Прарэжымны спорт і страты сярод «нелаяльных». У выйгрышы — Польшча

Галоўным крытэрам паспяховасці ў беларускім спорце, як і ў іншых сферах, ёсць прыхільнасць рэжыму. Нязгодныя шукаюць шчасця ў іншых краінах — і знаходзяць!

Илюстрацыйнае фота: noc.by

Илюстрацыйнае фота: noc.by

20 сакавіка польская Федэрацыя лёгкай атлетыкі абвясціла, што беларуская лёгкаатлетка Марыя Жодзік атрымала грамадзянства Польшчы. Сама спартсменка, у якой ёсць польскія карані, для гэтага пісала прашэнне кіраўніку дзяржавы, а ў сваім каментары запэўніла, што будзе з гонарам «прадстаўляць краіну продкаў».

Гэта не першы за апошнія гады выпадак, калі беларускія спартсменкі (тэндэнцыя прайшла міма мужчын) пераходзяць у польскую «нацыяналку». «Трыбуна» разбіраецца, ці вялікія гэта страты для іх ранейшых каманд і ці топавыя здабыткі для новых.

Марыя Жодзік

27-гадовая скакуха ў вышыню ў папярэднім алімпійскім цыкле заставалася ў цені сваёй маладзейшай канкурэнткі Карыны Дзямідзік (у дзявоцтве Таранда). Жодзік паказвала ў сярэднім вынікі крыху горшыя, ЧБ выйграла толькі раз — у 2020-м, калі ў ім не ўдзельнічала Дзямідзік. Тая была галоўнай надзеяй БФЛА на Токіа ў скачках, яшчэ ў чэрвені 2019-га выканаўшы алімпійскі нарматыў. А на Жодзік функцыянеры наогул не разлічвалі.

Аднак за паўтара месяца да АГ на ЧБ-2021 «другі нумар» зборнай з трэцяй з трох спробаў узяла «алімпійскую» планку ў 1,96 м (турнір па дадатковых паказчыках выйграла Дзямідзік). І маглі б дзяўчыны паехаць у Токіо ўдваіх, калі б не адно «але». Праз допінгавыя скандалы мінулага ў беларускай лёгкай атлетыкі кожны наш удзельнік АГ з гэтага віду спорту павінен быў здаць пэўны аб'ём тэстаў на забароненыя рэчывы з мінімальным інтэрвалам паміж імі. А паколькі ў Жодзік ніхто не верыў, то і здаваць пробы яе ў патрэбнай колькасці не пасылалі – і пачынаць напярэдадні гульняў было ўжо позна, таму скакуха засталася без Токіа.

Дзямідзік паехала на АГ, але там нечакана завалілася ўжо на планцы 1,93 м, не выйшла ў фінал і засталася 19-й у выніковым пратаколе. У жніўні 2023-га ў Расіі яна заваявала планку ў 1,97 метра, дэ-факта выканаўшы нарматыў на АГ-2024. За 1,90 спартсменка скача рэгулярна. За яе спінай падцягнулася Ганна Гарадская, у актыве якой вынікі ў 1,92 і 1,93 метра мінулым летам.

Жодзік жа ў 2022-м з'ехала ў Польшчу, атрымаўшы «карту паляка». Сваё рашэнне яна публічна не тлумачыла. У новай краіне давялося некаторы час працаваць у «Макдональдсе», але ў выніку спартсменцы дапамог лёгкаатлетычны клуб у Беластоку – і яна вярнулася як след: 1,94 у 2023-м, а ў лютым 2024-га – патрэбная планка ў 1,97, зноў узятая з трэцяй спробы. Пакуль гэта з запасам траплеянне ў квоту гульняў. Больш у Польшчы цяпер ніхто і блізка так не можа: на пачатку сакавіка 2023-га быў паказаны вынік 1,89, з тых часоў яго нават ніхто не паўтараў. Асабліва забаўна, што паказала яго Адрыяна Сулек — не чыстая скакуха, а мнагаборка.


Глядзіце таксама

«Каранцін» для змены зборнай у Жодзік павінен скончыцца да пачатку АГ, так што можна чакаць яе ў Парыжы. Калі МАК вынесе станоўчае рашэнне, туды патрапіць і Дзямідзік – праўда, яна хоча заадно і зарабіць на расійскіх Гульнях дружбы, а такое сумяшчэнне не дапускае ні адзін з бакоў.

Крысціна Ціманоўская

Бягуха з'ехала ў Польшчу пасля праславутай спробы высылкі з Токіа ў Беларусь, выкліканую абурэннем Ціманоўскай з-за яе заяўкі ў няпрофільную эстафету. Прычына, па якой спрынтарка спатрэбілася на сярэдняй дыстанцыі, дарэчы, апісана вышэй: у БФЛА ніхто не верыў ва ўдзельніц эстафеты 4х400 метраў дастаткова, каб адпраўляць на патрэбную колькасць допінг-тэстаў, а квартэт узяў пуцёўку ў апошні момант. «Дзірку» ў складзе ў выніку заткнулі наогул бар'ерысткай Эльвірай Герман.

Ціманоўская ж з-за ціску не змагла выступіць у Токіа на сваёй улюбёнай дыстанцыі ў 200 метраў, а да таго на 100-метроўцы стала 37-й. Зрэшты, у 2021-м 12-разовай чэмпіёнцы Беларусі ўсё роўна не было роўных унутры краіны – у спісе лепшых вынікаў на 100 метрах яна займала першыя восем месцаў, а на 200 метрах — пяць. Следам у абодвух выпадках ішла Кацярына Жываева.

Цяпер лідарка беларускага жаночага спрынту не яна, а Яніна Луцэнка. Ёй належыць восем найлепшых вынікаў за 2023-ці на 100-метроўцы і сем — на 200-метроўцы. Але пры гэтым Ціманоўская за той год дзесяць разоў пераўзыходзіла на 100-метроўцы і восем разоў на 200-метроўцы самы хуткі вынік Луцэнкі. Пачатак сезона-2024 пераканаўча пацвярджае: Ціманоўскай у Беларусі і цяпер не было б роўных.

У Польшчы ж бягуха не самая-самая на 100 метрах: там безумоўная лідарка – Ева Свабода, якая таксама афармляе за сезон з дзясятак вынікаў, што не можа паказаць больш ніхто ў краіне. Супастаўныя з Ціманоўскай секунды паказвае Магдалена Стэфановіч, недалёка — яшчэ некалькі бягух. Але менавіта беларуская спартсменка добра ўпісалася ў польскую эстафету 4х100 метраў, якой дапамагла стаць пятай на ЧС-2023. Той вынік дазваляе камандзе трымацца ў квоце на АГ, з якой ужо наўрад ці хтосьці выб'е — таму, цалкам магчыма, Ціманоўская пазмагаецца за топ-месцы і ў Парыжы.

А вось на 200 метрах два лепшыя польскія вынікі 2023-га – менавіта ў Ціманоўскай. Але Наталля Качмарэк і іншыя мясцовыя бягухі саступалі няшмат, а сёлета пакуль абганяюць беларускую спартсменку, якая скардзілася на захворванні перад стартамі. Зрэшты, ёсць час набраць форму.


Глядзіце таксама

Алімпійскія нарматывы Ціманоўская не выканала, але пакуль асабіста праходзіць у Парыж і на 100, і на 200 метраў дзякуючы сусветнаму рэйтынгу: 43-я (і трэцяй ад Польшчы) на больш кароткай дыстанцыі і 34-я (другая ад краіны) на даўжэйшай. Як вы можаце здагадацца, у прадстаўніц Беларусі на гэтых дыстанцыях ні патрэбнага рэйтынгу, ні нарматыўных вынікаў і блізка няма.

Вольга Сафронава

Наезніца магла паехаць на АГ-2020 — у Беларусі была адна ліцэнзія ў выездцы дзякуючы рэйтынгу ў сваёй геаграфічнай зоне, якую ўзначальвалі Сафронава і яе калега Ганна Карасёва. Але гульні перанеслі праз пандэмію, у Беларусі здарыўся пік рэжымнага гвалту, Сафронава не прамаўчала – і ў выніку яе конь не прайшоў унутраную медкамісію. Карасёва сама адмовілася ляцець у Токіа – у выніку беларускую пуцёўку за незапатрабаванасцю аддалі Эстоніі.

Сафронава ж павезла каня ў Польшчу, дзе лекары сказалі, што ўсё нармальна. Вершніца напісала пра сітуацыю ў сацсетках, пасля чаго знайшла ў прарэжымных Telegram-каналах спісы тых, каго «нельга браць на працу ў Беларусі», са сваім прозвішчам. Праз гэта спартсменка вырашыла застацца жыць у Польшчы.

Сафронава цяпер мае шанцы прабіцца ў склад зборнай Польшчы на АГ-2024. Камандную ліцэнзію на трох наезнікаў любога полу (плюс аднаго запаснога) палякі ўзялі на спецыяльным турніры ў сваёй зоне ў 2023-м. Трэба прызнаць, канкурэнцыя была невялікая: у зону фармальна ўваходзіць 29 федэрацый (Расія і Беларусь з-за бана ў адказ на вайну не маглі ўдзельнічаць), а каманды выставілі толькі тры: Венгрыя, Польшча і Ізраіль, які быў загадзя аўтсайдарам. Так што за пуцёўку палякі змагаліся з венграмі — і з цяжкасцю, але перамаглі: кожны з чатырох удзельнікаў каманды хоць на трошкі, але абышоў бліжэйшага суперніка-венгра. Сафронавай у тым складзе не было.

Паводле дадатковых умоў, на АГ могуць трапіць толькі наезнікі, якія з 1 студзеня 2023-га па 24 чэрвеня 2024-га пакажуць мінімум на двух розных турнірах не ніжэй за пэўнага ўзроўню вынік у 67% і вышэй ад максімальнай ацэнкі. Пры гэтым сярод суддзяў гэтых турніраў, чыя сярэдняя адзнака становіцца выніковай, павінен быць як мінімум адзін самай высокай катэгорыі L4, і ён асабіста таксама павінен паставіць мінімум 67%.

Паводле сайта Міжнароднай федэрацыі, Сафронава за ўвесь 2023-ці выступіла толькі на двух спаборніцтвах. І ў траўні на этапе Кубка свету ў Чэхіі наезніца змагла паказаць патрэбны вынік: у кваліфікацыі набрала 68,022, а ў адвольнай праграме – 72,450. Гэта прынесла чацвёртае месца на этапе, прычым з палякаў Сафронава саступіла толькі лідарцы зборнай Жанэце Скаўронскай-Казубік, пакінуўшы ззаду Матэвуша Чычона і Магдалену Юру, якія здабывалі пуцёўку на АГ.


Глядзіце таксама

Гэтыя вынікі дазволілі Сафронавай увайсці ў асноўны склад зборнай Польшчы з шасці чалавек. Зараз трэба паспець дзесьці яшчэ раз атрымаць патрэбную ацэнку на якім-небудзь рэйтынгавым турніры – пажадана пры гэтым зноў абагнаць канкурэнтаў за месца ў камандзе на Гульнях.

У Беларусі галоўнай наезніцай у выездцы засталася Карасёва. У ЧБ-2023 у адвольнай праграме яна прымудрылася заняць два першыя месцы – выступала на розных конях. На абедзвюх набрала за 75% — але складана сказаць, ці былі б гэтак жа добразычлівыя да вершніцы міжнародныя суддзі. Правяраць гэта пакуль няма дзе, хоць Сусветная федэрацыя і казала аб будучай адмене міжнароднага бана для індывідуальных атлетаў. На АГ Карасёва, як і любы беларускі коннік, трапіць ужо ніяк не можа: першасныя патрабаванні кваліфікацыі трэба было выканаць да канца 2023-га.

Карына Казлоўская

Лучніца ездзіла на АГ-2020 з беларускай камандай, у складзе якой заняла чацвёртае месца. У індывідуальным заліку атрымалася дрэнна: 61-е месца ў кваліфікацыі і вылет у 1/32 фіналу. Партнёркі па зборнай выступілі лепш: Карына Дзямінская з 29-м месцам кваліфікацыі выйшла ў 1/16, Ганна Марусава з 39-м пасевам нечакана дайшла да 1/8.

У траўні 2022-га Казлоўская з'ехала ў Польшчу, а пазней распавяла пра тое, як давялося пакінуць Радзіму.

«У федэрацыі вельмі не падабалася, што я выказваюся, не падтрымліваю рэжым. Шукалі спосабы, каб мяне не адпраўляць на Алімпіяду. Пасля АГ-2020 мне прама сказалі: "Калі ты хочаш працягваць спартыўную кар'еру, то маўчы". У 2022-м нам забаранілі гаварыць пра вайну. Потым мне пачалі ўвесь час казаць, што я няправільна трэніруюся, дрэнна працую, занадта мала раблю стрэлаў. Калі я з'ехала, пісалі абразы, пагрозы», — расказвала Казлоўская ў інтэрв'ю Telegram-каналу «О, спорт! Ты — мир!».

У Польшчы лучніца ўвайшла ў склад топавага па мясцовых мерках клуба ў горадзе Жывец. Паказвала добрыя вынікі і ў 2023-м, атрымаўшы грамадзянства, увайшла ў зборную Польшчы, з якой узяла бронзу этапу Гран-пры Еўропы. У жніўні Казлоўская з'ездзіла на ЧС-2023: у асабістым турніры стала 53-й у кваліфікацыі і прайграла ў 1/32, у камандзе з калегамі аказаліся 15-мі ў пасеве, пасля чаго прайгралі В'етнаму.

У кастрычніку 2023-га 23-гадовая спартсменка заявіла аб паўзе ў кар'еры. Аказалася, і ў Польшчы былі незадаволеныя тым, што Казлоўская мала трэніравалася. Сама яна яшчэ ў згаданым інтэрв'ю ўпірала на тое, што дае вынік, а павелічэнне колькасці трэніровак толькі ўсё псуе. Але трэнер у Жыўцы нагадваў пра дамову з прапісанымі 40 гадзінамі трэніровак на тыдзень — і тлумачыў расстанне тым, што графік не выконваўся. Зрэшты, у 2024-м Казлоўская вярнулася да стральбы і адразу ўзяла камандную бронзу на чэмпіянаце Польшчы ў памяшканні.

Ліцэнзій на АГ-2024 у польскіх лучніц пакуль няма. Для індывідуальных трэба тварыць сенсацыю на ЧЕ. Складаныя, але больш рэальныя камандныя (на трох чалавек, якія выступяць і асабіста). Зборнай Польшчы трэба або выйграць еўраадбор у траўні, або выйсці ў паўфінал сусветнага адбору ў чэрвені, або, у выпадку няўдач, стаць адной з дзвюх каманд з самым высокім рэйтынгам без пуцёўкі (але месцаў на АГ 12, а полькі ў рэйтынгу 17-я). Ці будзе Казлоўская ў складзе пры барацьбе за гульні – паглядзім. 23-24 сакавіка ў Жыўцы пройдуць важныя для вызначэння будучага кваліфікацыйныя спаборніцтвы ўнутры зборнай, у складзе якой з 15 чалавек Беларуская лучніца па-ранейшаму застаецца.


Глядзіце таксама

Вынікі Казлоўскай і лучніц зборнай Беларусі можна хіба што прыкладна прыкінуць па пратаколах кваліфікацый, дзе страляюць на колькасць ачкоў. Напрыклад, на ЧС-2023 (дзе, зразумела, вялікі ўзровень хвалявання), Казлоўская ў пасеве настраляла толькі 623 балы (53-е месца), але на ЧБ-2023 лепш атрымлівалася ўсё роўна толькі ў чацвярых. А на нядаўнім чэмпіянаце Польшчы ў памяшканні ў Казлоўскай было 560 балаў у кваліфікацыі (восьмае месца) — на аналагічным беларускім турніры дакладней траплялі толькі двое. Вынікі на лакальным узроўні разам з Дзямінскай і Марусавай паказваюць Ніна Собаль (усе трое падпісаліся за рэжым) і Аляксандра Стралец. Улетку 2023-га каманда Дзямінская-Собаль-Стралец, напрыклад, з нядрэнным вынікам выйграла турнір у Расіі. Але ці справіліся б яны гэтак жа на больш сур'ёзным узроўні? Адказу няма, як і фактычнага допуску на буйныя спаборніцтвы.

Бонус. Вольга Мазуронак

Марафонка з'ехала не ў Польшчу, а ў ЗША, грамадзянства да АГ дакладна памяняць не паспее, а ад Беларусі ў Парыж нават у тэорыі ехаць адмаўляецца. Цяпер Мазуронак шкадуе, што не пераехала ў ЗША яшчэ 10 гадоў таму (рытарычнае пытанне, ці былі б тады два пятыя месцы на Гульнях у 2016-м і 2021-м у прынцыпе і ці яны ператварыліся б у медалі). І паскардзілася, што ў Беларусі ёй «не давалі жыцця» – усе праблемы ствараў так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук, які не бачыў ад марафонкі «карысці дзяржаве». Былы ахоўнік Лукашэнкі вядомы злапамятнасцю — а Мазуронак не падпісвалася за рэжым і частку падрыхтоўкі да такійскіх АГ правяла пазбаўленай дзяржсродкаў, а каб у Токіа праз лукашэнкаўскі «НАК» наогул пусцілі, давялося прасіць прабачэння за падобную «дзёрзкасць».

Зрэшты, нават калі б 34-гадовая спартсменка ўжо мела іншае грамадзянства, наконт гульняў у Парыжы пакуль гаворкі не было б. Яна ў сакавіку прабегла першы марафон пасля доўгага перапынку — у Лос-Анджэлесе паказала час 2:25:48. Гэта вышэй за алімпійскі нарматыў, але вынік не залічваецца міжнароднай федэрацыяй з-за вялікіх перападаў вышынь трасы. А нават калі б залічваўся, яго было б недастаткова праз правілы размеркавання квот у марафоне. 64 месцы там занялі тыя, хто ўклаўся ў нарматыў у заліковы перыяд да 30 студзеня 2024-га, а астатнія 16 пазіцый павінны пароўну падзяліць паміж тымі, хто ўкладзецца ў нарматыў з 31 студзеня да 5 мая, і тымі з усіх іншых, хто будзе вышэй у сусветным рэйтынгу. А паколькі за люты і сакавік хутчэй, чым Мазуронак, прабеглі ўжо 14 чалавек, то беларуская спартсменка ў квоту не трапляла б.

У 2021-м на АГ ад Беларусі ўдзельнічала таксама Ніна Савіна (стала 50-й), а нядрэнныя вынікі ў раёне 2,5 гадзін паказвалі Марына Даманцэвіч і Людміла Ляховіч (усе тры падпісаліся за рэжым). Яны ўсё яшчэ бегалі і ў сярэдзіне 2022-га, але потым Савіна сышла ў дэкрэт, а Ляховіч проста знікла з пратаколаў. У 2023-м на чэмпіянаце Беларусі па марафоне (міжнародная федэрацыя не запісала яго вынікі ў сваю сістэму) выйграла ўсё тая ж Даманцэвіч з часам 2:34:57, але ў гэтым лютым бягусе споўнілася ўжо 40, а ў іншых на тым турніры былі вынікі павольней, чым 2:40.