Грузія на Еўра, Беларусь у хвасце. І так не толькі ў футболе
26 сакавіка 2024 года — гістарычная дата для грузінскага спорту. У гэты дзень футбольная зборная гэта краіны ўпершыню прабілася ў фінальны турнір чэмпіянату Еўропы. Гэта дае нагоду прыгледзецца да спартыўнай індустрыі Сакартвэла — і ўбачыць, наколькі яна лепшая за беларускую, атручаную прапагаднай, ідэалогіяй і дылетанцтвам.
Футбол: неба і зямля
Квіткі на аўторкавы матч з грэкамі грузіны раскупілі літаральна за некалькі гадзін. «Дынама-Арэна» ў Тбілісі ўмяшчае 55 тысяч гледачоў, але яе не хапіла для ўсіх жадаючых убачыць гульню. Балазе двубой транслявалі на ТБ, і без перабольшванняў уся краіна ўчора, 26 сакавіка, жыла футболам.
Грузінская зборная перамагла грэчаскую ў серыі пенальці і ўпершыню ў гісторыі выступіць на Еўра. Грандыёзнасць поспеху жыхары каўказкай краіны прадэманстравалі вычарпальна — былі народныя гулянні да ночы на вуліцах гарадоў, былі натоўпы на плошчах, луналі сцягі, ад наплыву пераможных допісаў трашчалі сацсеткі.
Грузія — невялікая краіна, мае каля 3,7 мільёна жыхароў. Натуральна, што пры сённяшняй канкурэнцыі ў футболе вялікія перамогі ў яе магчымыя толькі пры спрыяльным збегу абставін. Гэтым разам усё сыйшлося. Галоўнае — вырасла таленавітае пакаленне гульцоў. Сённяшня грузінская зборная — гэта футбалісты, якія выступаюць у Іспаніі, Францыі, Англіі, Германі, данецкім «Шахцёры». І гэта, вядома, галоўная зорка — лідар італьянскага «Напалі» Хвіча Кварацхелія, якога неапалітанскія заўзятары завуць па вядомай аналогіі Кварадонай.
Цяпер да самага лета Грузія будзе жыць чаканнем чэмпіянату Еўропы. Турнір пройдзе ў Германіі. Ужо вядома, што ў адной групе з грузінамі згуляюць Турцыя, Чэхія і Партугалія.
У беларускім футболе нічога падобнага ніколі не было. Справы тут сёння настолько гаротныя, што параўноваць нават неяк няветліва. І ўсё ж варта адзначыць: у той жа вечар, калі грузіны парамагалі грэкаў на пераўненым стадыёне, беларусы гулялі непрыкметны таварыскі матч са сціплай Мальтай. Разыйшліся 0:0, аніякіх устойлівых уражанняў не пакінуўшы.
Параўнанні тут — як неба і зямля. У Грузіі ёсць зорка еўрапейскага футбола Хвіча, у Беларусі лічыцца поспехам, калі гульцу прапануюць кантракт у якім-небудзь Кіпры. У Тбілісі знаходзяць грошы, каб запрасіць трэніраваць зборную знакамітага француза Вілі Саньёля, у Мінск бяруць малавядомага іспанца Аласа, які перад тым працаваў у дзівоснай Руандзе.
Пры гэтым у Беларусі нарады аб футболе праводзіць ажно сам Лукашэнка — галоўны, канешне ж, заўзятар, які ва ўсім разбіраецца. Спартыўныя чыноўнікі хваляцца ў дзяржаўнай прэсе, прамаўляючы прапагандысцку мантру пра тое, як дзякуючы кіраўніку ў краіне «створаныя ўсе ўмовы». У Грузіі ўрадавыя чыноўнікі ўвогуле не ўмешваюцца ў футбольныя справы. Яны пакінулі іх прафесіяналам, як гэта і прынята ў цывілізаваным грамадстве.
І, вядома, гульцоў там не правяраюць на лаяльнасць уладзе, не прымушаюць «любіць» яе і дзякаваць ёй за ўсё на свеце. Тады як у сённяшняй Беларусі гэта ледзь не галоўная якасць спартоўца, а праз недабранадзейнасць зарабону на прафесію атрымаў не адзін прыстойны футболіст.
Адчуйце, так бы мовіць, розніцу, і не пытайцеся, чаму адны перамагаюць, а другія захраслі сярод лузераў.
Баскетбол і гандбол: дзе яны і дзе мы
У 2023 годзе грузіны ўпершыню выступілі на чэмпіянаце свету па баскетболе. І нават прайшлі там стартавы групавы раўнд. Гэта быў зусім не шчаслівы выпадак. Раней каманда спраўна — пяць разоў — гуляла на Еўрабаскеце. Узровень грузінскага баскетболу сёння такі, што ў 2022 годзе ў Тбілісі прайшла частка матчаў чэмпіянату Еўропы — гаспадарамі турніру тады сталі таксама Германія, Італія і Чэхія.
Грузінскія баскетбалісты таксама зоркі ў сябе на радзіме. Выступаюць у Іспаніі, Італіі, а адразу некалькі — дык увогуле ў амерыканскай Нацыянальнай баскетбольнай асацяцыі (НБА), найлепшай лізе свету.
У гэты ж час беларускі баскетбол імкліва дэградуе. Ні гульцоў міжнароднага класу ў ім няма, ні поспехаў. Некалі жаночая зборная была сярод лепшых, але тыя часы сышлі. У 2020-м Алена Леўчанка прайшла праз Акрэсціна, а Кацярына Сныціна далучылася да пратэснага руху. Цяпер у камандзе, канешне, толькі лаяльныя, але плёну з гэтага няма. Беларускі баскет праз удзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі ізаляваны ад міжнароднага і варыцца ў адным катле з расійскім.
Зрэшты, і з расійцамі нясоладка. Шматпакутны БК «Мінск» у Лізе ВТБ паказвае сёлета «выбітныя» вынікі — 34 паразы ў 34 гульнях.
Дыскваліфікаваныя на нявызначаны тэрмін і беларускія гандбалісты. У гэтым відзе спорту справы больш-менш — закладзеныя ў савецкія часы традыцыі ўдалося захаваць. То і да сёння добрыя гандбалісты ў Беларусі ёсць, адпаведна і зборная ўяўляе сабой пэўную моц. Але, як і ў баскетболе, супернічаць даводзіцца ў асноўным з расійцамі.
А Грузія тым часам і тут крочыць наперад. Яшчэ некалькі гадоў таму пра тамтэйшы гандбол было амаль нічога невядома. Не самая папулярная гэтая гульня на Каўказе. Але працэсы ідуць, прычым у правільным кірунку: у студзені 2024 года зборная Грузіі ўпершыню ў гісторыі выступіла ў фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы. То бок зрабіла тое, пра што беларусы праз абмежаванні імя Лукашэнкі зараз могуць толькі марыць.
Дзе ў беларусаў лепш, чым у грузін, гэта, вядома, у хакеі. Нічога дзіўнага: паўднёвыя краіны ў хакей не гуляюць, бо не маюць марознай зімы. Затое ў Грузіі ёсць рэгбі, дзе справы ідуць куды лепей, чым у лукашэнкаўскіх хакеістаў.
Грузінскія рэгбісты — шматразовыя чэмпіёны Еўропы. Нядаўна яны выйгралі сёмы Еўра запар, што выклікае вялікую павагу. І нават калі мець на ўвазе, што лепшыя еўрапейскія каманды (брытанскія плюс Францыя з Італіяй) сканцэнтраваныя ў больш прэстыжным Кубку шасці нацый, гэта не адмаўляе элітнага статусу зборнай Сакартвэла. Не кажучы пра тое, яна рэгулярна ўдзельнічае ў чэмпіянатах свету і мае вялікую папулярнасць на радзіме.
І Алімпіяда таксама
Спорт — гэта не толькі гульнявыя віды, але і індывідуальныя, і нехта можа запярэчыць: маўляў, тут Беларусь дакладна мацнейшая за Грузію. Дык вось і гэты стэрэатып таксама больш не працуе.
Найлепшым вымяральнікам узроўню развіцця ў гэтай частцы з’яўляюцца Алімпійскія гульні. Найбольшую колькасць алімпійскіх узнагарод беларусы здабылі ў 2000 годзе ў Сіднэі — 17. Сапраўды, гэта быў выдатны вынік, але далей чым больш у спорт умешваліся «крэпкія хазяйсцвеннікі» на чале з самым галоўным, тым горш ішлі справы.
Цягам апошняй чвэрці стагоддзя Беларусь на летніх Алімпіядах выйграе ўсё меней і меней медалёў: 14 — 10 — 9… Антырэкорд зафіксаваны на Гульнях у Токіа ў 2021-м — 7 (усяго адзін залаты).
Так атрымалася, што Грузія ў Токіа наадварот паказала рэкордны вынік — восем узнагарод (2 залатыя) — і ўпершыню апярэдзіла беларусаў. Прытым што колькасць удзельнікаў ад Сакартвэла на той Алімпіядзе складала ўсяго 35 чалавек — утрая менш, чым ад Беларусі.
Грузія моцная ў сваіх традыцыйных відах — адзінаборствах. Алімпійскія ўзнагароды здабываюць дзюдаісты, барцы вольныя і грэка-рымскія. Але ёсць сярод грузінскіх алімпійцаў і сапраўдная зорка сусветнай велічыні.
30-гадовы Лаша Талахадзэ — самы моцны чалавек у свеце. Ён штангіст і безагаворачны лідар у сваёй суперцяжкай вагавой катэгорыі. Сяміразовы чэмпіён свету, сусветны рэкардсмен, пераможца двух апошніх Алімпіяд… Павінна здарыцца нешта неверагоднае, каб не выйграў і на трэцяй — улетку ў Парыжы.
Адметна, што яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму ў штанзе беларусамі таксама можна было ганарыцца. Аляксандр Курловіч, Леанід Тараненка, Андрэй Арамнаў — вялікія чэмпіёны і зоркі свайго часу. Але час ідзе, і зоркі згаслі — айчынная цяжкая атлетыка дыскрэдытавала сябе допінгавымі скандала і прыйшла ў заняпад. Як і шматлікія іншыя віды.
І агулам беларускі спорт няўхільна рэгрэсуе ўсё далей. Нягледзячы бадзёрыя справаздачы дылетантаў-чыноўнікаў, прапагандысцкія высілкі і пільную ўвагу Лукашэнкі, які нават тут прымудрыўся стаць той бабай на возе, без якой было б лягчэй.