Ці вераць у Літве Лукашэнку, які паабяцаў не нападаць на Вільню?
Як у Літве ўспрымаюць інфармацыю пра «бліцкрыг на Вільню», які нібыта рыхтуецца Расіяй і Беларуссю? Ці закрыюць праз гэта пункты пропуску на мяжы? І чаго чакаць беларусам, якія жывуць у Літве, ад новага міністра абароны Лаўрынаса Кашчунаса, які раней катэгарычна выступаў за жорсткія абмежаванні для беларусаў?
Пра гэта Plan B. пагаварыў з літоўскім прафесарам Томасам Янелюнасам і былым беларускім дыпламатам Паўлам Слюнькіным.
«У Літве цыркулюе мноства сцэнарыяў пра магчымасць вайны паміж Расіяй і NATO»
Папярэдні тыдзень скончыўся заявай Валерыя Сахашчыка аб планах уладаў Расіі і Беларусі ўжыць ядзерную зброю і пайсці «бліцкрыгам на Вільню». Ніякіх пацвярджэнняў словах Сахашчыка ні з боку амерыканскіх і брытанскіх разведак, ні з боку заходніх СМІ, няма.
Затое гэтую інфармацыю ўжо пракаментаваў Лукашэнка. Ён паабяцаў, што ні Беларусь, ні Расея не збіраюцца нападаць на Літву. Вельмі настойліва паабяцаў. 14 лютага 2022 года ён абяцаў, што саюзнікі не стануць нападаць на Украіну.
Як да слоў Сахашчыка і Лукашэнкі ставяцца ў Літве? Ці можа гэта стаць падставай для эскалацыі і без таго напружаных адносін дзвюх краін? Напрыклад, ці можа Літва закрыць праз гэта астатнія два КПП на мяжы.
— Размовы пра «беларускі напад» на Вільню не прыцягваюць асаблівай увагі, — кажа прафесар Інстытута міжнародных стасункаў і паліталогіі (IIRPS) Віленскага ўніверсітэта Томас Янелюнас. — Падобная інфармацыя ў большасці выпадкаў разглядаецца як чарговая частка агульнага «інфармацыйнага шуму».
У нас цыркулюе мноства сцэнарыяў аб магчымасці вайны паміж Расіяй і NATO. Некаторыя з іх распаўсюджваюцца наўмысна, каб распаліць дадатковую трывогу сярод насельніцтва. Некаторыя — проста каб прыцягнуць увагу да нейкіх малавядомых асобаў або зрабіць сенсацыйныя загалоўкі для палявання за клікбейтам. Мне здаецца, што апошняе выступленне спадара Сахашчыка ў нейкай ступені звязана з другой прычынай.
Вядома, літоўцы не вераць Лукашэнку. У апошнія гады нават увага СМІ і грамадскасці да яго слоў радыкальна знізілася. Рашэнні аб літоўска-беларускіх межах не звязаныя з распаўсюджаннем нейкіх чутак або інфавойн. Галоўнай прычынай закрыцця пунктаў пропуску на мяжы была рэальная вялікая плынь людзей, якія перасякаюць яе. Гэта звязана з агучаным раней уладамі жаданнем скараціць міграцыю з Беларусі на больш прыстойныя лічбы.
Калі нейкія ўжо ўведзеныя абмежавальныя меры не спрацуюць, ціск па пытанні закрыцця мяжы ўзмоцніцца.
«Расійскія і беларускія спецслужбы павялічылі колькасць праведзеных аперацый у Літве»
Былы дыпламат МЗС Беларусі, які некалькі гадоў прапрацаваў у пасольстве ў Літве, палітычны аналітык Еўрапейскай рады ў міжнародных стасунках (ECFR) Павел Слюнькін падкрэслівае, што арыентавацца трэба не на словы, а на дзеянні Расіі і Беларусі. Падрыхтоўку да ўварвання немагчыма будзе схаваць. Папярэднія гэтаму ваенна-тэхнічныя крокі на тэрыторыі Беларусі не могуць быць здзейсненыя маментальна.
— Пакуль жа на тэрыторыі Беларусі колькасць расійскіх войскаў і тэхнікі занадта малая, каб лічыць, што рэалізацыя апісанага сцэнару нападу пачалася. Расіі пакуль не ўдаецца прарваць фронт ва Украіне. Гэта скоўвае яе магчымасці для пашырэння тэатра баявых дзеянняў. Нават чаканая паслявыбарчая мабілізацыя ў Расіі пакуль яшчэ не абвешчаная. Пры гэтым на Балтыйскім кірунку сапраўды назіраецца актывізацыя. Там праходзяць досыць буйныя вучэнні УС РБ, расійскія і беларускія спецслужбы павялічылі колькасць аперацый, якія праводзяцца ў Літве.
Фокус прапаганды заняты цяпер не толькі Украінай, якая дамінавала да гэтага ў негатыўных рэпартажах расійскіх і беларускіх медыя. Усё часцей у ім з'яўляюцца сюжэты пра Польшчу і балтыйскія краіны. Усё гэта патрабуе асаблівай увагі, але пакуль не можа служыць пацвярджэннем аб хуткім пачатку баявых дзеянняў на гэтым кірунку.
«Кашчунас можа працягваць выступаць у падтрымку дадатковых абмежаванняў у дачыненні да міграцыі»
Акрамя інфармацыі Сахашчыка, у беларусаў, якія жывуць у Літве, выклікала трывогу прызначэнне міністрам абароны Літвы Лаўрынаса Кашчунаса — дэпутата, які ўвесь час прапануе новыя абмежаванні для беларусаў. Менавіта ад яго пайшоў трэнд, які глыбока пасяліўся ў літоўскіх СМІ, пра тое, што сярод беларускай дыяспары прыкметныя «праявы літвінізму». Акрамя таго, ён крытыкаваў ахвотных «прысвойваць сабе гісторыю Літвы».
Аднак прафесар Томас Янелюнас лічыць, што ў новага міністра абароны галоўныя задачы будуць сканцэнтраваны не на ўзмацненні жорсткасці абмежаванняў для беларусаў.
— Лаўрынас Кашчунас можа працягваць выступаць у падтрымку дадатковых абмежаванняў у дачыненні да міграцыі. У тым ліку — мігрантаў з Беларусі. Але ў яго шмат іншых задач і прыярытэтаў у якасці міністра абароны. І не яго функцыя і адказнасць прымаць рашэнні аб памежным кантролі. Гэты абавязак ляжыць на Міністэрстве ўнутраных спраў. Таму я не думаю, што змена міністраў абароны акажа моцны ўплыў на праблему памежнага кантролю, — мяркуе Томас Янелюнас.
Павел Слюнькін, як яму і належыць па прафесійным мінулым, досыць дыпламатычна каментуе прызначэнне Кашчунаса міністрам абароны.
— Літоўская палітыка — вельмі жывы і часта супярэчлівы працэс. Пры гэтым Кашчунас у ёй заўсёды быў крыніцай гучных ці нават скандальных гісторый. Спадзяюся, што ён накіруе сваю энергію на барацьбу з рэальнымі ворагамі, а не выдуманымі, — сказаў Слюнькін.