Беларускі бензін будзе ратаваць запраўкі «старэйшага брата»

Расія ўжо нарасціла пастаўкі паліва з Беларусі і плануе далейшы рост імпарту, піша партал «Наше мнение». Ці аўкнецца гэта Лукашэнку?

paliva._zaprauka__nafta_minsk_fota_dzmitryj_dzmitryeu__novy_czas_logo_1.jpg

У 2024 годзе расійскія НПЗ падвергліся беспрэцэдэнтнай атацы ўкраінскіх беспілотнікаў. Са студзеня да канца сакавіка ўкраінскія Узброеныя сілы нанеслі 23 удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах і сховішчах.

Агенцтвы давалі розную ацэнку аб'ёму пашкоджанняў. Пра пазапланавы рамонт паведамілі на Валгаградскім і Туапсінскім заводах. Прыпыніў працу Навашахцінскі НПЗ, а на Ніжагародскім, Разанскім, Сызранскім, Славянскім і Куйбышаўскім заводах зафіксавалі рознага кшталту пашкоджанні.

Сярод найбольш значных нападаў беспілотнікаў былі ўдары па Ніжагародскім НПЗ «Лукойла» — чацвёртага па велічыні НПЗ Расіі (была спынена яго найбуйнейшая ўстаноўка першаснай перапрацоўкі, што ўдвая знізіла магутнасці завода, паведамляла газета «Камерсант»), таксама па Разанскім НПЗ «Раснафты» (у выніку ўзнік пажар на двух устаноўках першаснай перапрацоўкі нафты, на якія ў сукупнасці прыпадае 70% магутнасці завода). Куйбышаўскі НПЗ «Раснафты» пад Самарай вымушана спыняў сваю працу пасля атакі.

Сакавіцкая серыя нападаў узмацніла асцярогі многіх удзельнікаў рынку, што Расія можа сутыкнуцца з дэфіцытам паліва. Напрыканцы сакавіка пачалі падаць аб'ёмы яго вытворчасці: Расстат даў справаздачу аб падзенні на 7,4% за тыдзень з 18 па 24 сакавіка ў параўнанні з папярэднім тыднем.

Паводле даных Пецярбургскай таварна-сыравіннай біржы, толькі за два тыдні, з 11 па 22 сакавіка, біржавыя цэны на бензін і дызельнае паліва выраслі на 10-15%.

Расійскія ўлады сталі спешна шукаць магчымыя варыянты папаўнення рынку палівам, нягледзячы на тое, што ў РФ з 1 сакавіка па 31 жніўня 2024 года дзейнічае забарона на экспарт бензіну. Каб не дапусціць магчымага дэфіцыту на ўнутраным рынку, улады РФ павялічылі імпарт паліва з Беларусі.

Партал «ІА Neftegaz.RU» пісаў, што Расія павялічвае імпарт бензіну з Беларусі, каб знізіць рызыку дэфіцыту на ўнутраным рынку праз пазапланавыя рамонтныя работы на расійскіх НПЗ пасля нападаў беспілотных лятальных апаратаў. У першай палове сакавіка імпарт бензіну з Беларусі дасягнуў амаль 3 тыс. т, у той час як у лютым гэты аб'ём складаў 590 т., а ў студзені паставак не было, пісаў «Reuters».

Паведамлялася, што расійская нафтавая кампанія «Лукойл» вывучае магчымасць паставак з Беларусі 30-50 тыс. т. бензіну ў месяц. У кампаніі паўсталі праблемы з забеспячэннем палівам сваіх кліентаў пасля нападаў БПЛА на Ніжагародскі і Валгаградскі НПЗ у РФ.

Паводле звестак крыніц, паміж урадамі РФ і Беларусі, а таксама нафтавымі кампаніямі вядуцца перамовы аб далейшых пастаўках. Адзначаецца, што перамовы ідуць цяжка, паколькі беларускім уладам больш выгадны экспарт паліва на міжнародныя рынкі.


Глядзіце таксама

У гэтай сувязі варта адзначыць, што намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык у лістападзе 2022 года сказаў, што беларускія НПЗ могуць пастаўляць у РФ з ужываннем ільготнага каэфіцыента 100 тыс. т дызельнага паліва і 50 тыс. т бензіну ў месяц. А пасол Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты ў чэрвені 2023 года заяўляў, што Беларусь плануе ў 2023 годзе паставіць у Расію каля 1 млн. т нафтапрадуктаў. Атрымліваецца, што беларускім нафтаперапрацоўшчыкам нявыгадна пастўляць у РФ вялікія аб'ёмы паліва, нават нягледзячы на льготныя ўмовы.

Віцэ-прэм'ер РФ Аляксандр Новак 22 сакавіка правёў пасяджэнне па сітуацыі на паліўным рынку з удзелам прадстаўнікоў ведамстваў і нафтавых кампаній. Новак даручыў нафтавікам і РЖД забяспечыць бесперабойны вываз нафтапрадуктаў і дазагрузіць НПЗ.

У выніку 22 сакавіка летні дызель патаннеў на біржы ўпершыню за два тыдні, 25 сакавіка пачаў таннець бензін. Па выніках таргоў 28 сакавіка кошт бензіну АІ-92 знізіўся на 1,51%, да RUB 52,456 тыс. за т, АІ-95 — на 1,04%, да RUB 63,171 тыс. за т, летняга дызеля — на 0,78%, да RUB 65,148 тыс. за т.

Напрыканцы сакавіка кіраўнік камітэта энергетыкі Дзярждумы РФ Павел Завальны заявіў, што Расія дамовілася з Беларуссю аб росце паставак паліва на расійскі рынак — у выпадку неабходнасці. «Яны і да гэтага пастаўлялі, але прапрацаваны варыянт павелічэння аб'ёму паставак у неабходных аб'ёмах для таго, каб падстрахавацца і выключыць пытанні з магчымым дэфіцытам», — цытавала Завальнага «РБК».

Паводле яго, у цэлым дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку РФ няма. Так, запасы бензіну і дызеля вышэй за сярэднегадавы ўзровень. «Але, улічваючы сітуацыю, каб не ствараць напружанасць, на ўсялякі выпадак мы дамовіліся з беларусамі аб пастаўках. І дзякуй нашым братам беларусам, што яны з гэтым пагадзіліся, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць экспартная альтэрнатыва, больш прэміяльны рынак для паставак паліва», — заявіў Завальны.

Беларускае паліва рэалізуецца ў РФ на СПбМТСБ праз дзяржаўнага трэйдара — расійскі «Промсырьеэкспорт». Разам з тым удзельнікі галіны адзначалі, што магчымы і прамы продаж паліва ў РФ, — не толькі праз біржу.

Паводле слоў старшага віцэ-прэзідэнта СПбМТСБ Антона Карпава, праз СПбМТСБ на заходніх базісах «чыгуначная станцыя пераходу» Злынка і Рудня (знаходзяцца на мяжы з Беларуссю. Заўв. рэд.) прадаюцца цяпер невялікія аб'ёмы паліва і значнага росту паставак не назіраецца. Ён адзначыў, што ў студзені аб'ём паставак бензінаў праз біржу склаў 600 т, у лютым — 1,860 тыс. т, у сакавіку — 1,200 тыс. т, а з 25 сакавіка паставак не было.

Тым не менш, на расійскім аптовым рынку цэны на ГЗМ таксама павольна растуць, хоць улады неаднаразова заяўлялі, што для задавальнення патрэб спажыўцоў Расіі магутнасцей павінна хапіць.

Ці хопіць беларускага бензіну для РФ?

У Беларусі працуюць два НПЗ — ААТ «Мазырскі НПЗ» (Гомельская вобласць) і ААТ «Нафтан» (Наваполацк, Віцебская вобласць). Іх сумарная магутнасць па першаснай перапрацоўцы патэнцыйна складае 24 млн. т у год. У апошнія гады кожны НПЗ працаваў з загрузкай прыкладна 9 млн. т у год — гэта была максімальна эфектыўная загрузка з улікам тэхнічнага ўзроўню беларускіх НПЗ і сітуацыі на экспартных рынках. Аднак пасля ўвядзення санкцый загрузка беларускіх НПЗ істотна снілася.


Глядзіце таксама

Афіцыйная інфармацыя пра аб'ёмы вытворчасці і экспарту беларускіх нафтапрадуктаў адсутнічае з мая 2021 года: Белстат перастаў яе публікаваць. Аднак ускосныя звесткі сведчаць, што беларускія НПЗ у апошнія гады не змаглі аднавіць ранейшыя аб'ёмы перапрацоўкі нафты, нягледзячы на падтрымку РФ.

Адзначым, што беларускія ўлады закрылі практычна ўсе даныя, па якіх можна меркаваць аб узроўні загрузкі беларускіх НПЗ у апошнія гады. У карпаратыўных СМІ з'явілася толькі інфармацыя пра загрузку «Нафтана», — гэты НПЗ у 2023 годзе перапрацаваў больш за 6 млн. т нафты. Можна меркаваць, што Мазырскі НПЗ перапрацаваў летась прыкладна такі ж аб'ём. Аднак, нягледзячы на зніжэнне загрузкі, беларускія НПЗ па-ранейшаму без праблем забяспечваюць маторным палівам унутраны рынак, а таксама экспартуюць нафтапрадукты.

Ёмістасць беларускага рынку аўтамабільнага паліва параўнальна невялікая. Вядома, што ў 2022 годзе дзяржаб'яднанне «Беларуснафта» знізіла рэалізацыю нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку на 3,73% у параўнанні з 2021 годам — да 2,795 млн т. Для параўнання: у 2021 годзе «Беларуснафта» прадала на ўнутраным рынку 2,903 млн. т нафтапрадуктаў, у 2020 годзе — 2,826 млн. т, у 2019 годзе — 2,945 млн. т.

У цэлым у Беларусі спажыванне нафтапрадуктаў знізілася ў 2022 годзе на 4,26% (у параўнанні з 2021-м) — да 3,915 млн. т (спажыванне нафтапрадуктаў у Беларусі ў 2021 годзе склала 4,089 млн. т, у 2020 годзе — 4,008 млн. т, у 2019 годзе — 4,347 млн. т).

Паводле звестак дзяржканцэрна «Белнафтахім», «Беларуснафта» ў 2023 годзе павялічыла пастаўкі паліва і звадкаванага газу на ўнутраны рынак на 2% у параўнанні з папярэднім годам.

Такім чынам, нават пры зніжэнні аб'ёмаў перапрацоўкі НПЗ беларускія НПЗ ільвіную долю вырабленых нафтапрадуктаў працягваюць экспартаваць.

Растлумачым, што на рознічным рынку аўтамабільнага паліва Беларусі дамінуе дзяржаўная сетка аўтазаправак ПА «Беларуснафта» — яна займае больш за 70% рынку, каля 20% займаюць расійскія нафтавыя кампаніі, астатнюю частку дзеляць паміж сабой дробныя незалежныя аператары.

Што тычыцца экспарту нафтапрадуктаў, то раней беларускія ўлады краіны перанеслі экспартныя таргі нафтапрадуктамі з гандлёвай пляцоўкі дзяржпрадпрыемства «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» (БНТД, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, падпарадкоўваецца канцэрну «Белнафтахім») на Беларускую ўніверсальную таварную біржу. (Адзначым, што сістэма продажу нафтапрадуктаў на экспарт праз БНТД дзейнічала ў Беларусі з 2005 года, знаходзячыся пад непасрэдным кантролем канцэрна «Белнафтахім»).

Цяпер біржа не падае інфармацыі пра аб'ёмы і структуру здзелак з экспартуемымі нафтапрадуктамі. Раней паведамлялася, што для ўдзелу ў экспартных таргах нафтапрадуктамі на біржы было зарэгістравана каля 120 замежных пакупнікоў з больш чым 20 краін, у тым ліку РФ, ЕС, Паўднёвай Амерыкі. Да ўвядзення санкцый Беларусь экспартавала каля 10-11 млн. т нафтапрадуктаў у год.


Глядзіце таксама

СМІ пісалі, што расійскія нафтавыя кампаніі могуць павялічыць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у абмен на дадатковыя пастаўкі нафтапрадуктаў у РФ. Можна меркаваць, што беларускія ўлады зробяць усё магчымае, каб дапамагчы РФ пазбегнуць дэфіцыту маторнага паліва. Тым больш пасля таго, як афіцыйнаму Мінску ўдалося дамагчыся ад Крамля кампенсацыі за падатковы манеўр у нафтавай галіне РФ.

Адзначым, што ў 2024 годзе Беларусь разлічвае атрымаць з Расіі бюджэтны трансфер у памеры BYN 2,1 млрд. (каля RUB 650 млн. у эквіваленце) у рамках кампенсацыі страт беларускім НПЗ за падатковы манеўр.

Ці пацякуць беларускія нафтапрадукты ў Крым?

Апошнім часам РФ прапанавала Беларусі рэалізаваць яшчэ адзін «прывабны» праект.

Улады акупаванага Расіяй Крыма ў сакавіку 2024 года прапанавалі «Нафтану» набыць нафтабазу ў Феадосіі для паставак нафтапрадуктаў на знешнія рынкі. Гэтую прапанову агучыў намеснік старшыні ўрада Крыма — пастаянны прадстаўнік рэспублікі пры прэзідэнце РФ Георгій Мурадаў падчас відэамоста Масква — Мінск — Сімферопаль.

Нескладана выказаць здагадку, чаму менавіта «Нафтану», а не Мазырскаму НПЗ паступіла гэтая прапанова, хоць гэты НПЗ з пункту гледжання лагістыкі размешчаны бліжэй. «Нафтан» з 3 чэрвеня 2021 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. Атрымліваецца, што яму губляць няма чаго ў выпадку рэалізацыі прапанаванага праекта.

У Феадосіі ёсць вялікая нафтабаза для нафтапрадуктаў і сырой нафты, яна можа быць выкарыстана ў якасці перавалачнай базы для беларускага паліва. Інфраструктура дазваляе перавальваць прадукты нафтаперапрацоўкі з чыгуначных вагонаў-цыстэрнаў на марскія судны і назад. Нафтабаза ў марскім тэрмінале ў Феадосіі можа захоўваць 250 тыс. тон нафтапрадуктаў.

Відавочна, што ўлады акупаванага Крыма зацікаўленыя стаць буйным транспартным хабам. Прапанова іх чыноўнікаў упісваецца ў агульную тэндэнцыю ўзаемаадносінаў Расіі і Беларусі. Бо дзякуючы расійскай падтрымцы Беларусь у 2023 годзе павялічыла перавалку грузаў праз расійскія парты ў 4 разы.

Занадта высокія рызыкі

Тым не менш, беларускія ўлады наўрад ці ўхопяцца за гэтую ініцыятыву. І на гэта ёсць свае прычыны.

Нафтагазавая і нафтаперапрацоўчая галіны забяспечваюць каля 35% прамысловай вытворчасці Беларусі і траціну экспарту. Паводле даных статыстыкі, больш за 25% паступленняў у бюджэт — гэта адлічэнні прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі. Беларускія ўлады не стануць падвяргаць гэтую галіну дадатковым рызыкам. Тым больш, што нафтабаза ў Феадосіі таксама неаднаразова падвяргалася нападам украінскіх БПЛА.


Глядзіце таксама

Цяпер беларускія НПЗ не адчуваюць праблем з экспартам нафтапрадуктаў. Яны карыстаюцца льготамі і пастаўляюць паліва па чыгунцы ў парты ў Ленінградскай вобласці. Гэта найбольш эканамічна выгадна з улікам адносна невялікага лагістычнага пляча. Да таго ж, расійская чыгунка ў напрамку паўночнага захаду менш задзейнічаная, чым на поўдні, дзе яна перагружаная.

Відавочна, што рэалізацыя праекта ў Крыме цягне для беларускіх уладаў палітычныя рызыкі (з імі яны ўжо не лічацца), а галоўнае — эканамічныя выдаткі, якіх беларускія ўлады паспрабуюць пазбегнуць. Тым больш, калі маецца больш выгадная альтэрнатыва.

Чыноўнікі паведамлялі, што ў 2023 годзе Беларусь выкарыстала ў перавалцы беларускіх экспартных грузаў, у тым ліку нафтапрадуктаў, 20 партоў РФ, а агульны аб'ём перавалкі павінен быў скласці каля 15 млн. т («пікавы» аб'ём у 18,8 млн. т быў дасягнуты ў 2019 годзе з выкарыстаннем інфраструктуры краін Балтыі і партоў Украіны). Найбольшы грузапаток пакуль фіксуецца ў парты Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбурга. Беларускія ўлады рэкамендуюць экспарцёрам нарошчваць актыўнасць у напрамку партоў Мурманска, поўдня Расіі і Далёкага Усходу.