«Гэта чыста меркаванне мянтоў, а не доказ. Каго і як залічваюць у «экстрэмісцкія фарміраванні»

Усё часцей у спісе «экстрэмісцкіх фарміраванняў» на сайце МУС пачалі публікаваць прозвішчы людзей, якія нібыта датычныя да стварэння гэтых «фарміраванняў». «Медыязона» высветліла, што некаторыя з іх трапляюць туды амаль выпадкова — без расследавання і рашэння суда, а некаторыя — і зусім не маюць дачынення да арганізацыі, куды іх прыпісалі. Але пры гэтым пакаранне за «арганізацыю», «удзел» або «садзейнічанне экстрэмізму» прадугледжвае да 10 гадоў калоніі.

Іюстрацыйная выява

Іюстрацыйная выява

Для чаго прыдумалі «экстрэмісцкія» спісы

Спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» на сайце МУС пачаў папаўняцца з 2021 года. Першым туды трапіла аб'яднанне рабочых «Рабочы рух». Усяго ў спіс на момант публікацыі ўнесена 171 «фарміраванне»: сярод іх мноства тэлеграм-каналаў і чатаў — раёнаў і гарадоў, заводаў, дыяспар, большасць незалежных СМІ і нават музычная група з Рагачова «Tor Band».

Паводле падлікаў «Беларускага даследчага цэнтра», у чэрвені гэтага года адсоткавыя суадносіны «экстрэмісцкіх фарміраванняў» выглядалі так.

612e55719af2fc88a0e3f42168d1084f.jpeg

— Мяркую, што першапачаткова задача была крыміналізаваць журналісцкую дзейнасць: каб не выдумляць кожны раз розныя склады [злачынствы] — як з Чульцовай было, прасцей прызнаць дзейнасць незаконнай у прынцыпе. Тады прыдумалі такі механізм — «экстрэмісцкае фарміраванне», — растлумачыў «Медыязоне» адвакат Пётр, які абараняў палітычных зняволеных да 2022 года.

Журналістак Дар'ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву затрымалі пасля прамога эфіру з пратэсту на «Плошчы перамен». Іх абвінавацілі ва ўдзеле і нават кіраванні «групавымі дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Абедзвюх асудзілі на 2 гады калоніі за рэпартаж з пратэстаў.

Мёртвыя душы

З 3 кастрычніка 2022 года ў спісах пачалі з'яўляцца імёны людзей, якім ставяць у віну стварэнне і дачыненне да фарміраванняў. Першай стала група людзей, якія, на думку МУС, датычныя да канала Xinkalik, створанага ў Zello.

Наступным фарміраваннем, дзе былі пазначаны прозвішчы, стаў музычны гурт «Tor Band». Акрамя музыкаў Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка, у «арганізатары» ўпісалі жонку саліста — Юлію Галавач. Паводле інфармацыі «Белсат», цяпер яна знаходзіцца на волі і ў бяспецы.

У сакавіку мінулага года да «экстрэмісцкіх фарміраванняў» прылічылі «Беларускую асацыяцыю журналістаў» — і побач з ёй 8 прозвішчаў. Чаму менавіта гэтых людзей вырашылі лічыць датычнымі да стварэння «экстрэмісцкага фарміравання» — невядома.

— У нашым выпадку факт рандомнага ўключэння людзей. У спіс унеслі некаторых людзей, якія ў той ці іншы час працавалі ў штаце грамадзянскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў»: прычым хтосьці скончыў працу дзесяцігоддзі таму, а хтосьці — працаваў да моманту ліквідацыі. Адзін чалавек наогул не працаваў у БАЖ, але ён — намеснік старшыні аб'яднання, — распавёў «Медыязоне» намеснік кіраўніка «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Падобная сітуацыя ў рэдакцыі выдання EX-PRESS.BY, якое ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» 8 лістапада 2023 года.

— У гэтых спісах, сапраўды, ёсць прыпіскі: калісьці некаторыя з названых мелі дачыненне да нас, гэта лёгка праверыць, але зараз — не. Пасля 2020 года склад рэдакцыі абнавіўся, дадаваліся новыя аўтары. У гэтым спісе ёсць людзі, якіх мы ўвогуле не ведаем — напрыклад, Алена Кульбякiна. Большасць людзей з гэтага спicу зараз не маюць дачынення да сайта, — распавялі «Медыязоне» ў рэдакцыі выдання.

У ініцыятывы «Акрэсціна, затрыманыя», якую ўнеслі ў спіс «фарміраванняў» 21 лістапада 2023 года, з 6 чалавек толькі адзін мае дачыненне да працы праекта, распавяла стваральніца чата «Акрэсціна, затрыманыя» Алена Памаха.

«Медыязоне» ўдалося знайсці ўсіх, каго звязалі з фарміраваннем «Акрэсціна, затрыманыя», але адказаў толькі адзін чалавек са спісу — ён сцвярджае, што ўсяго пару разоў пісаў у бот пра затрыманні.

— Чаму мяне палічылі заснавальнікам, незразумела. Я некалькі разоў пісаў інфармацыю пра затрыманых знаёмых.

Як папаўняюцца спісы

Паняцце «экстрэмісцкае фарміраванне» з'явілася ў 2021 годзе пасля прыняцця новай версіі закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Згодна з ім, «фарміраванне» — гэта група асоб, якая займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю, садзейнічае гэтаму або фінансуе яе.

Адвакат распавёў, як, на яго  думку, выглядае механізм прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем». Аператыўнікі складаюць рапарты, прыкладваюць да іх скрыншоты з  «нелаяльнымі для ўлады выказваннямі» і адпраўляюць іх у суд. Суд выносіць сваё рашэнне: прызнаць матэрыялы «экстрэмісцкімі» ці не.

— Потым гэты пачак дакументаў ідзе на стол да міністра МУС. Ну і там, цудоўным чынам, вырашаецца пытанне: прызнаюць СМІ «экстрэмісцкім фарміраваннем» ці не, — тлумачыць адвакат. — Гэтае пытанне павінен вырашаць суд, а не МУС: ёсць тут экстрэмізм ці не. Тое, што яны самі ў сябе вырашылі — выдатна, але гэта чыста меркаванне мянтоў, а не доказ. МУС — не той орган, які можа прызнаваць ці не прызнаваць дзеянні, яны могуць толькі ў суд накіраваць дакументы, і суд ужо вырашыць.

Артыкул «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў калоніі, «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — да 7. Гэтыя крымінальныя артыкулы ўжылі ў абвінавачванні супраць фігурантаў «справы Рабочага руху», якіх асудзілі на тэрміны ад 11 да 15 гадоў. Або справу супраць Уладзіслава Савіцкага — яго таксама асудзілі на 4 гады калоніі за «садзейнічанне экстрэмізму» і «стварэнне фарміравання», палічыўшы за іх перасылку ў бот Nexta відэа з расійскімі самалётамі.

Каго робяць «стваральнікамі фарміраванняў»

Адвакат лічыць, што людзі трапляюць у спісы экстрэмісцкіх фарміраванняў, засвяціўшыся ў адным з рапартаў міліцыі.

— Груба кажучы, па «плане» ў гэтым раёне трэба зрабіць столькі абыходаў кватэр, столькі затрымаць. Магчыма, нешта падобнае ёсць і па «экстрэмісцкіх фарміраваннях», каб даваць справаздачу і казаць: «Ой-ёй, выявілі тут яшчэ ачагі [экстрэмізму]». У ходзе такіх дзеянняў па выяўленні нібыта небяспечных груповак трэба падаць матэрыялы, нешта накапаць.

На думку адваката, сілавікам трэба даць справаздачу аб выяўленні «ячэйкі», і чым больш там будзе прозвішчаў, тым больш адназначна, што гэта менавіта «фарміраванне экстрэмістаў», а не асобныя асобы. З «узняццем» дакументаў і перапісваннем рапартаў пазнака «датычны» можа змяніцца да «датычны да стварэння» фарміравання.

Былыя сілавікі з «BELPOL» таксама сцвярджаюць, што ў спісы сапраўды трапляюць людзі, якія былі згаданы ў рапартах міліцыі. Яны распавялі «Медыязоне», што пры складанні такіх дакументаў дзейнічае «правіла»: лепш дадаць «лішніх», чым кагосьці выпусціць.

— Гэта шлях найменшага супраціву, і ён апраўдваецца страхам не ўнесці кагосьці, а потым атрымаць праверку ад УСБ (уласнай бяспекі) або КДБ: ты не ўнёс таму, што цябе папрасілі ці гэта твой знаёмы, ці ёсць нейкая карыслівая цікавасць. У сучаснай Беларусі прасцей унесці чалавека ў такі спіс, чым не ўнесці — адказнасці ніякай.

«Гэта не прысуд суда, гэта нават не дакумент следчага — гэта пустая папера»

Адвакат лічыць, што ўнясенне прозвішча ў спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» не мае юрыдычнай сілы.

— Тое, што МУС прызнала кагосьці «экстрэмісцкім фарміраваннем» — нічога не значыць. Гэта не прысуд суда, гэта нават не дакумент следчага — гэта пустая папера. З іншага боку, у Следчага камітэта ёсць фармальны абавязак: калі з'яўляюцца паведамленні аб здзяйсненні злачынства, то яны павінны расследавацца. З нагоды спісу «экстрэмісцкіх фарміраванняў»: я магу памыляцца, але, па-мойму, гэтыя матэрыялы накіроўваюцца ў СК, і тыя ўжо ажыццяўляюць следчыя дзеянні. Гэта значыць следчым гэтыя матэрыялы маглі паступіць, тыя адкрываюць папачку і бачаць, што там напісана лухта поўная.

У сваю чаргу СК можа ўгледзець у рапартах МУС склад злачынства ў дзеяннях «асоб», якія трапілі ў «экстрэмісцкае фарміраванне», а можа не ўгледзець. Калі следчы не бачыць складу, то справа закрываецца, але людзі застаюцца ў «экстрэмісцкім» спісе.

Былыя сілавікі з «BELPOL» мяркуюць, што дамагчыся выключэння са спісу «экстрэмістаў» праз суд нерэальна.

— У Беларусі ўсё, што тычыцца палітыкі, не мае ніякага дачынення да закона, нормаў права або справядлівасці. І суды дзейнічаюць роўна ў такой парадыгме, дзе калі трэба, значыць трэба. Доказы — гэта фармальнасці. І за «неабвержныя доказы» можа прымацца ўсё запар.