Буйнога бізнесоўца асудзілі за «экстрэмізм». У 2020-м ён сведчыў супраць Бабарыкі

Вядомага ў Гомелі бізнэсоўца Навума Каца асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі». Як паведамляе «Гомельская вясна», суд адбыўся 8 красавіка, чым ён скончыўся, пакуль высвятляецца.

Скрыншот з БТ "Флагштока"

Скрыншот з БТ "Флагштока"

Гаворка ідзе пра артыкул, паводле якога масава судзяць беларусаў-у тым ліку чыноўнікаў, кіраўнікоў арганізацый. Звычайна абвінавачванне грунтуецца на перасылцы або рэпосце інфармацыі рэсурсу, абвешчанага ўладамі «экстрэмісцкім». За гэта караюць буйным штрафам, грамадскімі працамі або адміністрацыйным арыштам.

Як заўважае гомельскае выданне «Флагшток», Навум Кац вядомы як член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук, носьбіт звання лепшага прадпрымальніка Гомельскай вобласці, кандыдат эканамічных навук, намеснік старшыні Вышэйшага каардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

У апошні час Кац з'яўляўся гендырэктарам створанага ім «Цэнтра бізнес-развіцця», але з 2021 года аб дзейнасці гэтай арганізацыі нічога не вядома, яе паблік з тых часоў не абнаўляўся.


Глядзіце таксама

А да гэтага бізнесовец валодаў абутковай фабрыкай «Батычэлі». Мяркуючы па інфармацыі ў сацсетках, яна спыніла працу яшчэ ў 2019 годзе. Аднак Каца прадстаўлялі менавіта як кіраўніка гэтага прадпрыемства ў 2020 годзе, калі ён прыняў удзел у стварэнні прапагандысцкага фільма, накіраванага супраць прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі.

Нагадаем, ён узначальваў «Белгазпрамбанк», і пасля арышту ў 2020 годзе яго абвінавацілі ў атрыманні хабараў у асабліва буйным памеры, прысудзіўшы да 14 гадоў пазбаўлення волі. Каб стварыць негатыўны вобраз Бабарыкі, які карыстаўся вялікай папулярнасцю і мог быць адным з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі, дзяржТБ выпусціла маніпулятыўны сюжэт, у якім узялі ўдзел гомельскія прадпрымальнікі, у тым ліку Кац.

У фільме ён быў прадстаўлены як «паважаны ў Гомелі і краіне прадпрымальнік» і заявіў, што абутковую фабрыку яму давялося закрыць менавіта праз дзеянні «Белгазпрамбанка», абвінаваціўшы пры гэтым канкрэтна Віктара Бабарыку. У выніку фірма Каца пратэрмінавала выплаты па крэдытах.