«Жалезная заслона» і «ворагі народа». Вяртанне савецкіх практык у нашу рэчаіснасць
Рэжым распаўсюджвае адказнасць з індывідуальнай на калектыўную — гэта значыць, вяртаецца савецкая практыка адказнасці за сваякоў.
У Беларусі сваякоў палітычных эмігрантаў выклікаюць на допыты і «гутаркі», аказваюць ціск праз працадаўцаў і просяць угаварыць блізкіх вярнуцца ў краіну. У Беларусі не існуе артыкула Крымінальнага кодэкса або асобнага закона, якія дазвалялі б пераследаваць за сваяцтва з тымі, каго рэжым лічыць злачынцамі або проста падазронымі асобамі. Аднак у наяўнасці трэнд пераходу ад індывідуальнай да калектыўнай адказнасці, лічаць праваабаронцы. Пры гэтым пад ударам аказваюцца родныя не толькі тых эмігрантаў, супраць якіх у Беларусі вядзецца пераслед, але і любых беларусаў, якія жывуць за мяжой.
Што пагражае блізкім эмігрантаў цяпер, ці будзе легалізаваны пераслед сем'яў тых, хто з'ехаў — і навошта наогул улады Беларусі ўзмацняюць ціск на родных? Пра гэта «Настоящее время» паразмаўляла з праваабаронцамі і аналітыкамі, а таксама з рэпрэсаванай жыхаркай краіны: яна пакінула Беларусь, а яе родныя засталіся.
«Чалавек павінен "адказваць" за дзеянні або статус сваіх сваякоў»
Беларускі Хельсінкскі Камітэт (БХК) выпусціў агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне правоў чалавека за 2023 год. У ім праваабаронцы паказваюць, як рэжым планамерна ўзаконьвае рэпрэсіі (прынята больш за 30 нарматыўных актаў) і вяртае ў легальнае поле падобныя з савецкімі практыкі. Да апошніх, напрыклад, можна аднесці тое, што ў Беларусі ўзаконілі патрабаванне паведамляць аб здачы жылля замежнікам і ўвялі адказнасць за непаведамленне пра гэта, а, напрыклад, гіды-перакладчыкі, паводле новых этычных патрабаванняў, «павінны прымаць меры па недапушчэнні з боку турыстаў, экскурсантаў ці іншых асоб некарэктных, правакацыйных і іншых негатыўных выказванняў» аб Беларусі. Паводле новых законаў, грамадзяне Беларусі абавязаны апавяшчаць кампетэнтныя органы аб наяўнасці ў іх замежнага грамадзянства або віду на жыхарства іншай дзяржавы.
Аналізуючы гэтыя трэнды, праваабаронцы прыходзяць да высновы аб тым, што ў краіне «пачынаецца фармалізацыя жалезнай заслоны», а паралельна адбываецца пераход да мадэлі калектыўнай адказнасці. У якасці аднаго з індыкатараў апошняга БХК прыводзіць змены, унесеныя ў Палажэнне аб дыпламатычнай службе.
«Заканадаўча пашыранае кола сваякоў дыпламатаў, наяўнасць у якіх дакументаў замежнай дзяржавы можа быць перашкодай для прыняцця на службу гэтага дыпламата, – расказвае экспертка БХК Кацярына Дзейкала. — Традыцыйна да сваякоў, чый статус на гэта ўплываў, адносіліся муж або жонка, дзеці і бацькі, якія пражываюць сумесна з дыпламатам. Прычым, паводле закона, мела значэнне толькі наяўнасць замежнага грамадзянства. Цяпер патрабаванне аб сумесным пражыванні скасавана, значэнне мае не толькі грамадзянства, але і від на жыхарства, а кола такіх сваякоў пашырана: ўключаны родныя браты і сёстры. І калі раней у спрэчных сітуацыях пра кандыдата рашэнне прымаў міністр замежных спраў, цяпер прапісана, што гэта робіць КДБ».
«Вось ёсць дыпламат, які наогул можа быць заўзятым прыхільнікам дзеючай улады. А ў яго родны брат у Аўстраліі жыве 20 гадоў. Цяпер гэта фармалізаваная перашкода ў кар'еры», — прыводзіць гіпатэтычны прыклад Кацярына Дзейкала.
Акрамя таго, праваабаронцам ужо вядомыя выпадкі, калі жыхарам Беларусі перашкаджала ў прасоўванні па службе наяўнасць у іх дзяцей «карты паляка». Таксама зафіксаваныя сітуацыі, калі на супрацоўнікаў аказвалі ціск праз працадаўцу з-за таго, што іх паўналетняе дзіця рабіла апастыль (адзнаку на дакуменце, якая сведчыць, што ён мае міжнародную сілу; апастыль на дакументах можа спатрэбіцца пры пераездзе за мяжу для вучобы або працы).
«Сваякоў вядомых апанентаў улады, палітвязняў у Беларусі актыўна пераследавалі ўжо даўно. Цяпер пачынаецца іншая сітуацыя: чалавек павінен як бы адказваць за дзеянні ці нават проста статус сваіх сваякоў, якія, можа быць, наогул ніяк не праяўляюць нязгоду з уладай, а проста маюць дакумент замежнай дзяржавы або збіраюцца з'ехаць за мяжу. І цяпер гэта стала замацоўвацца заканадаўча, — тлумачыць праваабаронца. — Пашырэнне кола сваякоў, статус якіх мае значэнне для прыёму на службу дыпламата, размовы з людзьмі, чые дзеці маюць "карту паляка" або рабілі апастыль – гэта ўжо пераход на новы ўзровень. Ідзе фармалізацыя таго, што хтосьці за цябе адказвае ці ты за кагосьці, прычым не толькі для палітвязняў, апанентаў улады. Гэта пашыраецца на ўсіх, на простага чалавека, які на пратэст, можа, ні разу не выйшаў, але яго ўжо выклікаюць на гутарку, таму што сын ці дачка зрабілі апастыль. Зыходзячы з сукупнасці тэндэнцый, нельга выключаць, што ў Беларусі рана ці позна можа адбыцца заканадаўчае замацаванне чагосьці падобнага на статус сваякоў "ворагаў народа". Дзяржава актыўна рухаецца па савецкім трэку ў гэтых адносінах».
З тым, што ў Беларусі назіраецца трэнд на ўзаконьванне калектыўнай адказнасці праз адказнасць сваякоў, згодны вядомы беларускі аналітык у выгнанні, які палічыў за лепшае даць каментар ананімна:
«Практыка пераследу сваякоў узнікла адразу ж пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ўжо напісаныя кнігі. Але тады гэта насіла лакальны, кропкавы характар, цяпер жа набывае масавую форму, становіцца трэндам. Сілавікі пры затрыманні сваякоў нават не хаваюць прычыну, так і кажуць: "Дзякуй сваім дзецям, блізкім". Ці будзе гэта пераведзена ў прававую плоскасць? Не бяруся прагназаваць. Цяпер такія часы, што тое, што здавалася немагчымым, становіцца магчымым. Але гэта ў логіцы рэжыму. Лукашэнка разумее, што пераслед сваякоў вельмі балючы, і таму свядома б'е ў гэты пункт».
«Не трэба ўганяць людзей у страх»
Вікторыя (імя змененае) за ўдзел у пратэстах некалькі месяцаў правяла ў зняволенні, яе збівалі на допытах, пагражалі турмой яе дзецям. Ёй удалося ўцячы з Беларусі. Многія блізкія засталіся ў краіне.
«Да родных прыходзяць, угаворваюць, каб я вярталася: маўляў, мы ёй суткі толькі дамо, гэта ж лепш, чым там падлогі мыць. Але ў мяне радня адукаваная, на такое не вядзецца», – расказвае Вікторыя.
Сярод блізкіх Вікторыі ёсць тыя, хто адбывае пакаранне на «хатняй хіміі». Некаторых затрымлівалі, але адпускалі – гэта значыць за актывізм і пазіцыю знаходзіцца пад прэсам практычна ўся сям'я. Але Вікторыю злуе, калі падымаецца тэма вяртання крымінальнага пакарання за сваяцтва, як гэта было ў СССР:
«Не трэба драматызаваць сітуацыю, уганяць людзей у страх, што калі ты сваяк палітвязня, "збеглага", то цябе пасадзяць. Не кантактаваць цяпер, абрываць усе сувязі? Няма такога артыкула ў Крымінальным кодэксе — "жонка ворага народа". Так, можна атрымаць суткі, але крымінальная справа – досыць складаны працэс. Зразумела, што ўсё можна сфабрыкаваць, але ўсё ж гэта працэдуры, якія яны там яшчэ неяк выконваюць», — мяркуе Вікторыя.
У Вікторыі ёсць здагадка, навошта сёння сілавікі «дастаюць» сваякоў палітычных эмігрантаў, прымушаючы або ўгаворваючы іх заклікаць родных вярнуцца:
«У знаёмай, якая таксама цяпер у Польшчы, органы пайшлі па сваяках у Беларусі, з роспытамі, дзе яна, дасталі там усіх. Я ёй параіла патэлефанаваць свайму следчаму. Ён ёй кажа: каб мы не хадзілі, дашліце фотаздымак, што вы ў Польшчы, і запішыце відэа, што вы не збіраецеся вяртацца, я закрыю справу і не буду дзяўбці сваякоў».
Вікторыя мяркуе, што такім чынам сілавікі хочуць фармальна закрыць «павіслыя» пасля ўцёкаў беларусаў за мяжу крымінальныя справы (напрыклад, супраць тых, хто адбываў «хатнюю хімію» і пакінуў краіну нелегальна): «Вось чалавек знік. Следчы робіць запыт на мяжу. Факту перасячэння мяжы няма. Атрымліваецца, што для следчага гэты чалавек знаходзіцца ў Беларусі, але не адбывае пакаранне, значыць, яго абвяшчаюць у вышук, значыць, следчы, участковы павінны па пратаколах абыходзіць меркаванае жыллё, рабіць запыты, апытваць сваякоў. Гэта значыць, яны ходзяць не таму, што вельмі хочуць, каб мы вярнуліся і нас тут закрыць, а каб тэчку са справай закрыць. А мы тут нагнятаем».
Угаварыць вярнуцца: чаго могуць хацець ад сваякоў
Зрэшты, не ўсе, хто з'ехаў, падзяляюць гэты пункт гледжання — у тым ліку грунтуючыся на асабістым досведзе. Марыя, якая перабралася ў Польшчу пасля пратэстаў 2020 года, расказала беларускай службе «Радыё Свабода», як яе сапраўды папрасілі сфатаграфавацца на фоне чаго-небудзь – каб даказаць, што яе няма ў краіне. Чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, пераконваў суразмоўніцу, што хоча «зняць яе з вышуку», і расказваў, што нібыта нават паспрабаваў зрабіць гэта выдалена. Маўляў, цяпер засталіся невялікія фармальнасці, трэба толькі патэлефанаваць следчай – а калі Марыя гэта зрабіла, тая стала пераконваць яе вярнуцца ў Беларусь, асабіста прыйсці да сілавікоў з адвакатам і «ўсё высветліць». Жанчына не паддалася на гэтыя ўгаворы.
І Марыя, і іншы суразмоўца выдання, палітэмігрант Арцём, які жыве ў Польшчы (ён з міліцыянтамі размаўляць не стаў), расказалі, што сілавікі спрабавалі звязацца з імі праз былых мужа і жонку, якія застаюцца ў Беларусі.
Напрыканцы студзеня 2024 года праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра тое, што сілавікі ў Беларусі прыходзяць да сваякоў грамадзян, якія з'ехалі за мяжу, і просяць угаварыць іх вярнуцца дадому праз камісію па вяртанні. Гэтую камісію ўказам Аляксандра Лукашэнкі стварылі год таму, у лютым 2023-га. Праваабаронцам вядома пра тры выпадкі, калі сілавікі «дамаўляліся» са сваякамі тых, хто з'ехаў за мяжу, але пасля вяртання беларусаў на радзіму распачыналі супраць іх крымінальныя справы.