Як святкуюць Вялікдзень у Літве, Польшчы і Грузіі?
31 сакавіка каталікі па ўсім свеце святкуюць Вялікдзень — дзень Уваскрэсення Ісуса Хрыста. Пра еўрапейскія традыцыі: пальмы, яйкі чорнага колеру, павешанне селядца — і адзін страшны абрад з Філіпін, піша Ганна Ганчар для «Белсат».
Сёлета 31 сакавіка каталікі па ўсім свеце святкуюць Вялікдзень – дзень Уваскрэсення Сына Божага Ісуса Хрыста. Самы пазнавальны сімвал гэтага свята, які прысутнічае, напэўна, ва ўсіх хрысціянскіх культурах – яйка як знак новага жыцця. Але адначасова ў кожнай краіне ёсць свае ўнікальныя традыцыі.
«Віленскія пальмы – наша супольная з Літвой спадчына»
Літва — пераважна каталіцкая краіна. Паводле перапісу 2021 года, каталікі тут складаюць 74,19% насельніцтва. Літоўскія велікодныя традыцыі з аднаго боку моцна падобныя да таго, як святкуюць каталікі ў іншых краінах свету, а з іншага – маюць у сабе шмат незвычайнага і самабытнага. Паколькі Літва прыняла хрысціянства толькі ў XIV стагоддзі, у яе традыцыях захавалася больш паганскіх матываў.
За тыдзень да Вялікадня ў Літве, як і па ўсім свеце ў Каталіцкім касцёле, адзначаецца Вербная ці Пальмовая нядзеля – успамін уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім з пальмавымі галінкамі ў руках. У нашых шыротах пальмы няма, таму яе замяняюць дрэвам, якое распускаецца раней за іншыя – вярбой. Галінкі вярбы вернікі ўпрыгожваюць і нясуць іх асвячаць у касцёл. У Літве замест вярбы выкарыстоўваюць ядловец ці адмысловыя «пальмы» з сухацветаў, розных траваў, каласоў. «Віленскія пальмы» сталі культурнай з’явай Літвы. Яны маюць у сабе глыбокі сімвалізм і адсылаюць да пальмаў у райскім садзе.
«Віленскія пальмы для мяне, хоць яны і лічацца з’явай менавіта літоўскай культуры – гэта напамін пра дзяцінства і Беларусь, – кажа Таццяна – гарадзенка, якая стала жыве ў Вільні ўжо два гады. – Да нас іх таксама прывозілі з Літвы, а яшчэ іх рабілі сваімі рукамі ў вёсках Гарадзенскай вобласці. Я кожны год з дзяцінства бачыла ў касцёле гэтыя пальмы – і маленькія ў вернікаў, і вялізныя, якія неслі святары. Пальмы прынята спальваць перад пачаткам Вялікага посту, аднак у мяне рука не падымалася знішчаць гэтую прыгажосць – у Беларусі ў мяне засталося некалькі вазаў, поўных віленскіх пальмаў. І тут я працягваю гэтую традыцыю – упрыгожваю імі сваю кватэру. Я лічу, што гэта наша супольная з Літвой спадчына».
Яйкі чорнага колеру і «Дзіцячы вялікдзень»
Даследчыкі лічаць, што традыцыя аздаблення вербаў і гандлю імі існавала на Віленшчыне здаўна – у пісьмовых крыніцах гэты звычай сустракаецца ў XVI стагоддзі. Найбольш раннім іконаграфічным сведчаннем існавання віленскай традыцыі ўпрыгожвання галінак вярбы з’яўляецца карціна Канутыя Русецкага, напісаная ў ХІХ стагоддзі. На ёй мастак стварыў вобраз беларускай дзяўчынкі ў нацыянальнай вопратцы з каляровымі пальмамі на фоне касцёлу Святога Міхала.
У Велікодную нядзелю каталікі ў Літве ідуць у касцёлы, а потым сядаюць за святочны стол, галоўны сімвал якога – велікодныя яйкі.
«У літоўскай мове яны называюцца margutis. Іх і сёння часта аздабляюць старажытным паганскім арнаментам, які сімвалізуе энергію жыцця, урадлівасць, каханне, змену пакаленняў – я гэта пачула на занятках па літоўскай мове, – распавядае Таццяна. – Традыцыйныя колеры літоўскіх велікодных яек, дарэчы – чорны і карычневы – яны сімвалізуюць зямлю».
Над велікодным сталом, паводле літоўскай традыцыі, трэба павесіць птушку, вырабленую з саломы ці іншых матэрыялаў. Гэта водгалас паганскага мінулага, калі людзі верылі, што ў птушках знаходзяць прытулак душы памерлых продкаў.
Першая нядзеля пасля Вялікадня ў Літве – так званы «Дзіцячы Вялікдзень» (Atvelykis). Гэты дзень прысвечаны дзецям – для іх ладзяцца розныя забавы. Таксама ў гэты дзень існуе традыцыя наведваць хросных бацькоў дзіцяці ці хросныя бацькі могуць наведаць дзяцей.
«Польшча: шанаванне свята на ўзроўні дзяржавы»
У каталіцкай Польшчы вельмі багатыя велікодныя традыцыі, якія могуць адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёну.
«У Польшчы Вялікдзень – сапраўды вялікае свята. І гэта не столькі пра веру, колькі пра традыцыю, як мне здаецца – святкуюць нават тыя, што не вераць у Бога і ў касцёл звычайна не ходзяць, – кажа Алена, якая жыве ў Польшчы ўжо некалькі гадоў. – І хоць я бачу шмат знаёмага і агульнага з Беларуссю, аднак адрозненні таксама ёсць. І самае першае – шанаванне гэтага свята на ўзроўні дзяржавы».
Як і ў Літве, у Польшчы таксама ёсць традыцыя аздаблення вербаў, з якімі вернікі ідуць у касцёл у Пальмовую нядзелю. Ёсць рэгіёны, дзе вербы-пальмы вельмі падобныя да віленскіх пальмаў. Вылучаюцца курпёўскія і гуральскія пальмы – іх робяць вялізнымі, па некалькі метраў нават, кажа Алена.
У суботу перад Вялікаднем каталікі ў Польшчы нясуць у касцёл кошыкі з ежай, каб асвяціць яе.
«Тут ніякіх пакетаў, як гэта можна было ўбачыць у нас у Беларусі ў касцёлах. Толькі прыгожыя кошыкі. І часам такое адчуванне, што ў людзей спаборніцтва – хто зробіць цікавей і прыгажэй», – кажа беларуска.
У велікодным кошыку павінен быць пэўны набор прадуктаў. Найперш – булка ў форме барана, якая сімвалізуе Ісуса.
«Гэтыя бараны напярэдадні Вялікадня тут паўсюль прадаюцца, розных памераў, з рознымі складнікамі. Таксама не праблема набыць сабе адмысловую форму і спячы барана ўдома», – зазначае Алена.
Акрамя барана, у велікодным кошыку павінны быць: мясныя стравы як сімвал канца пасту, фарбаваныя яйкі – сімвал новага жыцця, масла – знак дабрабыту, хрэн – сімвал горычы цярпення, соль – сімвал вытрываласці, вада – сімвал жыцця.
Павешанне селядца і палівальны панядзелак
«Адна з самых дзіўных традыцыяў, пра якія я тут пачула – гэта павешанне селядца, – распавядае Алена. – Сутнасць у тым, што бяруць рыбу, вырабленую з дрэва ці іншых матэрыялаў і прыбіваюць яе да дрэва ці вешаюць на ім. Гэта сімвалізуе сканчэнне Вялікага посту і што нарэшце можна есці мяса. Яшчэ ёсць такая традыцыя – умыванне твару вадой, у якой гатаваліся велікодныя яйкі – існуе павер’е, што гэта добра ўплывае на скуру».
Велікодны панядзелак у Польшчы – палівальны панядзелак (Śmigus-dyngus ці lany poniedziałek). Традыцыя раней была асабліва распаўсюджаная ў вёсках. У гэты дзень хлопцы аблівалі вадой дзеўчын. Лічылася, што абліванне – гэта своеасаблівае прызнанне ў пачуццях. Дзяўчына, якую аблівалі, каб пазбегнуць гэтага, павінна была падарыць хлопцу фарбаванае яйка.
Велікодны панядзелак – гэта таксама выходны ў Польшчы.
«Вялікдзень у Польшчы – вельмі сямейнае свята, а акрамя таго – час, калі людзі адпачываюць. Таксама традыцыяй можна назваць, што ў гэтыя дні нічога не працуе – ні крамы, ні нейкія ўстановы», – зазначае беларуска.
Грузія: пальмы з самшыту і карэньчыкі для фарбавання яек
Пра велікодныя традыцыі Грузіі нам распавяла карэспандэнтка «Белсату», якая жыве ў Батумі.
Грузія – пераважна праваслаўная краіна, каталікоў тут мала – каля 100 тысяч чалавек усяго (прыкладна 2% насельніцтва). Вялікдзень тут называецца Ахдгома.
«Першае адрозненне ад таго, як святкуюць у нас, якое кінулася ў вочы – гэта букеты самшыту, якія тут выкарыстоўваюць замест вербаў. А сёлета дадалі яшчэ сапраўдныя лісты пальмаў, – распавядае нашая журналістка. – Яшчэ цікава, што гэтыя букеты не прадаюць, як у нас, а бясплатна раздаюць вернікам. Пальмовая ці Вербная нядзеля па-грузінску – Бзоба, што літаральна азначае «дзень самшыту».
На Вялікдзень у Грузіі, як і ва ўсім свеце, фарбуюць яйкі – для гэтага тут традыцыйна выкарыстоўваюць карэнні марэны фарбавальнай, ці, як яе называюць грузіны – эндро. Калі зварыць яйкі ў адвары эндро, яны атрымліваюцца ружовымі ці чырвонымі ў залежнасці ад канцэнтрацыі фарбавальніка, кажа беларуска.
«У суботу напярэдадні Вялікадня ў мясцовым касцёле праводзіцца служба. Праходзіць яна традыцыйна, як у нас, пачынаецца з запальвання вялізнай свечкі – Пасхалу ад вогнішча каля касцёлу, – распавядае карэспандэнтка. – Летась падчас службы спяваў беларускі хор, потым чытанні ў касцёле былі на розных мовах – грузінскай, англійскай, расейскай, украінскай, беларускай».
Застоллі на могілках
Больш урачыста ў Грузіі адзначаецца Вялікдзень па юліянскім календары, у праваслаўных. З пятніцы напярэдадні свята і да панядзелка ўсе сыходзяць на велікодныя вакацыі – не працуюць дзяржаўны ўстановы, школы. Гаспадыні пякуць адмысловы велікодны куліч з мускатам, гваздзікай, шафранам, карыцай і іншымі спецыямі. На святочны стол ставіцца джэджылі – прарослая трава – сімвал новага жыцця і абнаўлення. На яе кладуць фарбаваныя яйкі. Такую кампазіцыю таксама можна ўбачыць у велікодны тыдзень ва ўсіх крамах і ўстановах.
У цэрквах праводзяцца начныя велікодныя службы.
«Што цікава, у велікодную ноч адмыслова працуе метро ў Тбілісі, у Батумі – аўтобусы. Увесь грамадскі транспарт у гэты час бясплатны – гэта робіцца, каб вернікі маглі дабрацца да дому пасля службы», – кажа нашая карэспандэнтка.
На другі дзень Вялікадня грузіны абавязкова ідуць на могілкі – наведваюць магілы сваякоў, на якіх абавязкова пакідаюць чырвонае яйка. Часта на магілах ладзяцца сапраўдныя застоллі – з кулічамі і віном.
Дзень, калі піць віно – вялікі грэх
Велікодныя традыцыі Грузіі адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёну. У Гурыі дагэтуль захоўваюць як культурную з’яву мужчынскую гульню «лело». У яе гуляюць толькі на Вялікдзень. Мяч для гэтай гульні важыць 16 кілаграмаў і вырабляецца ўручную. Каманда, якая завалодала мячом, нясе яго на могілкі і там пакідае. Жанчыны не могуць гуляць у лело.
У горных раёнах праводзяцца спаборніцтвы па стральбе з луку па мішэнях, у ролі якіх выступаюць фарбаваныя яйкі. Таксама тут на магілах продкаў катаюць яйкі.
У Кахетыі, вядомай па ўсім свеце сваім віном, пятніца перад Вялікаднем, калі згадваецца мука Хрыста, – адзіны дзень на год, калі забаронена піць віно – гэта лічыцца вялікім грахом.
Самая жудасная велікодная традыцыя
Напэўна, найбольш дзіўна і відовішчна Вялікдзень святкуюць на Філіпінах – адзінай каталіцкай краіне ў Азіі. Тут вернікі надаюць вялізную ўвагу пакутам за грахі і ачышчэнню душы, і тое, як яны гэта робяць, шакуе нават Каталіцкую Царкву, іерархі якой не раз прасілі жыхароў не праводзіць іх традыцыйныя рытуалы – крыжовы шлях з сапраўднымі бічаваннямі і ўкрыжаваннямі.
Выглядае гэта так: частка мужчынаў, якія ўдзельнічаюць у крыжовым шляху, б’юць сябе да крыві адмысловай плёткай, звязанай з некалькіх дзясяткаў бамбукавых палачак. Раней традыцыі былі яшчэ больш жорсткімі – для самабічавання выкарыстоўвалі драўляную дубінку, у якую былі ўбітыя вострыя кавалкі шкла.
За тымі, хто бічуе сябе, ідуць мужчыны, якія нясуць цяжкія крыжы. За імі – удзельнікі працэсыі з вёдрамі з вадой, у якіх час ад часу спалоскваюць плёткі.
Кульмінацыя – укрыжаванне, якое праводзіцца ў Вялікую пятніцу каля 15-й гадзіны дня – час смерці Хрыста. Некалькіх мужчын, якія ўвасабляюць Хрыста, насамрэч прыбіваюць да крыжа. Дзеля гэтага выкарыстоўваюць адмысловыя цвікі, сродак для дэзынфекцыі. Прыбівае спецыяльна навучаны чалавек, які ведае, як забіць цвікі ў рукі і ногі так, каб не пашкодзіць косці. Крыжы з прыбітымі мужчынамі падымаюць над імправізаванай Галгофай. Так яны стаяць некаторы час, пасля чаго ўкрыжаваных здымаюць, кладуць на насілкі, адносяць у цень, дзе імі займаюцца медыкі.
За ўсім гэтым назіраюць тысячы людзей. Каб паглядзець на ўкрыжаванне, адмыслова прыязджаюць турысты. Вакол «Галгофы» працуюць намёты з ежай і алкаголем, гучыць музыка.
Яшчэ адной унікальная філіпінскай традыцяй падчас Вялікага тыдня напярэдадні Вялікадня з’яўляецца «пабаса» («pabasa») – малітоўны спеў, які распавядае пра жыццё, пакуты і ўваскрэсенне Хрыста. Семʼі і суполкі па чарзе спяваюць адмысловыя вершы, ствараючы бесперапынную мелодыю, якая можа доўжыцца гадзінамі ці нават днямі.