14 гадоў катастрофы пад Смаленскам. Як за гэты час дэградавала Расія

 10 красавіка 2010 года пры заходзе на пасадку пад Смаленскам упаў самалёт з польскай прэзідэнцкай дэлегацыяй на борце. Так здарылася адна з самых вядомых авіякатастроф ХХІ стагоддзя. «НЧ» згадвае яе падрабязнасці і звяртае ўвагу, які жудасны шлях дэградацыі прайшла за мінулы час Расія — краіна, дзе адбылася тая аварыя.

Фота: Вікіпедыя

Фота: Вікіпедыя

Ад Катыні да Смаленска

У гэтай трагедыі шмат сімвалізму, які часткова абумовіў яе наступствы і ўспрыманне ў польскім грамадстве.

Пачаць варта з таго, што дэлегацыя з Варшавы ляцела ў Расію для ўдзелу ў памятных мерапрыемствах з нагоды 70-годдзя Катыні — масавага расстрэлу польскіх афіцэраў у 1940 годзе. Тады супрацоўнікі сталінскага НКУС стрэламі ў патыліцу знішчылі ў Катынскім лесе каля 4 тысяч вайскоўцаў Польшчы. Гэта быў пачатак Другой сусветнай вайны, той яе перыяд, калі Гітлер і Сталін былі хаўруснікамі.

І вось зноў палякі едуць у Расію — і гінуць. Пасля крушэння не выжыў ніхто з 86 пасажыраў і 10 членаў экіпажу. Сярод загінулых — палітычная і вайсковая эліта краіны, уключаючы прэзідэнта Леха Качыньскага з жонкай Марыяй, вядомыя палітыкі, грамадскія і рэлігійныя дзеячы, прадстаўнікі вышэйшага камандавання арміі.

Катастрофа ўскалыхнула свет. На фоне абвешчанай у Польшчы тыднёвай нацыянальнай жалобы ў Варшаву паляцелі шматлікія афіцыйныя спачуванні. Іх выказала і Расія, дзе ўсё адбылося, і Лукашэнка, які яшчэ не лічыў суседнюю краіну ледзь не «ворагам нумар адзін». Да польскіх амбасадаў па ўсім свеце неслі кветкі, жалобныя дні прайшлі не толькі ў еўрапейскіх краінах, але і, напрыклад, у Бразіліі.

Зразумела, што неўзабаве пачалося расследаванне. Нават некалькі расследаванняў. У 2011 годзе міждзяржаўная камісія, створаная ў супрацы Польшчы і РФ, пастанавіла, што самалёт упаў праз памылкі пілотаў пры пасадцы ў складаных умовах надвор’я. Тады сапраўды быў моцны туман, і дыспетчары рэкамендавалі экіпажу ўстрымацца ад прызямлення. У выніку пры кепскай бачнасці самалёт зачапіў крылом дрэвы, перакуліўся і на высокай хуткасці паваліўся на зямлю. Шанцаў выжыць у лётчыкаў і пасажыраў не было.

Да падобных высноў прыйшла і расследавальніцкая камісія, створаная МУС Польшчы. Але ў 2015-м, калі да ўлады ў краіне прыйшла партыя «Права і справядлівасць», якую ўзначальвае Яраслаў Качыньскі — брат-блізнюк загінулага прэзідэнта, у Варшаве ўзяліся нанова расследаваць трагедыю. Тады ж з’явіліся версіі пра нібыта выбух унутры самалёта яшчэ да пасадкі, пра наўмысную дэзынфармацыю ад дыспетчараў, пра ўдзел у гібелі людзей «трэціх» асобаў.

Асобна апісваўся кейс з магчымым мініраваннем борта падчас планавага рамонту ў 2009-м у Самары. Чаму ў Самары? Бо вышэйшае кіраўніцтва дэмакратычнай Польшчы не грэбавала лётаць на расійскім Ту-154.

Справа працягвалася да мінулага году, калі паведамлялася пра намер Польшчы падаць на РФ у Еўрапейскі суд па правах чалавека. Ад позвы адмовілася ў студзені 2024-га ўжо новая ўлада — да чале з Дональдам Тускам, але сацыялагічныя апытанні паказваюць, што значная частка польскага грамадства дагэтуль бачыць у катастрофе «крамлёўскі след».

І варта адзначыць, што спрыяе такому ўспрыманню тое, што адбываецца цягам апошніх гадоў у самой Расіі. З больш-менш прыстойнай краіны яна памалу пераўтварылася фактычна ў дзяржаву-тэрарыста, якая развязвае войны і знішчае мірнае насельніцтва.

Ад Грузіі да Мюнхена

Строга кажучы, на тупіковую сцежку развіцця Расія стала задоўга да 2010-га. Фактычна гэты вектар быў абраны ў хуткім часе пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна. Былы кадэбэшнік і неразборлівы піцерскі карупцыянер з сувязямі ў крымінальных колах любіў разважаць у медыя пра перавагі дэмакратыі і вяршэнства права, але на справе ён адразу стаў разбудоўваць у краіне дыктатуру — калі не персаналісцкую, то карпаратыўную.

За свае першыя дзесяць гадоў ён шмат паспеў зрабіць на гэтым шляху. Распачаў Другую Чачэнскую вайну, напад на Грузію, забраўшы Абхазію і Паўднёвую Асецію. Расправіўся з незалежным тэлебачаннем, каб пачаць спакваля замбаваць насельніцтва прапагандысцкімі наратывамі. Знішчыў палітычны плюралізм прынамсі на федэральным узроўні — ужо пасля выбараў 2007 года ў Дзярждуме не засталося ніводнай рэальна апазіцыйнай фракцыі.

Глядзіце таксама

Здзяйсняў пуцінскі рэжым ужо і рэзанансныя крымінальныя злачынствы. У 2006-м у Лондане быў атручаны былы супрацоўнік расійскіх спецслужбаў Аляксандр Літвіненка. У тым жа 2006-м у Маскве забілі журналістку Ганну Паліткоўскую. У 2009-м у СІЗА «Матроская цішыня» быў закатаваны аўдытар Сяргей Магніцкі, які выкрыў раскраданне бюджэтных сродкамі пуцінскімі чыноўнікамі і сілавікамі.

Ужо вылазіла вонкі і імперскасць. Пунктам адліку тут прынята лічыць прамову Пуціна ў 2007 годзе на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Тады ён раптам абрынуўся з рэзкай крытыкай на Захад, казаў пра шкоднасць «аднапалярнага свету» і пашырэння НАТО, заявіў пра міфічныя знешнія пагрозы для Расіі. Той выступ здзівіў заходніх палітыкаў рыторыкай, якая была характэрная для часоў Халоднай вайны, але дэмакратычны свет яе маўкліва праглынуў. Нічога не было зроблена, каб неяк стрымаць маскоўскага «напалеончыка», і ў тым была вялікая памылка міжнароднай супольнасці.

Ад Мядзведзева да «Дзімона»

Зрэшты, пра памылку стала вядома значна пазней. На той момант пры ўсіх пералічаных хібах Расія ўсё ж захоўвала пэўныя элементы фасаднай дэмакратыі. У параўнанні з суседняй Беларуссю — дык стоадсоткава.

У адрозненне ад лукашэнкаўскай Беларусі ў РФ яшчэ не кідалі ў турмы палітыкаў. Яшчэ давалі ў федэральных эфірах слова апанентам. Яшчэ праводзілі канкурэнтныя выбары на рэгіянальным узроўні. Яшчэ не апускаліся, як мінскі хаўруснік, да адкрытага хамства ў адрас заходніх палітыкаў.

Уласна кажучы, Пуцін асабіста і Расія як суб’ект геапалітыкі былі цалкам рукапаціскальнымі ў цывілізаваным свеце. РФ уваходзіла ў міжнародныя арганізацыі і выконвала свае абавязкі. У Маскву па запрашэнні Крамля прыязджалі кіраўнікі заходніх дзяржаў, у тым ліку прэзідэнты ЗША.

І, што таксама важна, расійскі рэжым (зноў жа ў адрозненне ад беларускага) не хацеў перарабляць для сваіх патрэбаў Канстытуцыю. І, калі вяртацца да трагедыі пад Смаленскам, то і Пуцін на той час нават прэзідэнтам не быў. Саступіў крэсла Дзмітрыю Мядзведзеву, дэклараванаму «лібералу», на якога ўскладала «ружовыя» надзеі прагрэсіўная частка расійскага грамадства.

Увогуле Мядзведзеў прыстойна паводзіў сябе пасля той катастрофы. Звярнуўся з гэтай нагоды да польскага народа, наведаў амбасаду Польшчы ў Маскве, а потым быў сярод прысутных на пахаванні сужэнцаў Качыньскіх у Кракаве.

Глядзіце таксама

Гледзячы на тое, якую ментальную мутацыю перажыў за мінулы час былы расійскі прэзідэнт, як зацята ён заклікае пераўтварыць у «ядзерны попел» заходнія сталіцы і забіваць украінцаў… Ацэньваючы гэты шлях «Дзімона», можна таксама атрымаць уяўленне аб сучасных працэсах у Расіі.

У 2010-м Мядзведзеў адкрыта ўсклаў на СССР і асабіста Сталіна адказнасць за расстрэл польскіх афіцэраў. У 2023-м заявіў, што ўладам Польшчы за «мярзотныя паводзіны» трэба назаўсёды забараніць наведваць Катынь. Але падрабязнасць у тым, што паважаны польскі палітык сёння ў Расію і не паедзе. Як і палітыкі іншых дэмакратычных краін.

Ад Крыма да Бучы

Яшчэ колькі гадоў пасля падзення самалёта пад Смаленскам Расія заставалася ўвахожай у прыстойныя «дамы» Еўропы і Амерыкі. У 2014-м Сочы нават даверылі правесці зімовыя Алімпійскія гульні. Гэты быў трыумф расійскай міжнароднай дыпламатыі, але гэта была і вялікая ганьба для спорту РФ, які ўляпаўся ў магутны допінгавы скандал з наступствамі і санкцыямі.

Узровень: дзеля таго, каб замесці сляды забароненых рэчываў, расійцы распрацавалі схему па замене прабірак з «зараджанай» мачой спартсменаў на «экалагічна чыстую» мачу з правераных крыніц. Фокус не атрымаўся, і пра бруднае махлярства гаспадароў Алімпіяды потым доўга пісала сусветная прэса.

Але, канешне, нашмат больш яна пісала пра іншае — неўзабаве пасля Алімпіяды Расія ўварвалася ва Украіну, анексавала Крым і пад выглядам фэйкавых «народных рэспублік» забрала частку тэрыторый Данбаса. Вось з таго часу свет і пачаў расплюшчваць вочы на пуцінскі рэжым.

Але вочы расплюшчваліся неахвотна, з-за чаго потым з’явіцца вядомы наратыў, што Расія не сама па сабе так сапсавалася. Што яе разбэсціў Захад.

У гэтым ёсць рацыя, бо напад на Украіну ў 2014-м па вялікім рахунку застаўся без адказу міжнароднай супольнасці. Традыцыйная «занепакоенасць» суправаджалася сімвалічнымі санкцыямі, якія аніяк не абцяжарвалі функцыянаванне крамлёўскага рэжыму. З Масквой працягнулі гандляваць, Масква працягнула атрымліваць шматмільярдныя даходы ад продажу нафты і газу, самыя дэмакратычныя краіны свету па-ранейшаму рэалізоўвалі супольныя з РФ праекты. Як той жа «Паўночны паток» — газаправод па дне Балтыйскага мора з Расіі ў Германію.

У Расіі застаўся і чэмпіянат свету па футболе 2018 года, якія прайшоў бадзёра пры балалайках, какошніках і матрошках, нягледзячы на баявыя дзеянні на Паўднёвым Усходзе Украіны.

На той момант ужо забілі ў цэнтры Масквы Барыса Нямцова, ужо пасадзілі дзясяткі чалавек па «Балотнай справе» за ўдзел у мірных пратэстах, ужо пуцінская Расія стала нашмат больш падобнай да лукашэнкаўскай Беларусі. Але на знешняй арэне гэта нічога не змяняла, бо вуглявадароды, так бы мовіць, самі сябе не купяць.

Больш-менш выразна стаўленне да РФ пачало змяняцца толькі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне 24 лютага 2022 года. Пасля жудасных ваенных злачынстваў у Марыупалі і Бучы, пасля смерцяў тысяч мірных жыхароў і знішчэння цэлых гарадоў, пасля адкрытых пагроз ядзернага ўдару па Еўропе і Амерыцы.

Дэмакратычны свет стаў на бок Украіны, супраць Расіі ўвялі адчувальныя санкцыі, у міжнароднай палітыцы «імперыя» аказалася ізгоем, а яе правадыр — самым таксічным палітыкам.

І сёння цяжка нават уявіць, што можа змяніць такое стаўленне. А ельцынскіх 90-х з зародкам дэмакратыі, ад мяккага аўтарытарызму «нулявых» пры маладым Пуціне Расія скацілася ў фашысцкую дыктатуру, якая пагражае ўсяму свету.