Як жывуць і працуюць беларускія лекары ў Польшчы
«Як толькі кажу, што я лекар, які прыехаў з Беларусі, людзі адразу ў твары мяняюцца, просяць кантакты, кажуць, што прыйдуць на прыём».
Беларускія лекары масава пераязджаюць у Польшчу. Там яны ўладкоўваюцца ў розныя клінікі, на розных умовах. «Флагшток» пагутарыў з лекарамі-эмігрантамі з Гомеля, каб даведацца, як адбываецца адаптацыя, і параўнаць польскую і беларускую сістэмы аховы здароўя.
Для Антона (імя зменена) пераезд у Польшчу не быў спантанным. У Беларусі ён працаваў урачом-неўролагам, але не бачыў перспектыў для развіцця.
— Я хацеў развівацца і паступіць у ардынатуру, але ў 2020 годзе Лукашэнка сказаў, што ардынатура краіне не патрэбная. Таму летам 2021 года я прыняў канчатковае рашэнне з'ехаць. Паўгода рыхтаваўся, рабіў «дэцызію» (дакумент, па якім можна працаваць лекарам у Польшчы на працягу 5 гадоў без настрыфікацыі дыплома. — Заўв. рэд.). Тады гэта яшчэ было можна зрабіць у Беларусі. І ў студзені 2022 года я з'ехаў.
У Польшчы Антон працуе ў неўралагічным аддзяленні мясцовай бальніцы як урач-неўролаг, але без наяўнасці спецыялізацыі.
— У Польшчы спецыялізацыя, па сутнасці, адпавядае беларускай вышэйшай катэгорыі. Усе праходзяць інтэрнатуру без спецыялізацыі і па заканчэнні здаюць экзамен. Чым больш балаў набраў, тым лепшую спецыялізацыю ты можаш выбраць. У выніку самы вялікі конкурс тут — на эндакрынолага. А каб быць неўролагам, дастаткова проста здаць экзамен.
Маючы «дэцызію», беларусы зарабляюць столькі ж, колькі польскія лекары. Але на працягу 5 гадоў трэба ім здаць два экзамены: моўны і медыцынскі. Адной з галоўных перашкод у адаптацыі Антон лічыць менавіта моўны бар'ер.
— Калі ў Беларусі лекары для тэрміналогіі выкарыстоўваюць лацінскую і англійскую мовы, то ў Польшчы ўсё перавялі на польскую. Калі пераязджаючы ў Польшчу ты думаеш, што веданне латыні цябе выбавіць, то гэта не так. Таму тут і ўведзены медыцынскі моўны экзамен.
Польскія медустановы ахвотна бяруць на працу беларусаў, бо гэта прыносіць ім грошы.
— Польскія лякарні атрымліваюць грошы ад Еўрасаюза за беларусаў, якія працуюць па дэцызіі. Карыстаючыся гэтым, некаторыя медустановы наймаюць беларусаў, нават не дапушчаючы да працы. Але беларусы з гэтай нагоды не моцна хвалююцца: заробак атрымліваюць і спакойна рыхтуюцца да іспытаў.
Узровень аплаты працы лекараў у Польшчы ў розных шпіталях можа істотна адрознівацца, але ў любым месцы розніца з Беларуссю вельмі істотная.
— У Польшчы плацяць вельмі годныя грошы. Я магу дазволіць на адзін свой заробак здымаць кватэру, утрымліваць сям'ю з чатырох чалавек і не эканоміць. І ў мяне не самыя выгадныя ўмовы сярод іншых беларусаў. Важнае адрозненне ў аплаце працы заключаецца яшчэ ў тым, што ў Польшчы чым больш у цябе перапрацоўка, тым даражэй яна будзе аплачвацца. А ў Беларусі — наадварот.
Антон адзначае зусім іншы прынцып працы лекара-неўролага ў Польшчы.
— У Польшчы значна лепш матэрыяльная база, больш магчымасцей. Тут усё залежыць ад вынікаў КТ, МРТ, ЭНМГ, аналізаў. А беларускія ўрачы прывыклі працаваць ва ўмовах эканоміі на абследаваннях. Першы час было складана, калі да цябе прыходзіць пацыент і па яго сімптомах ты дакладна разумееш, дзе ў яго праблема, але абследаванне трэба зрабіць на ўсё, ад галавы да паясніцы. Для пацыента гэта бясплатна, і ў Беларусі табе б гэтага ніколі не дазволілі. Затое ў сувязі з гэтым у беларусаў значна лепш клінічнае мысленне, яны лепш разумеюць, да якога дыягназу схіліцца ў спрэчных сітуацыях.
У Польшчы назіраецца недахоп неўролагаў. Прычына, на погляд Антона, крыецца ў агульнай арганізацыі працы аховы здароўя.
— Тут, у адрозненне ад Беларусі, лекар агульнай практыкі можа даслаць пацыента ў неўралогію з накіраваннем «дрэнна», «слабасць». Таму да нас многіх адпраўляюць беспадстаўна, — лічыць Антон. — Але пры выпісцы ім трэба паказаць нейкі дыягназ па кодзе МКХ (Міжнародная класіфікацыя хвароб. — Заўв. рэд.).
Не ва ўсіх беларусаў, якія пераехалі, ёсць магчымасць выканаць умовы для атрымання «дэцызіі». Другі суразмоўца «Флагштока» — урач-стаматолаг Віктар (імя зменена). Ён быў вымушаны з'ехаць у Польшчу з палітычных прычын. У Гомелі ён браў удзел у акцыях пратэстаў і не захацеў чакаць моманту, калі да яго прыйдуць сілавікі.
У Польшчы для пацвярджэння дыплома Віктар праходзіць стажыроўку (аналаг беларускай інтэрнатуры) і адзначае зусім іншае стаўленне да настаўніцтва.
— У Беларусі, калі ты прыйшоў у інтэрнатуру, табе выдзяляюць кабінет, устанаўліваюць план, умоўна, у 10 разоў менш, чым у лекара, і ты, не спяшаючыся, працуеш. Калі ўзнікнуць пытанні, то старэйшы дапаможа, падкажа. У Польшчы ўсё не так. Тут на пачатку ты асістэнт, таму можаш толькі глядзець, як больш дасведчаны лекар працуе. Потым цябе дапускаюць да працы, але стаяць, глядзяць і каментуюць кожнае тваё дзеянне.
Пасля заканчэння інтэрнатуры Віктар атрымае магчымасць свабоднага працаўладкавання.
— У Польшчы стаматолагі звычайна адкрываюць ІП, фінансава гэта нашмат больш выгадна. Можна працаваць на сваіх матэрыялах, эканоміць на ПДВ, які складае 23%. Толькі за кошт ПДВ заробак стаматолага павялічваецца амаль на чвэрць.
Але не ўсе беларускія лекары маюць у Польшчы падобныя стартавыя ўмовы.
— У Польшчы для лекараў існуе ўмоўны дазвол працы па спецыяльнасці (PWZ. – Заўв. рэд.). Гэта такі від працаўладкавання, калі ты можаш працаваць без пацвярджэння дыплома. Але пры ўмове, што за табой замацаваны польскі лекар, які за цябе адказвае.
Прыязджаючы працаваць на такіх умовах, праз кадравыя агенцтвы, некаторыя потым са здзіўленнем выяўляюць, што зарабляюць тут менш, чым у Беларусі. Звычайна гэта звязана з тым, што кадравае агенцтва па дамове атрымлівае адсотак ад вашай зарплаты. Калі такія кантракты падпісваюць, большасць проста не разумее, пра што ў іх ідзе гаворка. Таму важна на этапе працаўладкавання ведаць польскую мову, каб самастойна агаварыць умовы працы.
Умовы працы дантыстаў у Польшчы значна адрозніваюцца ад беларускіх рэалій. Каб гэта растлумачыць, Віктар падзяліўся ўнутранай кухняй беларускай стаматалогіі.
— У Беларусі, каб утрымаць лекара ў дзяржустановах, ёсць абавязковы план, пасля выканання якога лекар можа выконваць «халтуру», якая ідзе яму ў кішэню. Раней суадносіны часу на план і «халтуру» былі прыкладна 50 на 50. Але апошнім часам на аднаго пацыента паводле плана замест 30 хвілін сталі выдзяляць толькі 15, тлумачачы гэта недахопам спецыялістаў. У выніку моладзь ужо не хоча ісці ў стаматалогію, а наяўныя спецыялісты з'язджаюць.
У Польшчы дзяржаўная стаматалогія абыходзіцца без грошай у канвертах. Пры гэтым і ўмовы працы больш зручныя для лекараў.
— У Польшчы план заснаваны на адзінках і да грошай наогул ніяк не прывязаны. Калі план на месяц не будзе выкананы, то нічога не будзе. Калі гэта адбываецца на працягу года, то план на бальніцу проста будзе зменшаны. У дзяржаўных клініках на пацыента адводзіцца 30 хвілін. У прыватных час прыёму устанаўліваецца ў індывідуальным парадку, але, як правіла, гэта таксама ад 30 хвілін да гадзіны.
Віктар адзначае вялікую розніцу ў дачыненні да лекараў-стаматолагаў пацыентаў і начальства.
— У Беларусі, калі нешта не так, пацыент адразу ідзе да начальства, на лекара пачынаюць ціснуць. У выніку стаматолаг павінен пастаянна ўдасканальвацца, каб да яго хацелі ісці пацыенты. У Польшчы пацыенты вельмі лаяльныя. Лекар часам робіць няякасна, пацыенту балюча, потым пломба выпадае, але пры гэтым ён кажа, што не пойдзе да іншага. А ў выпадку скаргаў пацыентаў вышэйшае кіраўніцтва, як правіла, будзе на баку лекара. Таму лекару ў Польшчы працаваць нашмат камфортней.
Вялікая розніца адчуваецца і ў дачыненні да выкарыстання расходных матэрыялаў.
— У Беларусі калі паліклініка, напрыклад, выдае ўпакоўку пальчатак на месяц, то недахоп ты павінен дакупляць са сваіх сродкаў. У Польшчы калі пальчатка ўпала ці проста цяпер не патрэбная, то яна адразу выкідаецца ў смецце. Калі ў цябе нешта заканчваецца, то гэта адразу замаўляюць, з гэтым тут наогул праблем няма.
У Польшчы Віктар упершыню адчуў, што такое статус лекара.
— Як толькі кажу, што я лекар, які прыехаў з Беларусі, людзі адразу ў твары мяняюцца, просяць кантакты, кажуць, што прыйдуць на прыём. Пры гэтым калегі раяць: ніколі не прызнавайся, што ты лекар, таму што тры шкуры з цябе здзяруць.