Палітвязню Васілю Берасневу так і не перасадзілі адзіную нырку. У панядзелак яму споўніцца 74
У панядзелак, 22 студзеня, свой 74-ты дзень народзінаў і другі год за кратамі будзе адзначаць палітзняволены лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў — адзін з самых старэйшых палітвязняў Беларусі. Падчас зняволення ў яго моцна абвастрыліся праблемы са здароўем — ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.
Раней у свой дзень народзінаў спадар Васіль гасцінна збіраў у сябе аднадумцаў і калегаў па грамадскай дзейнасці на Аршаншчыне. Цяпер ён адбывае дзевяцігадовы тэрмін за прафсаюзную дзейнасць у папраўчай калоніі № 15 у Вейне. «Вясна» напярэдадні дня народзінаў Васіля распавядае яго гісторыю жыцця і грамадскай дзейнасці.
Шлях ад настаўніка гісторыі да прафсаюзнага актывіста
Пасля сканчэння гістарычнага факультэта БДУ Васіль настаўнічаў, затым кіраваў аграрным вучылішчам у Высокім на Берасцейшчыне і за нядоўгі час вывеў яго на высокі абласны ўзровень.
Напачатку 90-х гадоў, у гады дэмакратычнага ўздыму ў Беларусі, быў абраны дэпутатам Аршанскага райсавету, а затым і яго старшынём. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі сышоў з пасады старшыні і пачаў цікавіцца грамадскай дзейнасцю. Неўзабаве далучыўся да Беларускага Хельсінскага камітэта, а праз некаторы час стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі. Пры гэтым, Васіль амаль да самай пенсіі выкладаў гісторыю ў вясковых школах.
Васіль Бераснеў адзін з першых займеў у Оршы свой публічны офіс, якім часта карысталіся многія грамадскія арганізацыі і ініцыятывы.
«Будзем збірацца ў Бераснева», — так нярэдка казалі мясцовыя актывісты адзін аднаму.
Васіля за яго грамадскую дзейнасць неаднаразова затрымлівалі і адміністрацыйна арыштоўвалі. Падчас «Маршу недармаедаў» у 2017 годзе ў Оршы ён на прыступках выканкаму разарваў муляж на тэму антыдармаедскага дэкрэту (на фота).
Пасля выбараў 2010 года Васіль далучыўся да прафсаюзу РЭП, аршанская структура прафсаюза хутка стала адной з самых вялікіх у Беларусі з невялікімі прадстаўніцтвамі ў Круглым і Багушэўску. Праз некаторы час ён стаў намеснікам старшыні рэспубліканскага прафсаюзу РЭП. Менавіта ягоная прафсаюзная дзейнасць і паслужыла падставай для крымінальнага пераследу пасля выбарчых акцый.
Закрыты суд і вялікія тэрміны па справе незалежных прафсаюзаў
Васіля Бераснева затрымалі 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы супраць актывістаў незалежных прафсаюзаў.
5 студзеня 2023 года Анастасія Папко абвінаваціла трох прафсаюзных актывістаў — Васіля Бераснева, Генадзя Фядыніча і Вацлава Арэшку — у «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Васілю прызначылі дзевяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Праблемы за здароўем у зняволенні
У пачатку кастрычніка мінулага года стала вядома, што Васіля тэрмінова накіравалі з калоніі ў Магілёўскі абласны шпіталь. Яшчэ падчас знаходжання ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя — ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Аднак сітуацыя настолькі крытычная, што медыкаментознае лячэнне не мае сэнсу. Патрэбна перасадка ныркі. На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі альбо накіраванні на абследаванне доўгі час рэакцыі не было. На фоне праблем са здароўем, значна павысіўся ціск і зараз неабходна штодня прымаць адпаведныя лекі.
Паводле звестак калег, Васілю нырку так і не
перасадзілі. Цягам двух дзён яго абследавалі ў шпіталі, але вынікаў не
паведамілі. Сказалі, што атрымае іх потым, у калоніі. Як пачуваецца цяпер
Васіль, невядома.