МУС распавяло, колькі чалавек выехала з Беларусі

Больш за 200 тысяч грамадзян Беларусі пакінулі краіну за 2021 і 2022 гады. Такую статыстыку прывёў у эфіры тэлеканала АНТ начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун, піша «Люстэрка».

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Пры гэтым ён адзначыў, што некарэктна было сказаць, выехалі яны па палітычных матывах або па іншых.

«Гэта розныя прычыны: або від на жыхарства, або на самай справе рэлакацыя айцішнікаў, членаў іх сем'яў», — растлумачыў ён.

Што тычыцца айцішнікаў, то Бягун выказаў меркаванне, што яны з'ехалі з Беларусі не па палітычных матывах.

«Гэта пытанні, звязаныя з санкцыямі», — сказаў прадстаўнік МУС.

Глядзіце таксама

Бягун дадаў, што «гэта, вядома, шмат», бо выехала «працаздольнае насельніцтва», адзначыўшы, што ўсе, хто з'ехаў, заўсёды могуць вярнуцца ў Беларусь. Тыя, хто здзейсніў крымінальнае злачынства і хочуць вярнуцца, могуць звярнуцца ў спецыяльную камісію.

Адзначым, на сайце гэтай камісіі паведамляецца, што ўстаноўлены гранічны тэрмін падачы зваротаў — 31 снежня 2023 года. Звароты, пададзеныя па заканчэнні дадзенага тэрміну, не будуць разглядацца.

Паводле звестак праваабаронцаў, у 2023 годзе пры вяртанні ў Беларусь пасля праверак на мяжы былі затрыманы як мінімум 207 чалавек.

Нагадаем, што ў кастрычніку мінулага года намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў выступіў у вайсковай часці 3214 і ацаніў колькасць тых, хто з'ехаў з Беларусі. Паводле яго звестак, гэта 350 тысяч чалавек.