Галоўнае ў Беларусі за тыдзень: версія «Бі-бі-сі»

Па-ранейшаму галоўнымі навінамі ў Беларусі з'яўляюцца звесткі пра пераслед.

cihi_pratest____fotanovy_czas__hroniki_cihaha_supacivu__5__logo_logo.jpg

У віцебскай калоніі памёр палітвязень Вадзім Храсько; беларуску пасля вяртання са Швецыі асудзілі на пяць гадоў; бармэна прысудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за фота з пратэстаў. «Бі-бі-сі» расказвае пра галоўнае ў Беларусі за тыдзень.

Вадзім Храсько стаў чацвёртым памерлым у турме палітвязнем

У віцебскай калоніі ў ноч на 9 студзеня памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле інфармацыі выдання «Зеркало», Храсько працаваў у сферы IT у Мінску. Ён быў затрыманы ў красавіку 2023 года — яго прызналі вінаватым па артыкуле аб «фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання».

Храсько меў сур'ёзнае захворванне і абскардзіў прысуд, аднак яго пакінулі ў сіле, піша «Вясна». Ён прабыў у калоніі ўсяго каля двух месяцаў, пасля чаго быў дастаўлены ў бальніцу і неўзабаве памёр.

На дадзены момант пра прычыну смерці Храсько не паведамляецца, аднак праваабаронцы мяркуюць, што яму маглі своечасова не аказаць належную медыцынскую дапамогу.

Вадзім Храсько — ужо чацвёрты палітвязень, які загінуў за кратамі з 2020 года.

Летась у калоніі памёр беларускі мастак Алесь Пушкін, які адбываў пяцігадовы тэрмін.

У траўні 2021 года ў турме раптоўна памёр актывіст Вітольд Ашурак. Пра прычыны яго гібелі няма інфармацыі да гэтага часу, аднак родным аддалі цела Ашурка ў сіняках і гематомах.


Глядзіце таксама

Беларуску, якая вярнулася са Швецыі, асудзілі на пяць гадоў

12 студзеня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў беларуску Галіну Краснянскую, якая вярнулася са Швецыі, да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале згуртавання беларусаў у Швецыі «Sveriges Belarusier / Беларусы ў Швецыі» і Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Краснянскую прызналі вінаватай паводле артыкула аб «удзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні».

Паводле інфармацыі выдання «Наша Ніва», Галіна Краснянская шмат гадоў жыла ў Швецыі і была адной з заснавальніц арганізацыі беларускай дыяспары.

Пры гэтым яна перыядычна вярталася ў Беларусь, каб наведаць родных, піша «Наша Ніва». Падчас аднаго з такіх візітаў яе затрымалі ў Мінску. Як мяркуецца, гэта адбылося ўвесну 2023 года.

2,5 гады «хатняй хіміі» за пратэсты 2020 года

На гэтым тыдні праваабарончы цэнтр «Вясна» расказаў прынамсі пра два прысуды, вынесеныя за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.

Гаворка ідзе пра суды, якія адбыліся ў снежні мінулага года: многія палітычныя працэсы праходзяць у закрытым рэжыме і пра іх становіцца вядома постфактум.

У снежні 2023 года суд у Мінску прысудзіў да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» бармэнку Маргарыту Ермаліцкую. Сілавікі выявілі яе на здымку з пратэстаў 2020 года, паведамляе «Вясна».

На судзе Ермаліцкая расказала, што хадзіла па праезнай частцы дарогі ў цэнтры Мінска з палатном бел-чырвона-белай расфарбоўкі, а таксама трымала разам з іншымі ўдзельнікамі мітынгу вялікае бел-чырвона-белае палатно.


Глядзіце таксама

21 снежня мінулага года за ўдзел у пратэстах быў таксама асуджаны супрацоўнік мытні Віталь Пупін. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы адзінства» 6 верасня 2020 года і ў выхадзе на праезную частку. Пупіна прысудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі». Паводле звестак праваабаронцаў, яго ўтрымлівалі пад вартай з 3 лістапада 2023 года. На судзе ён цалкам прызнаў сваю віну.

Улады працягваюць пераследаваць беларусаў, якія не пагадзіліся з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Паводле звестак «Вясны», толькі за снежань 2023 года ахвярамі палітычнага пераследу стаў 71 чалавек.

Год «хатняй хіміі» за кінутую фразу пра сістэму

У кастрычніку мінулага года жыхара Мінска Мікалая Самахвала прысудзілі да года «хатняй хіміі» за «абразу Аляксандра Лукашэнкі», піша «Вясна». Пра гэты прысуд стала вядома толькі цяпер.

Паводле звестак следства, Самахвал нібыта выказаў непрыстойны каментар на адрас Аляксандра Лукашэнкі ў прысутнасці жонкі і судовых выканаўцаў, якія зайшлі да іх у кватэру задаць пытанні пра суседзяў, піша «Вясна».

Самахвал віну не прызнаў. Ён адзначыў, што фраза тычылася не самога Лукашэнкі — ён казаў пра тое, што «трэба мяняць сістэму агулам», пішуць праваабаронцы.

«Эксперт не змог вызначыць, ці з'яўляецца аб'ектам негатыўнай ацэнкі менавіта Лукашэнка, бо гэта нельга зрабіць лінгвістычнымі метадамі», адзначае «Вясна».