Замкнёнае кола Пуціна. Прэзідэнцтва, тэракт, вайна

Чаму Пуцін – галоўны бенефіцыяр маскоўскага тэракта, і як ён ужо разыгрываў гэтую карту 25 гадоў таму.

635859d6_30cc_4490_a94e_8ad8d1cdb673.jpg

Кантэкст

22 сакавіка 2024 года а 8-й гадзіне вечара ў канцэртнай залі расійскага «Крокус Сіці Хола» пачуліся стрэлы. Невядомыя расстрэльвалі тых, хто прыйшоў на канцэрт гурта «Пікнік». Канцэртная заля ўмяшчала 6200 чалавек, амаль усе квіткі на выступ «Пікніка» былі прададзеныя. Спецслужбы дабраліся да месца здарэння толькі праз гадзіну. Пажар доўга не тушылі, паколькі да штурму гэта было забаронена.

У выніку тэракта былі забітыя прынамсі 133 чалавекі (дакладная колькасць ахвяраў пакуль невядомая), сотні людзей параненыя. У цяжкім стане пасля нападу знаходзіцца ў тым ліку адзін беларус. Гэта найбуйнейшы тэракт з моманту захопу закладнікаў у Беслане.

Тэракт у Маскве. Фота: ТАСС

Тэракт у Маскве. Фота: ТАСС

Баевікам удалося пакінуць месца злачынства. Як сумна жартавалі каментатары ў сацсетках, «чацвёра нападнікаў змаглі схавацца ў будынку ФСБ».

Расійскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, заявілі пра недатычнасць да нападу.

З аналагічнай заявай выступіў і Офіс Заленскага: дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк двойчы заяўляў, што Украіна не мае дачынення да тэракту.  ГУР назвала  тэракт у «Крокусе» «спланаванай і свядомай правакацыяй расійскіх спецслужбаў па ўказанні Пуціна».

У ЗША лічаць, што за атакай стаяць тэрарысты ІДІЛ (падраздзяленні ІДІЛ у Афганістане). Пра гэта піша TheNew York Times са спасылкай на амерыканскіх афіцыйных асоб, а таксама CBS News са спасылкай на неназванага амерыканскага чыноўніка. The New York Times таксама паведамляе, што ЗША, абапіраючыся на даныя разведкі, папярэджвалі аб пагрозе тэрактаў у Расіі не толькі публічна 7 сакавіка, але і ў прыватным парадку расейскім чыноўнікам.

Казка пра «ўкраінскі след»

Хаця дакладнай інфармацыі пра тое, хто стаіць за арганізацыяй тэракта, яшчэ няма, расійская прапаганда актыўна прасоўвае версію пра датычнасць Украіны да атакі. Як стала вядома выданню «Медуза», у Крамлі далі ўказанне дзяржаўным і лаяльным уладзе СМІ падкрэсліваць у паведамленнях аб тэракце ў «Крокусе» магчымы «ўкраінскі след».

Адразу ж пасля трагедыі былы прэзідэнт РФ Дзмітры Мядзведзеў напісаў, што «тэрарысты разумеюць толькі тэрор у адказ» і заклікаў да «татальных пакаранняў смерцю тэрарыстаў і рэпрэсій супраць іх сем'яў». У сваім пасце ён адзначыў: «калі будзе ўстаноўлена, што гэта тэрарысты кіеўскага рэжыму, абыходзіцца з імі і іх ідэйнымі натхняльнікамі інакш – немагчыма».

У той жа вечар Першы намеснік кіраўніка камітэта Савета Федэрацыі па абароне і бяспецы Віктар Бондараў наўпрост напісаў: «Тое, што адбылося ў «Крокус Сіці Холе» – гэта тэракт і дыверсія з боку Украіны». На падставе чаго сенатар зрабіў такую выснову, не ўдакладнялася.

Кіраўнік камітэта па абароне Андрэй Картапалаў палічыў, што «галоўным зацікаўленым хутчэй за ўсё магла быць Украіна і яе заступнікі». Ён дадаў, што на тэракт павінен рушыць услед адказ — «выразны, канкрэтны і на поле бою».

Прапагандыстка Маргарыта Сіманян ва ўласцівай ёй хамскай манеры заявіла, што тэракт зладзіў не ІДІЛ, а «хахлы».

А пазней падцягнуўся і Пуцін з заявай, што для падазраваных у тэракце нібыта «было падрыхтаванае акно» для пераходу мяжы з Украінай.

Укід пра «зацікаўленасць Украіны ў тэракце» выдатна ўкладваецца ў свядомасць расійцаў, улічваючы тое, што ў ноч перад нападам Расія здзейсніла самую маштабную атаку на ўкраінскую энергетыку за ўвесь час вайны. За адну ноч расійцы запусцілі па Украіне каля 90 ракет рознага тыпу і больш за 60 Дронаў-камікадзэ. А некалькімі днямі райней масіраваны ўдар крылатымі ракетамі быў нанесены па Кіеве.

Але, калі паглядзець крыху глыбей, становіцца зразумела, што галоўны бенефіцыяр тэракту зусім іншы.

Вайсковы аналітык Ігаль Левін піша:

«Крамлю аказалася мала пастаяннага забойства мірных украінскіх грамадзян, таму ён вырашыў кінуць у пашчу Малоху і сотню, іншую сваіх грамадзян. Акурат да сённяшняй заявы Пяскова, што «СВА» канец, і, маўляў, зараз ужо вайна.

Калі Масква сцвярджае, што ідзе вайна, тым больш на такім афіцыйным узроўні, тады ёй трэба стварыць магутны прэцэдэнт, каб апраўдаць потым любыя дзеянні: агрэсіўную мабілізацыю, татальны кантроль, заняпад узроўню жыцця, дацісканне ўвогуле любога, хто пасмее піскнуць супраць, і гэтак далей.

Маўляў, ты супраць мабілізацыі? Тыпу ты за тое, каб жыдаўкроафрапалякі па ўказцы англасаксаў зноў у Маскве расстрэльвалі людзей? Увогуле, тыпова і чакана».

Відавочна, «украінскі след» у маскоўскім тэракце, хаця і цалкам сфабрыкаваны, адкрывае расійцам бясконцыя магчымасці ў іх цёмнай справе вынішчэння Украіны.

Да таго ж, 20 сакавіка на калегіі расійскага Мінабароны міністр Сяргей Шайгу заявіў пра планы па фармаванні да канца года «дзвюх агульнавайсковых армій і 30 злучэнняў, з іх 14 дывізій і 16 брыгад». Але такія планы немагчыма рэалізаваць без масавай мабілізацыі. Пра верагоднасць актыўнай мабілізацыі пасля выбараў прэзідэнта ў Расіі раней паведамляла NATO і ўлады Украіны.

А каб аб'явіць новую мабілізацыю ў краіне, дзе ці не галоўным апазіцыйным палітычным актарам з’яўляецца рух жонак мабілізаваных, патрэбныя сур'ёзныя падставы. 

Адпрацаваная схема Пуціна

Апраўдваць вайсковыя дзеянні тэрактам – працоўная схема Пуціна, якая калісьці прывяла яго да ўлады і ўтрымлівае там дасюль.

Аўтар тэлеграм-канала Słuchać hadko! (былы Rerum Novarum) надзвычай трапна заўважае:

«Прэзідэнцтва Пуціна прайшло па коле і вярнулася на свой пачатак. Ягоны прыход да ўлады ў 1999 годзе суправаджаўся тэрактамі з сотнямі ахвяраў і пачаткам вайны, і цяпер Расея зноў мае тэракт з сотняй ахвяраў і вайну.

Расейцы аддавалі яму сваю свабоду ў надзеі на мір, але ў выніку не маюць ані свабоды, ані міру. І выглядае, што можа стаць толькі горш».

Аналагічную думку фармулюе і прадстаўнік прадстаўнік ГУР МО Украіны Андрэй Юсаў:

«Тэракт у Маскве – свядомая правакацыя рэжыму Пуціна, аб якой папярэджвала міжнародная супольнасць.

Крамлоўскі тыран з гэтага пачынаў сваю кар'еру і такімі ж злачынствамі супраць уласных грамадзянаў хоча яе завяршыць».

Вернемся ў 1999 год.

gurianova2ntv.jpg

У перыяд з 4 па 16 верасня ў Маскве, Буйнакску і Валгадонску з дапамогай закладзенай у падвалы выбухоўкі былі ўзарваныя жылыя дамы. У выніку тэрактаў загінулі 307 чалавек, больш за 1700 чалавек атрымалі раненні.

Расійскія ўлады адразу і бяздоказна заявілі пра «каўказскі след» тэракта, што стала аргументам для пачатку другой чачэнскай вайны.

Шаміль Басаеў пазней узяў на сябе адказнасць за тэрарыстычныя акты ў Маскве ў 2002 годзе («Норд-Ост») і ў Беслане ў 2004 годзе, але адмаўляў дачыненне чачэнцаў да нападаў на шматпавярховікі.

Глядзіце таксама

Амерыканскі гісторык расійскага паходжання, аўтар кнігі «ФСБ узрывае Расію» Юры Фельшцінскі казаў:

«Трэба дадаць, што адразу зьявілася ня толькі «чачэнская» вэрсія. Ну, усё бывае ўрэшце раптам следчы ці міліцыя добра працавалі. Але, як выявілася пазней, ніводнага чачэнца, нават па версіі ФСБ, у гэтых аперацыях задзейнічана не было. Былі потым асуджаныя людзі, якія апынуліся з Карачаева-Чаркесіі.

Як бы да гэтага эпізоду ні ставіцца — можна лічыць, як лічу я, што за ўсёй аперацыяй стаяла ФСБ, можна лічыць, што за гэтай аперацыяй стаялі нейкія невядомыя тэрарысты, — але калі гэта і былі невядомыя тэрарысты, па версіі ФСБ, то яны не былі чачэнцамі, а гэта былі людзі з Карачаева-Чаркесіі. Між тым вайна была распачатая супраць Чачэнскай Рэспублікі».

Некалькі словаў пра «разанскі цукар»

Тэракт у «Крокус Сіці Холе» адразу ж узрадзіў, здавалася, забытае словазлучэнне «разанскі цукар». 22 верасня 1999 года, пасля серыі выбухаў дамоў у Расіі, жахар разанскага шматпавярховіка заўважыў, як трое невядомых заносяць мяхі з аўтамабіля ў падвал дома. Ён выклікаў міліцыю. Міліцыянты спусціліся ў падвал і знайшлі тры мяхі па 60 кг кожны. Жыхароў эвакуявалі.

Праведзены экспрэс-аналіз рэчыва з мяхоў паказаў прысутнасць гексагену. Пры аглядзе змесціва мяхоў быў выяўлены электронны гадзіннік, выраблены ў выглядзе пэйджара, і тры батарэйкі, злучаныя правадамі. Час спрацоўвання прылады быў устаноўлены на 05:30 раніцы. Дэтанатарам служыла гільза ад паляўнічага патрона 12-га калібра, запоўненая порахам.

Кіраўнік ФСБ Расіі Мікалай Патрушаў на наступны дзень пасля выяўлення мяхоў заявіў, што тое, што адбылося — гэта вучэнні ФСБ, то бок пацвердзіў, што мяхі былі закладзеныя прадстаўнікамі ФСБ.

Праз 8 дзён, 30 верасня 1999 года, танкавыя падраздзяленні расійскай арміі ўвайшлі на тэрыторыю Чачні. Пачалася другая чачэнская.

«Вось усё гэта, вядома, наводзіць на думку, што верасьнёўскія выбухі плянаваліся як падстава для пачатку другой чачэнскай вайны, якая і была распачатая ў верасьні, працягвалася нейкі час і таксама папярэднічала прэзыдэнцкім выбарам 2000 году. І як мы ведаем, дапамагла прэзыдэнту Пуціну перамагчы на гэтых выбарах», — лічыць Юры Фельшцінскі.

Стратэгічныя мэты другой чачэнскай вайны сфармуляваў Уладзімір Пуцін, які займаў тады пасаду старшыні ўрада. Паводле яго словаў, неабходна было паставіць заслон міжнароднаму тэрарызму, які пранік у Чачню, прадухіліць распад Расіі, а таксама ўзяць пад абарону чачэнскае насельніцтва, якое стала ахвярай мясцовых сепаратысцкіх і экстрэмісцкіх бандфарміраванняў.

Надзвычай выразныя паралелі ў Украінай, праўда? Як бачна, рыторыка расійскага прэзідэнта за 25 гадоў не змянілася.

Але, у адрозненне ад Украіны, другая чачэнская сапраўды стала для Пуціна «маленькой победоносной войной», дзякуючы якой ён замацаваўся ва ўладзе.

Пуцін на цырымоніі інаўгурацыі. Фота: putin.kremlin.ru

Пуцін на цырымоніі інаўгурацыі. Фота: putin.kremlin.ru

Крывёю чужых і ўласных грамадзян прапітанае ўсё прэзідэнцтва Пуціна. Пасля выбухаў дамоў і злачынстваў другой чачэнскай будзе яшчэ страшная ўсмешка, якой суправаджаліся словы «яна патанула» пра падлодку «Курск» (2000); «Норд-Ост» (2002) з газавай атакай, якая стала прычынай смерці некаторых закладнікаў; А маці і жонкі забітых падчас тэракту ў Беслане (2004) і праз 12 гадоў пасля трагедыі апрануць футболкі з надпісам «Пуцін – палач Беслана», за што будуць затрыманыя і збітыя. 

Фота: Voice of Beslan

Фота: Voice of Beslan

Жанчыны заявяць: «Лічу вінаватым у смерці маіх дзяцей Пуціна».

Эма Тагаева. У тэракце 2004 года яна страціла мужа і сыноў. Фота: Elena Kostyuchenko (X)

Эма Тагаева. У тэракце 2004 года яна страціла мужа і сыноў. Фота: Elena Kostyuchenko (X)

18 сакавіка 2018 года Пуцін быў пераабраны на новы прэзідэнцкі тэрмін. 25 сакавіка таго ж года адбыўся страшны пажар у гандлёвым цэнтры «Зімняя вішня» (Кемерава). 64 чалавекі загінулі, з іх 37 – дзеці.

17 сакавіка 2024 года Пуцін у чарговы раз становіцца прэзідэнтам. 22 сакавіка таго ж года прынамсі 150 чалавек расстраляныя ў «Крокус Сіці Холе».

Ці разамкнецца калісьці гэтае страшнае кола?

Беслан. Фота: Reuters

Беслан. Фота: Reuters