У Польшчы створаны партал «Праца для Украіны»
Ён прызначаны для грамадзян Украіны, якія хочуць знайсці працу ў Польшчы.
У Польшчы створаны партал «Праца для Украіны», прызначаны для грамадзян дзяржавы на Дняпры, якія хочуць знайсці працу ў суседняй краіне. На партале ўжо створана каля 1000 профіляў. У Польшчы ўжо працуе адзін мільён грамадзян Украіны.
Мэта парталу — палегчыць кантакт паміж польскімі працадаўцамі і ўкраінцамі, якія хочуць прыехаць у Польшчу на працу. Акрамя таго, створаная вялікая база дадзеных студэнтаў і маладых людзей, якія звязваюць сваю будучыню з Польшчай і якія хочуць тут працаваць і жыць.
Рынку працы ў Польшчы патрэбныя новыя працаўнікі, паколькі ёсць пэўныя катэгорыі прафэсій, дзе палякі працаваць не хочуць з-за малой зарплаты альбо па іншых прычынах. Працадаўцы ў сваю чаргу не спяшаюцца павышаць ставак за працу. На вакантныя месцы прымаюцца ўкраінцы, якія згаджаюцца працаваць за меншыя грошы.
Акрамя таго, пасля ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз у 2004 годзе ў іншыя краіны ЕС пераехала жыць каля 2,5 млн. палякаў.
Паводле беларускай службы Польскага радыё