«Я думаў, да гэтага не дойдзе. Да сталінскіх часоў, калі ты вораг народа, то і твая сям'я запісваецца ў гэтую катэгорыю»

Рэжым не можа дацягнуцца да многіх сваіх апанентаў, а таму помсціць, не саромеючыся, іх сем'ям.

img_2266_1_logo.jpg.webp

У Беларусі пад рэпрэсіі сілавікоў трапляюць сваякі палітычных зняволеных, часцяком нават тыя, якія не мелі ніякага дачынення да апазіцыйнай дзейнасці.

Сын палітыка Анатоля Лябедзькі Арцём ужо год знаходзіцца ў зняволенні. Спачатку мужчыну некалькі разоў асудзілі на 15 сутак, потым завялі крымінальную справу і ў выніку прысудзілі да 3 гадоў і 6 месяцаў калоніі: фармальна за данаты пацярпелым ад рэпрэсій у 2020 годзе.

«Ён сядзіць з-за мяне, і гэта мой унутраны боль, крыж, з якім я зараз хаджу. Як ён там? Мы атрымліваем інфармацыю ўрыўкамі. За гэты час мы пазналі сына з іншага боку: за год мы ад яго не атрымлівалі паведамленняў, дзе б ён скардзіўся», – кажа Анатоль Лябедзька.

У лістападзе 2023 года сілавікі ў Менску прыйшлі да бацькоў пісьменніка Сашы Філіпенкі. Сам ён адкрыта крытыкуе Аляксандра Лукашэнку ў еўрапейскай прэсе. За нібыта рэпост матэрыялу забароненага ў Беларусі СМІ бацьку пісьменніка асудзілі на 13 сутак. Пры ператрусе, паводле слоў Сашы Філіпенкі, сілавікі сказалі наўпрост: «Скажыце дзякуй сыну».

«Хочуць, каб людзі, да якіх яны не могуць дабрацца, якія знаходзяцца за мяжой, каб яны проста затыкнуліся. І ў гэтым сэнсе, мне здаецца, раней у іх былі паняцці, нават такія бандыцкія, накшталт "сваякоў не чапаеш", а цяпер усё дайшло да таго і дакацілася да таго, што ўжо нават бандыцкія паняцці не працуюць», – дадае пісьменнік.

Пра тое, што ў краіне ідзе адкрыты пераслед сваякоў палітычных апанентаў, Аляксандр Лукашэнка кажа публічна: «У нас некаторыя збеглыя на Захадзе сядзяць, а тут сваячкі і іншыя робяць тое, што тварылі раней. Толькі так, цішком! Мы гэта бачым і прымаем меры процідзеяння».


Глядзіце таксама

Рэпрэсіі ў дачыненні да сем'яў апазіцыянераў пачаліся ў Беларусі яшчэ з першых гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Сваякоў адпраўлялі ў турмы, звальнялі з працы, дзецям пагражалі сацыяльным прытулкам. І хоць у краіне няма артыкула, які прадугледжвае адказнасць за сваяцтва, цяпер рэпрэсіі ў дачыненні да блізкіх толькі нарастаюць. Адна з прычын такога ціску, на думку гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, – пратэсты 2020 года: «Гэты страх, што можна страціць уладу. Страх адказаць за ўсё, што здзяйснялася да гэтага, аказаўся настолькі моцным, што ўсе ўяўленні аб межах засталіся ззаду».

З Беларусі праз палітычны пераслед давялося з'ехаць пісьменніку Сяргею Антонаву. Пасля гэтага сілавікі завялі крымінальную справу на яго сына Арцёма за нібыта «абразу Аляксандра Лукашэнкі». Цяпер Арцём Антонаў у турме № 4 у Магілёве. «Ён там з 26 снежня. Ездзіць адвакат, кажа, што Арцём выглядае нармальна. Бадзёра і гэтак далей. У любым выпадку, сын у турме, і гэта адбылося праз мяне», — расказвае пісьменнік Сяргей Антонаў.

Рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, эксперты называюць самымі масавымі за ўсю суверэнную гісторыю краіны. Суразмоўцы «Настоящего времени» ўпэўненыя, што савецкая фармулёўка «член сям'і ворага народа» цяпер актуальная ў Беларусі.

«У нас вайна. Лічу, што я на вайне. Змагайцеся са мной, страляйце ў мяне. Але ёсць родныя, блізкія, ёсць дзеці, нашы ўнукі. Я думаў, да гэтага не дойдзе. Да сталінскіх часоў, калі ты вораг народа, то аўтаматычна і твая сям'я запісваецца ў гэтую катэгорыю», – тлумачыць Анатоль Лябедзька.


Глядзіце таксама

«Рэжым беларускі дзейнічае жорстка, бессаромна ў гэтым плане. Сын адказвае за бацьку! І ўсё гэта ледзь не на заканадаўчым узроўні», — абураецца Сяргей Антонаў.

Усе параўнанні са сталінскім перыядам, на думку Сашы Філіпенкі, не толькі не палохаюць уладу, а ўспрымаюцца ёю як камплімент. Прычын для спынення рэпрэсій, нягледзячы на іх маштабы, лічыць гісторык Аляксандр Фрыдман, цяпер няма: «Рэжым Лукашэнкі да канца свайго існавання ад рэпрэсій не адмовіцца. Гэты рэжым не можа змяніцца. Рэпрэсіўнае нутро і страх 2020 года».

Пакуль жа ўлады працягваюць пераследаваць беларусаў не толькі за іншадумства, але і за любую салідарнасць з палітвязнямі. Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», толькі ў студзені за тое, што куплялі прадукты сем'ям тых, хто знаходзіцца ў турмах па палітычных матывах, у краіне пад рэпрэсіі трапілі амаль 290 чалавек.