы групе энтузіастаў-ак на чале з аўтарам праекту і натхняльнікам Міхаілам Волчакам. І зноў беларуская спэцыфіка — немовазнаўчая, але прасякнутая праблематыкай і досыць абазнаная ў моўных вірах каманда, дапамагае разбураць стэрэатыпы вакол беларускай мовы і дэманстраваць наколькі смачным, крэатыўным і жвавым ёсьць сучасны беларускі слэнг. А галоўнае, каманда зразумела важны сацыялінгвістычны пастулят: сабраць той пляст мовы, які звычайна застаецца без слоўнікавай прапіскі ды часта па-за інтарэсам мовазнаўцаў і паказаць мову, якой яна ёсьць — без купюраў, цэнзуры і чысткі, а не якой яна павінна быць, да чаго часта імкнуцца пурысты-сткі. 

1712327726874blob.jpg

Перадусім гэта цудоўная плятформа для збору сучаснага слэнгу. Зразумела, вузкім спэцыяліст-к-ам у мовазнаўстве вядомыя гістарычныя праявы спэцыфічных сацыялектаў розных групаў і катэгорыяў (жаўнераў, рамесьнікаў, шкаляроў, вязьняў і пад.) — найбольш вядомымі прыкладамі зьяўляюцца мова шапавалаў Дрыбіна Магілёўшчыны, мова лабараў — прафэсійных зьбіральнікаў ахвяраваньняў на патрэбы царквы Кобрыньскага павету Гарадзенскай губэрні і некаторыя іншыя. А вось на сучасным этапе часта складваецца ўражаньне, што беларускага слэнгу не існуе ці ён зьяўляецца бляклай копіяй расейскага. Слоўнік «Нішо» якраз дэманструе,  што беларуская словатворчасьць дзейнічае незважаючы на русіфікацыю ды амэрыканізацыю мовы ды сьвету. Як рускамоўная, так і беларускамоўная моладзь Беларусі спантанна задзейнічваюць розныя мэтады слэнгавай лексыкі: кальку (вакно магчымасьцяў, шырспажыў), фанэтычную мімікрыю (ямеля — эмэйл), тэлескапію (камтралеры/камтралёры, наркаманаўка — наркамаўка), абрэвіятурызацыю слэнгу (ШХЗ? — «Што за халера?», КМПДУ — «калі мы прыйдзем да ўлады»), нэалёгію (таўканка — туалетная папера, гарбузіны — то-бок улазіны) і г.д. Да ўсяго слэнг уключае шматлікія англіцызмы, дакладней амэрыканізмы (лук, база, маза, намайніць, скіл) ды запазычэньні зь іншых моваў (напр. жмогус), дыялектныя беларускія словы (хабал, шлыхацца) і трасянкавыя (ператрахіваць, ашчушченіе).

Яшчэ адной важнай станоўчай рысай слоўніка зьяўляецца ягоная гендарная і сэксуальная інклюзіўнасьць: каманда «Нішо» не зацыкліваецца на гетэрасэксуальным сьвеце і прапануе досыць шырокую карціну сьвету сучаснай беларускай моладзі. У слоўніку ёсьць цікавыя, часам новыя моўныя адзінкі з квір ды ЛГБТК+-жыцьця: вясёлкавыя, дуронік, падплыць селязьням, юраваблівы/юразваблівы, гуляньне ў сьнежкі, галяндзкі штурвал, кола, пячэнька і пад. Што азначаюць гэтыя словы і выразы, вы даведаецеся на старонцы анлайн-слоўніка.

Таксама варта адзначыць сьмеласьць праекту ў пазначэньні вульгарызмаў-сэксуалізмаў — маладое пакаленьне дзеліцца сваімі назіраньнямі і сэксуальнымі практыкамі, што адбіваецца ў мове: гасьцінец, камтролер, гуляньне ў сьнежкі, чэлесьціва, похвасьціва, раманчык, удуцьцё, узбадзёрыш, елдасмок, галяндзкі штурвал, кола, пячэнька, грукацца і г.д. Тлумачыць гэтыя словы ды выразы не бяруся — некаторыя тлумачэньні належаць да нецэнзурных, таму шукайце адказы на старонках «Нішо».

Вядома, 2020 год не пакінуў моладзь абыякавай — у моладзевым ды ня толькі слэнгу яскрава і крытычна праявілася палітычна-ідэалягічная лексыка: вамбат, наркаманаўка, бульбасрач, ябалт, ябацька, змагар, аліўкі, касманаўты, вусы паласкаць, азаронкаўшчына, памілуха, турбазянонаўцы і г.д.

Частка слэнгу мае выключна менскую прапіску і будзе зразумелая пераважна менчукам: Кукурузьнікі, Маўзалей, Панікоўка, Зыба, Манетка, Ружачка, ружачкі і г.д.

Маімі ўлюбёнымі словамі зьяўляюцца наступныя: нэалягізм «бурбата», які азначае новы папулярны цяпер усюль гатунак гарбаты з шарыкамі тапіёкі і кавалачкамі жэле; «смалільня» — месца для паленьня, «наркаманаўка», як называе моладзь наркамаўку, а таксама «вячорыць» — упарта выпраўляць моўныя памылкі (ад прозьвішча Вінцука Вячоркі).

З павялічэньнем слоўнікавых адзінак камандзе спатрэбіцца больш пільная мовазнаўчая дапамога для зладжанай сыстэматызацыі лексыкі. Ужо цяпер можна аспрэчыць некаторыя тлумачэньні запазычаньняў у слоўніку: летувіскасьць слова «борзды» ці польскасьць «грушак (грушаў) на вярбе». Але гэта ніяк не ўплывае на якасьць важнай і калясальнай працы, якую распачала і ўжо ажыцьцявіла каманда «Нішо». Можна толькі пажадаць праекту посьпехаў, фінансавай і мовазнаўчай падтрымкі, а яшчэ «болей чаду!», як, мажліва, сказала б сучаснай моладзь.