Хронікі рэпрэсій за 19 студзеня

Сённяшні дзень не абышоўся без навін пра чарговы «хапун» — гэтым разам у Шчучыне.

hroniki_represij2_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1163 дні, Дзяніс — 1043 дні.

***

За 2021 і 2022 гады з Беларусі з'ехала больш за 200 тысяч чалавек — такую лічбу ў эфіры АНТ агучыў начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.

«За 2021 і 2022 гады пакінула тэрыторыю Беларусі больш за 200 тысяч грамадзян. Гэта розныя прычыны: або від на жыхарства, або рэлакацыя айцішнікаў і членаў іх сем'яў і гэтак далей. Вядома, шмат. Таму што гэта працаздольнае насельніцтва. ...Мы ведаем кожнага. Але, дапусцім, гаварыць, што гэта быў выезд з палітычных ці не палітычных матываў, не заўсёды карэктна», — сказаў Аляксей Бягун.

Начальнік дэпартамента заявіў, што ўсе беларусы, якія з'ехалі, могуць вярнуцца, а тыя «хто здзейсніў злачынства, могуць звярнуцца ў спецыяльную камісію».

Пры гэтым на сайце «Камісіі па вяртанні», пра якую кажа Бягун, пазначана, што апошні тэрмін падачы заяў у яе — 31 снежня 2023 года.

Паводле звестак праваабаронцаў, у 2023 годзе пры вяртанні ў Беларусь пасля праверак на мяжы былі затрыманыя як мінімум 207 чалавек, піша «Медыязона».

***

Кваліфікацыйная камісія так званага Міністэрства юстыцыі правяла чарговую атэстацыю адвакатаў Мінскай гарадской калегій адвакатаў, у выніку якой ліцэнзій пазбавіліся некалькі адвакатаў, паведамляе «Вясна».

Камісія вынесла рашэнне аб магчымасці спынення ліцэнзій у дачыненні да адвакатаў Святланы Бірылавай і Антона Навіцкага. Такое рашэнне прынята з-за «недастатковай кваліфікацыі адвакатаў». Адвакат Аляксей Сакалоў пазбавіўся ліцэнзіі з-за «здзяйснення правіны, несумяшчальнай са званнем адваката».

Таксама ў рашэнні камісіі сказана аб немагчымасці выканання адвакатамі Наталляй Канода і Ігарам Рыжым сваіх прафесійных абавязкаў «з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

Праваабаронцы адзначаюць, што Святлана Бірылава абараняла палітзняволенага Паўла Мажэйку.

***

Каля 10 работнікаў прадпрыемства «Шчучынаграхімсэрвіс» затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце», піша мясцовае дзяржаўнае выданне «Дзянніца».

— На гэты момант праводзіцца праверка, — піша выданне. І дадае, што супрацоўнікі РАУС «раяць уважліва вывучыць» «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Міністэрства інфармацыі.

***

Галоўнага спецыяліста ўпраўлення наяўнага грашовага звароту Нацбанка Аляксандра Цярэшчанку будуць судзіць па артыкуле аб «фінансаванні экстрэмісцкага фарміравання» (арт.361-2 КК), пішуць праваабаронцы.

Справу Цярэшчанкі ў Мінскім гарадскім судзе 29 студзеня пачне разглядаць суддзя Сяргей Кацэр.

Сілавікі знялі відэа з былым фінансістам. Пазней яно было паказана ў праграме прапагандыста Рыгора Азаронка. У відэа Аляксандр Цярэшчанка кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Мінску, рэпосціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку інфармацыю пра прэзідэнцкія выбары 2020 года і сітуацыю з каронавірусам у краіне. У роліку Аляксандра Цярэшчанку называюць таксама «афіцэрам» і «кіраўніком КДБ Барысаўскага раёна».

***

Жыхарка Зэльвенскага раёна пасварылася з сынам і ўдарыла яго, пасля чаго па яе прыехала міліцыя. У аддзяленні сілавікі знайшлі ў яе ў тэлефоне «экстрэмісцкую» падпіску. У выніку жанчыну судзілі па двух артыкулах — штраф па адным з іх быў у 10 разоў большы, чым па іншым. На пастанову суда звярнула ўвагу Hrodna.life.

За ўдар сыну жанчыну аштрафавалі на тры базавыя велічыні (120 рублёў), за падпіску — на 30 (1200 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

***

Сілавікі апублікавалі відэа з трыма жыхарамі Гродна, на якім яны кажуць, што раней данацілі тэлеграм-каналу «NEXTA» і фонду «BYSOL», а цяпер «добраахвотна» ў якасці кампенсацыі пераводзяць грошы ў «дзіцячы фонд», паведамляе «Медыязона».

Адзін з жыхароў Гродна гаворыць на відэа, што праз аплатную сістэму «PayPal» перавёў каналу «NEXTА» 1,78 Еўра. У якасці «кампенсацыі» ў «дзіцячы фонд» ён адправіў 1000 долараў.

Другі гродзенец таксама кажа на відэа, што данаціў праз «PayPal» каналу «NEXTA» (сума не ўдакладняецца), а потым перавёў «на дабрачынныя мэты» пяць тысяч долараў.

Трэці гродзенец сказаў, што перавёў 35 долараў фонду «BYSOL» і цяпер «абавязваецца за сваю правіннасць перавесці грошы ў фонд дапамогі хворым дзецям — на суму ў пяць тысяч долараў».

Аўтары канала не ўдакладняюць, якія менавіта дабрачынныя або дзіцячыя ўстановы атрымалі названыя сумы. Яны таксама сцвярджаюць, што гродзенцы самі прыйшлі ў міліцыю, а потым добраахвотна перавялі грошы.

***

Палітвязень Ігар Фёдараў, які адседзеў два гады ў калоніі за «абразу Лукашэнкі» пасля вяртання на радзіму з-за мяжы, выйшаў на волю і зноў з'ехаў з краіны. Пра гэта паведаміла «Вясна».

Ён шмат гадоў працаваў інжынерам-механікам на ААР «558-мы Авіяцыйны рамонтны завод». Пасля падзей жніўня 2020 года, калі Ігар разам з іншымі завадчанамі актыўна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю, з ім не працягнулі кантракт, а пасля ён і зусім вымушаны быў эміграваць, баючыся крымінальнага пераследу.

Знаходзячыся ў эміграцыі, Ігар расказваў, што сумуе па радзіме і жыве надзеяй вярнуцца. Напярэдадні рэферэндуму 27 лютага 2022 года ён прыехаў у Беларусь. Яго затрымалі каля выбарчага ўчастка і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пазней яго прызналі вінаватым у «абразе Лукашэнкі» і асудзілі на два гады калоніі.

Ігар адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі №15. На волю ён выйшаў 18 снежня 2023 года. Праз месяц ён з'ехаў з Беларусі, піша «Салідарнасць».

***

«Вольны Беларускі Ўніверсітэт» прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 15 студзеня.

Паведамляецца, што «ініцыятыва ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў і пры фінансавай і іншай падтрымцы фонду ім. Адэнаўэра, Польска-амерыканскага фонду свабоды, Еўрапейскага фонду за дэмакратыю, пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску, дэлегацыі Еўрапейскага парламента па пытаннях Беларусі».

Таксама спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» папоўніў праект «ЛУКАвица». Дачыненне да яго, згодна з рашэннем МУС, мае Марціновіч Ала Міхайлаўна.

***

Адбылося чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў», піша «Вясна».

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Беларусь 2.0», «БЕЛАРУСКI IНФАРМАЦЫЙНЫ», «Школа вiдэаблогера», «BY in MUC»;
  • Facebook-старонкі «РОДНЫ КУТ», «Народный приговор»;
  • Старонка ў «ВКонтакте» «ПОДСЛУШАНО ПИНСК»;
  • TikTok-старонкі «Беларусь якая ёсць», «free_zhlobin».

***

Паводле праваабаронцаў, у «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 37 чалавек — цяпер у ім 3723 прозвішчы.

19 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі музыкаў «TOR BAND» Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача, Андрэя Ярэмчыка, дачку журналіста Змітра Лупача Святлану Лупач, маці дваіх дзяцей Жанну Волкаву.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 340 дзён, Максіма Знака — 344 дні, Мікалая Статкевіча — 343 дні, Ігара Лосіка — 334 дні, Віктара Бабарыкі — 270 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 199 дзён, Уладзіміра Гундара — 168 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1408 палітвязняў.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1613 чалавек. Сярод іх — 186 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.