Квітнеючы Вялікдзень у Вільні. Азёры з пралесак на Бернардынскіх могілках (Фота)

Многім, напэўна, знаёмая гэтая яскравая карціна, калі ранняй вясной за вокнамі электрычкі, што імчыцца скрозь беларускі лес, праносяцца азёры з першых паслязімовых кветак. Вільня зноў нас здзіўляе: тут падобную з’яву можна ўбачыць наўпрост у цэнтры горада.

vokladka__6__logo.jpg

«Восьмы цуд Вільні» знаходзіцца на Бернардынскіх могілках, што ўзвышаюцца па-над рэчкай Вільня ў багемным мастацкім раёне Ужупіс.

Хаця многія і кажуць, што шпацыр па могілках — справа сумнеўная, мы прадставім зваротныя доказы. Па-першае, часам могілкі з’яўляюцца ўнікальнай скарбніцай краязнаўства і гісторыі. Прыкладам таму можна прывесці той жа магільнік Копцеўка ў Глыбокім: тут побач знаходзяцца магілы дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі, калона Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года, якая стала першым дэмакратычным законам у Еўропе, пахаванні польскіх жаўнераў, выбітных пісьменнікаў, архітэктараў ды ахвяр COVID-19.

Па-другое, гэта дэманструюць самі віленцы, якія любяць выходзіць на шпацыр па старажытных могілках, ды і неабавязкова ў час цвіцення пралесак. Хаця сёння людзей тут было, падаецца, больш, чым кветак.

Уваходзім у дом нябожчыкаў праз цэнтральную браму і адразу захапляемся прыгажосцю, якую прырода арганізавала гэтай вясной настолькі рана. 

Калісьці на старадаўніх могілках пасадзілі пралескі — з таго часу яны разрасліся, цешаць вока віленцаў і прыцягваюць турыстаў з іншых краін кожную вясну. Бернардынскія могілкі з’яўляюцца адным з найпрыгажэйшых гістарычных і культурных аб'ектаў ХІХ стагоддзя Літвы.

Праходзім далей — і нашыя вочы блішчаць ад красы. Складаецца адчуванне, нібы хтосьці выліў банку з сіняй фарбай на пагоркі могілак. 

Дарэчы, на тэрмометры ў апошні дзень сакавіка зіхаціць лічба ў +24 °С, таму стыль у людзей сёння вельмі кантрасны: хтосьці, задыханы, пакутуе ў пухавіку, а хтосьці п’е эспрэса-тонік з лёдам у гавайскай панаме.

Увогуле ў горадзе вельмі шмат кветак: пралескі, крокусы, першыя дзьмухаўцы. Крочым на яшчэ адно вядомае поле з вясновымі кветкамі, але па шляху зойдзем у касцёл Святой Ганны. Нягледзячы на тое, што апошняя імша ў святыні скончылася а 12 раніцы, на ўваходзе ў касцёл стаяць натоўпы людзей са свечкамі і кветкамі. Побач, на стылёвых сучасных лавачках, адпачываюць віленцы, атрымліваючы асалоду ад віду на цудны касцёл і хваляў першага «летняга» цяпла.

Апошнім нашым пунктам падчас сённяшняга шпацыру будзе поле з кветкамі ля набярэжнай Віліі. Тут у шэраг высаджаны рознакаляровыя крокусы — і хай на першы погляд гэта выглядае занадта проста, ад таго і лагодна! Гараджанам надакучаюць клумбы, вазоны з кветкамі і іншае старамоднае добраўпарадкаванне. Куды ўтульней зладзіць пікнік на поле з крокусамі ў цэнтры сталіцы!