Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 8 красавіка

Працягваюцца затрыманні за каментары пра трагедыю ў «Крокус Сіці Холе», затрымліваюць на мяжы пры ўездзе ў Беларусь, а таксама на працоўных месцах.

hroniki_represij2_1_logo_2.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1243 дні, Дзяніс — 1123.

***

У сакавіку па крымінальных палітычных справах судзілі не менш за 165 чалавек, паведамляе «Вясна». Праваабаронцы зафіксавалі тэндэнцыю павышэння інтэнсіўнасці судовых слуханняў па палітычных крымінальных справах.

Паводле іх звестак, у сакавіку маглі быць асуджаныя як мінімум 165 чалавек, з іх 48 жанчын, 117 мужчын. Акрамя таго, працягваюцца масавыя суды за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе: у мінулым месяцы былі асуджаныя не менш за 85 чалавек па арт.342 Крымінальнага кодэкса, у тым ліку 10 сем'яў.

***

Следчы камітэт пачаў «спецыяльную вытворчасць» супраць дзяўчыны памерлага ў Кіеве актывіста Віталя Шышова Бажэны Жолудзь, напісана ў афіцыйным канале ведамства.

Беларуску абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Паклёп» (арт.188), «Заклікі да санкцый» (ч.3 арт.361), «Абраза суддзі» (арт.391), «Незаконныя дзеянні з персанальнымі данымі» (ч.1 арт.179).

У жніўні 2021 года СК распачаў крымінальную справу супраць Жолудзь за заклікі да санкцый. Прычына — акцыя каля амбасады Беларусі ў Кіеве, дзе дзяўчына «заклікала да масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады».

Бажэна — дзяўчына Віталя Шышова, кіраўніка «Беларускага дома ва Украіне». Раніцай 3 жніўня яго знайшлі павешаным у Кіеўскім парку.

У ліпені 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які ўводзіць у Беларусі інстытут спецыяльнай вытворчасці. Ён дазваляе праводзіць суды завочна, без абвінавачанага.

***

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі 8 красавіка «пакаяльнае відэа» з супрацоўнікам будаўнічай фірмы. На ім мужчына кажа, што нібыта быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы, адкуль рабіў рэпосты знаёмым, а таксама пакінуў «негатыўны каментар» пра тэракт у «Крокус Сіці Холе».

Гэта як мінімум 13-ты беларус, якога затрымалі за «няправільныя» каментары пра тэракт у Расіі, піша «Вясна». Сярод іншага, затрымалі нават дзяўчыну, якая спытала ў каментарах, чаму пасля тэракту пад Масквой у Беларусі адмянілі мерапрыемствы, а калі Расія бамбіць украінцаў — не.

***

У судзе Ленінскага раёна Гродна разгледзяць адміністрацыйную справу супраць Ірыны Панасік — пенсіянеркі і маці палітвязня Валянціна Панасіка. Яе абвінавачваюць у парушэнні дэкрэта №7 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе», піша тэлеграм-канал «Права маюць».

Гэта ўжо трэці суд над беларускай па гэтым артыкуле. Першы раз яе судзілі 15 сакавіка. Тады Панасік аштрафавалі на 1200 рублёў за атрыманую дапамогу ад «IneedHelp» у 282 рублі. Віну пенсіянерка не прызнала.

Наступны суд прайшоў 2 красавіка. Яго вынікі невядомыя.

33-гадовага Валянціна Панасіка прысудзілі да 6 гадоў калоніі. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (ч.1 арт.293 КК), «распальванні варожасці» (арт.130 КК) і ў «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК). 28 чэрвеня беларуса ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў».

***

Канал «Нафтана», звязаны з адміністрацыяй, пахваліўся затрыманнем аднаго з супрацоўнікаў. Яму прысудзілі да 25 сутак арышту.

«Наша ніва» паведамляе, што Кірыла Барстока затрымалі больш за тыдзень таму. 28 сакавіка суддзя Зінаіда Балаболава судзіла яго за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў».

Мужчына працаваў у 5-й брыгадзе, якая абслугоўвала «Юнікрэкінг» (устаноўка для адной са стадый ачысткі паліва). На заводзе ён быў актыўным: выступаў на конкурсах і канцэртах і быў членам «Савета моладзі» прадпрыемства. На старонках заводскай газеты яго некалькі разоў называлі «таленавітым актывістам» і ўсяляк хвалілі.

Канал «Нафтана» піша, што разглядаецца пытанне аб узбуджэнні на Кірыла крымінальнай справы за нейкія каментары. Таксама адзначаецца, што яго звольняць.

***

Экс-палітзняволеная і былая выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава з'ехала з Беларусі, пішаАндрэй Стрыжак.

Філатчанкаву затрымалі 12 лістапада 2020 года па «справе студэнтаў». У ліпені 2021 года яе прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі. Вызвалілася беларуска ў лістападзе 2022 года і да гэтага часу заставалася ў Беларусі.

Цяпер на «BYSOL» адкрыты збор дапамогі экс-палітзняволенай. Жанчына экстранна выехала з Беларусі з дзесяцігадовай дачкой і цяпер ёй патрэбныя грошы на арэнду жылля, куплю рэчаў і аплату псіхолага.

***

У Гомельскім абласным судзе 8 красавіка да 10 гадоў калоніі і штрафу ў 100 базавых велічынь (4000 рублёў) прысудзілі 28-гадовага жыхара Петрыкава Івана Сухамерава. Яго абвінавацілі адразу паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх – «Здрада дзяржаве», «Заклік да санкцый» і «Удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі». Яго абвінавацілі ў тым, што ён уступіў у «BYPOL», хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў УСУ. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме з 15 лютага, таму падрабязнасці абвінавачання вядомыя толькі з праўладнага СМІ gp.by. Прысуд вынес Сяргей Багінскі.

Паводле версіі абвінавачвання, Іван Сухамераў размяшчаў негатыўныя публікацыі ў дачыненні да Лукашэнкі на сваіх старонках у сацсетках, а таксама матэрыялы, якія заклікаюць міжнародныя арганізацыі да санкцый у дачыненні да Беларусі. Ён жа ўступіў у склад «BYPOL», хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў УСУ, піша «Вясна».

Верагодна, пад вартай ён утрымліваецца з сярэдзіны чэрвеня 2023 года – тады мужчыну судзілі паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Тэлеграм-каналы сілавікоў пісалі, што ён нібыта быў затрыманы пры нелегальным пераходзе мяжы ў Беларусь.

***

За «разгалошванне службовай таямніцы» будуць судзіць начальніка ўчастка сувязі Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Мікалая Макрыцу, піша ТГ-канал «Віцебск, я гуляю».

Мужчыну абвінавачваюць паводле ч.2 арт.375 КК («Наўмыснае разгалошванне службовай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы»). Санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў абмежавання волі або да 6 гадоў калоніі.

У 2023 годзе Мікалай Макрыца заняў першае месца ў конкурсе моладзевых ініцыятыў сярод работнікаў магістралі. Ён перамог у намінацыі «Моладзевая ініцыятыва, накіраваная на аўтаматызацыю і механізаванне вытворчых працэсаў» з праектам на тэму «Праект маніторынгу цэласнасці кабельнай сеткі».

***

9 красавіка Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць справу Яўгена Ціханава — айцішніка, якога затрымалі на мяжы. Інфармацыя з'явілася ў раскладзе суда. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Як піша «Медыязона», падставай для затрымання беларуса сталі каментары ў Тэлеграме. Ціханава абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК), «уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання» (ч.3 арт.361-1 КК), «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК) і ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК).

Больш за 15 гадоў таму Ціханаў скончыў Акадэмію МУС, працаваў участковым. Пасля звольніўся па ўласным жаданні і перайшоў у IT. Беларуса затрымалі на мяжы: ён ехаў на дзень нараджэння маці і каб аформіць даверанасць.

***

У судзе Столінскага раёна 5 красавіка асудзілі 53-гадовага журналіста-фрылансера і відэаблогера Аляксандра Ігнацюка. Палітзняволенага прызналі вінаватым ў «арганізацыі пратэстаў» у Століне і Мінску, «паклёпе на Лукашэнку» і «вымагальніцтве». На судзе Аляксандр часткова прызнаў віну ў першых абвінавачваннях, але не прызнаў віну ў вымагальніцтве.

Суддзя Сяргей Насеня прызначыў яму шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічынь (8 000 рублёў). Суд цягнуўся з 15 сакавіка і адбываўся ў закрытым рэжыме, паведамляе «Вясна».

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 431 дзень, Максіма Знака — 424 дні, Мікалая Статкевіча — 422 дні, Ігара Лосіка — 414 дзён, Віктара Бабарыкі — 351 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 279 дзён, Уладзіміра Гундара — 248 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1392 палітвязні.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1570 чалавек. Сярод іх — 194 жанчын і 4 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.