Целы былой прэзідэнцкай пары Качынскіх перапахавалі ў Польшчы
Цела былога прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага і яго жонкі Марыі перапахавалі ў Кракаве пасля правядзення эксгумацыі ў рамках новага расследавання Смаленскай авіякатастрофы 2010 году, якая і забрала іх жыцці.
Каля 50 чалавек прысутнічалі на цырымоніі на ўзгорку Вавель 18 лістапада, у тым ліку і брат-блізнюк нябожчыка прэзідэнта Яраслаў Качынскі, цяперашні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, і прэмʼер-міністр Беата Шыдла.
Цела экс-прэзідэнта Польшчы першым сярод іншых ахвяраў узялі на эксгумацыю. Увогуле польская пракуратура хоча эксгумаваць усе 83 ахвяры смаленскай катастрофы, целы якіх не былі крэміраваныя. Некаторыя сваякі загінулых выказалі пратэст такім намерам, таму што не жадаюць, каб магілы раскопвалі. Але пракуратура заявіла, што запланаваныя эксгумацыі адбудуцца.
У верасні эксперты камісіі, якая расследуе акалічнасці смаленскай трагедыі, заявілі, што запісы чорных скрынь польскага прэзідэнцкага самалёта былі сфальсіфікаваныя, а шматлікія дакументы па гэтай справе былі схаваныя.
Паводле «Радыё Свабода»