«Кіберпартызаны»: Лепш не вяртацца ў Беларусь. Ні адна прычына не вартая свабоды

Афіцыйная прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шэметавец у інтэрв'ю літоўскаму парталу lrt.lt расказала, якія захады трэба прадпрыняць, калі вы збіраецеся ехаць у Беларусь.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

На пачатку 2023 года ў Беларусь з Польшчы прыехала палітычная актывістка Аляксандра Каско. На наступны дзень яе затрымалі. Паводле версіі абвінавачання, знаходзячыся ў Беларусі і па-за яе межамі, Аляксандра «аказвала садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням: распаўсюджвала інфармацыю адносна планавання, арганізацыі, падрыхтоўкі і здзяйснення замахаў на асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».

Акрамя гэтага, яе абвінавацілі ў тым, што яна размяшчала «публікацыі абразлівага і паклёпніцкага характару ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі». Яшчэ да пачатку суда КДБ унёс Аляксандру ў «спіс тэрарыстаў» і «спіс экстрэмістаў». Як вынік: на волю дзяўчына так і не выйшла. 19 снежня ў Гродзенскім абласным судзе ёй абвясцілі прысуд: 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пра тое, якія галоўныя памылкі ў гарантаванні сваёй бяспекі здзяйсняюць людзі, вяртаючыся ў Беларусь, і якія захады могуць дапамагчы прадухіліць доступ да асабістай інфармацыі, расказала афіцыйная прадстаўніца беларускай групы ананімных хакер-актывістаў «Кіберпартызаны» Юльяна Шэметавец.

— Юльяна, ці маглі б вы крыху падрабязней расказаць пра затрыманне Аляксандры Каско?

— Як нам вядома, Аляксандру затрымалі нібыта праз тое, што яна «аказвала садзейнічанне» арганізацыям, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі»: распаўсюджвала інфармацыю пра акцыі пратэсту і з'яўлялася адміністратаркай тэлеграм-канала. Калі меркаваць па скрыншотах, якія карнікі выставілі, яны атрымалі доступ да телеграм-акаўнта Аляксандры, а таксама да нейкіх файлаў на яе камп'ютары. І ў гэтых дакументах таксама згадваюцца нікі і імёны іншых людзей. Адпаведна, яны маглі выйсці на людзей, якія супрацоўнічалі з Аляксандрай.

Пры гэтым з'явілася навіна пра тое, што супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), калі гэта з'яўляецца праўдай, уцёрся ў давер да Аляксандры і, магчыма, даў ёй нейкія гарантыі таго, што яна можа спакойна вяртацца ў Беларусь. Больш падрабязна пра гэта пісалі розныя журналісты, у тым ліку «Зеркало». Аднак мы не ведаем, наколькі гэта праўда, але тэарэтычна гэта магчыма. Я думаю, гэта з'яўляецца знакам для беларусаў, якіх спрабуюць цяпер «апрацоўваць». Мы ведаем, што беларускі рэжым цяпер вельмі актыўна спрабуе вербаваць людзей, якія пражываюць за мяжой і часта наведваюць Беларусь. Таксама мы бачым і вынікі такой вярбоўкі.


Глядзіце таксама

Нават калі патэнцыйна вы супрацоўнічаеце або знаходзіцеся на сувязі з беларускімі спецслужбамі, вы ўсё роўна рызыкуеце сесці на 10 гадоў у Беларусі. Ніякіх гарантый рэжым ніколі не дасць, а наадварот створыць велізарныя праблемы як унутры Беларусі, так і за мяжой, калі вы будзеце супрацоўнічаць і вас возьмуць за шпіянаж.

— На вашу думку, якія галоўныя памылкі ў гарантаванні сваёй бяспекі здзяйсняюць людзі, вяртаючыся ў Беларусь?

— Найперш гэта тое, што людзі некарэктна ўспрымаюць рызыкі такіх паездак. Гэта значыць, чамусьці спадзяюцца на поспех і не звяртаюць увагі на тое, колькі людзей затрымліваюць. Магчыма, яны перастаюць сачыць за навінамі. Але, тым не менш, калі вы ўдзельнічалі ў пратэстах і ёсць нейкія фотаздымкі, на якіх вы не хавалі свой твар, то першапачаткова трэба падумаць, ці варта гэта таго, каб вяртацца назад. Гэта значыць, адэкватна ацэньваць сітуацыю ў Беларусі.

Другая асноўны рызыка заключаецца ў тым, што людзі едуць, толкам не пачысціўшы свае тэлефоны і камп'ютары. А нават калі яны чысцяць і на мяжы паказваюць чысты тэлефон, па прыездзе дадому зноў заходзяць у палітычныя Telegram-акаўнты. А праз дзень-два да іх могуць прыйсці з ператрусам, таму што чалавек, які вярнуўся з-за мяжы, пражыўшы там нейкі досыць доўгі час, заўсёды з'яўляецца «чырвоным сцягам» для карніка. Яны могуць прыйсці і праверыць усю тэхніку ўжо не на мяжы, а непасрэдна дома.

Таму самае галоўнае — гэта чысціць тэлефон. Калі вы ўсё-ткі вырашаеце ехаць у Беларусь, у нас на сайце «Кіберпартызанаў» ёсць шмат інструкцый пра тое, што рабіць, а таксама ёсць чэк-ліст таго, якія месенджары і аплікацыі трэба правяраць і чысціць.

— Наколькі важна падзяляць інфармацыю і надаваць увагу бяспецы звестак, асабліва для актывістаў?

— Цяпер гэта вельмі важна, асабліва калі ёсць нейкае сутыкненне з рэжымам Беларусі. Магчыма, у іх няма высокатэхналагічных сродкаў для ўзлому, але фізічна яны здольныя выключыць тэлефон і правесці там поўную праверку. Пад уздзеяннем катаванняў і допытаў чалавек, верагодна, выдасць свой лагін і пароль, і гэта таксама варта ўлічваць. Таму таксама важна развіваць навык аналізу артыкулаў, бо ў розных сітуацыях патрабуецца ўжываць розныя стратэгіі. Няма ўніверсальнага падыходу, які пасуе для ўсіх выпадкаў. Падтрыманне інфармацыйнай гігіены таксама з'яўляецца неад'емнай часткай. Гэта не патрабуе асаблівых высілкаў.

Напрыклад, вам проста неабходна перыядычна сачыць за нашым тэлеграм-каналам «Партызанскі тэлеграм і кібербяспека». Мы рэгулярна публікуем дайджэсты, дзе сабраны асноўныя артыкулы з нашага асноўнага канала «Кіберпартызаны». Дастаткова проста зайсці раз на месяц, азнаёміцца, шукаць абнаўленні і артыкулы, якія адпавядаюць вашаму запыту. Гэтага будзе больш чым дастаткова.


Глядзіце таксама

— Якім чынам спецслужбам удаецца атрымліваць доступ да інфармацыі акаўнтаў беларусаў?

— Калі адбываецца затрыманне, яно, верагодна, суправаджаецца непасрэднымі допытамі, дзе людзі могуць добраахвотна падаваць свае паролі. Акрамя таго, сілавікі могуць ствараць клон беларускіх сім-картак, што ўздымае пытанне аб бяспецы выкарыстання акаўнтаў з беларускімі нумарамі. Наша парада: пазбягайце рэгістрацыі акаўнтаў з беларускімі нумарамі, бо гэта павялічыць магчымасць для сілавікоў атрымаць доступ да вашага тэлефона, увесці нумар і атрымаць код.

Другая важная парада ў выпадку затрымання — мець два асобныя акаўнты. Адзін можа быць выкарыстаны для палітычных мэтаў, а другі застаецца звычайным уліковым запісам для паўсядзённых зносін. Гэта дапаможа пазбегнуць пытанняў пры праверцы тэлефона ў выпадку затрымання, калі адсутнічае, напрыклад, рахунак на месенджар або телеграм, што можа здацца падазроным. Калі ў вас ёсць асобныя акаўнты, прысвечаныя абмеркаванню паўсядзённых тэм, такіх як надвор'е і коцікі, то гэта знізіць верагоднасць таго, што нейкія тэрміны будуць накінутыя. І апошняя парада — карыстайцеся двухфакторнай аўтэнтыфікацыяй і абавязкова старайцеся рэгістраваць усе аплікацыі на замежныя нумары.

— Якія парады можна даць людзям, у якіх узнікаюць думкі вяртацца ў Беларусь?

— Першая, самая галоўная парада — гэта не ехаць у Беларусь, наколькі гэта магчыма. Ні адна прычына не вартая некалькіх гадоў свабоды чалавека. Як мы ўжо згадалі, Аляксандру Каско прысудзілі да дзесяці гадоў. Ёсць таксама кейс Аляксандры Куліковай. Там сумарна атрымалася каля чатырох гадоў. І такіх людзей дастаткова шмат. Таму самае галоўнае — гэта не дазволіць рэжыму затрымліваць яшчэ большую колькасць людзей. Але калі там нейкія абставіны, якія абавязкова прымушаюць чалавека ехаць у Беларусь, то трэба прытрымлівацца інструкцый, якія мы публікуем. Альбо шукаць у Інтэрнэце.


Глядзіце таксама

Ёсць яшчэ вельмі добры сайт пад назвай «abarona.org». Гэта нашы партнёры. Яны таксама публікуюць парады па бяспецы, інструкцыі, як правільна зачысціць тэлефоны і камп'ютары. А таксама парады, як сябе паводзіць, калі вы знаходзіцеся ўнутры Беларусі. І калі вы карыстаецеся, напрыклад, нашым тэлеграм-каналам, то там можна знаходзіць усю гэтую інфармацыю па тэгах «бяспека» і «мяжа».

Калі вы ўсё ж наважыліся ехаць у Беларусь і зачысцілі ўсю тэхніку, але пры гэтым з'яўляецеся дастаткова вядомым актывістам, дзесьці «засвяціліся» на фотаздымках і відэа з акцый пратэсту або разумееце, што Вашых знаёмых затрымлівалі, то, як варыянт, можна не спыняцца па месцы прапіскі або ў сваякоў, а таксама не карыстацца беларускай сім-карткай на сваё імя і прозвішча, пакуль знаходзіцеся ў Беларусі, каб мінімізаваць магчымасць сачэння за сабой.