З'ехаць нельга застацца. Ці збіраюцца беларусы вяртацца на радзіму?
Тысячы беларусаў і беларусак былі вымушаныя пакінуць краіну, уцякаючы ад пераследу або проста ў пошуках лепшай долі. «Deutsche Welle» спытала ў некаторых з іх, ці збіраюцца яны вяртацца.
Мараць убачыць родных, шукаюць «новую радзіму» або «стаміліся спадзявацца на лепшае» і жывуць адным днём — трое беларусаў, якія жывуць за мяжой, расказалі «Deutsche Welle», ці плануюць вярнуцца на радзіму і што для гэтага павінна адбыцца.
Дальнабойшчык Дзяніс: «Вярнуцца ў Беларусь — тое самае, што ў маленькую вёсачку, дзе ты калісьці рос»
«Я ў пошуках новай радзімы для сябе», — прызнаецца Дзяніс. У Беларусі ён быў журналістам-фатографам, у эміграцыі асвоіў прафесію дальнабойшчыка. «Рамантыка, чаму б не паспрабаваць? Сеў за руль у сакавіку 2022 года, — згадвае беларус. — Пад'ёмы а чацвёртай раніцы, бруд, дождж, пот, без душа пяць дзён — гэта тое, пра што я даведаўся. Гэта быў вельмі жорсткі выхад з зоны камфорту».
Дзяніс таксама адзначае, што аказаўся ў «цвёрдым мужчынскім свеце», дзе людзям часта невядома, што такое асабістыя межы. «Але з іншага боку, я цяпер стаю каля горада Крэмона ў Італіі (на момант гутаркі з DW. — Заўв. рэд.), учора праязджаў Венецыю. Заўсёды хацелася павандраваць, і вось гэты запал я дакладна задаволіў. Для мяне Еўропа цяпер такая маленькая», — кажа Дзяніс.
Паводле слоў мужчыны, часам за дзень ён праязджае чатыры краіны, у месяц — каля адзінаццаці тысяч кіламетраў. Пры гэтым беларус адзначае, што зарабляе «нармальныя грошы нават па еўрапейскіх мерках».
«Я ўжо з'ездзіў у Паўднёвую Амерыку на два з паловай месяцы: месяц жыў на беразе акіяна ў Перу, у Рыа-дэ-Жанейра нарэшце пахадзіў у белых штанах па Капакабана, — згадвае Дзяніс. — Я сабе змог дазволіць тое, пра што раней толькі марыў».
Вяртацца ў Беларусь суразмоўца не плануе: для яго гэта як «вярнуцца ў маленькую вёсачку, дзе ты калісьці рос».
У якасці магчымага месца для жыцця мужчына разглядае Канаду. «Падзеі 2020 года былі вельмі траўматычнымі для мяне, для нас усіх, але яны ж з'явіліся для мяне вельмі магутнай сілай, якая выштурхнула з наседжанага месца», — прызнаецца Дзяніс.
Паводле слоў беларуса, у яго «з'явіўся нейкі расклад на будучыню з больш-менш светлай перспектывай». «У Беларусі нічога гэтага ў мяне не было, я не бачу сэнсу вяртацца», — кажа суразмоўца.
Музыка Сяргей: «Я хацеў бы вярнуцца ў Беларусь»
Музыка і гукарэжысёр Сяргей пераехаў у Грузію ў жніўні 2021 года, таму што ў Беларусі, паводле яго слоў, станавілася «больш змрочна і змрочна». «Мы думалі, што, калі нешта зменіцца, вернемся, але нічога лепш не становіцца, — кажа мужчына. — Нягледзячы на то, што цяжкасцей (у Грузіі. — Заўв. рэд.) шмат, адчуванне, што ты жывеш у адносна свабоднай краіне».
На момант пераезду, адзначае Сяргей, у Грузіі былі дастаткова камфортныя ўмовы для жыцця, можна было знайсці недарагое жыллё, але пасля хвалі масавай эміграцыі з Расіі і Беларусі ў 2022 годзе цэны вельмі выраслі. «Але нічога, спраўляемся», — не сумуе Сяргей.
У Грузіі ён працягвае займацца тым жа, чым і ў Беларусі: робіць музычныя аранжыроўкі і звядзенні, хоць і «ў крыху горшых умовах», чым у Мінску, дзе ў яго была «няблага абсталяваная хатняя студыя.»
Да таго ж, беларус арганізаваў уласны рок-гурт. На момант размовы з DW калектыў гастраляваў у Сванеціі (горны рэгіён у Грузіі. — Заўв. рэд.). «Заўсёды выконваем хаця б адну беларускую песню на канцэрце, спяваем на ўкраінскай, ёсць песні і на грузінскай мове, — расказвае Сяргей. — З беларусаў (у гурце. — Заўв. рэд.) я і мая жонка. Але з усімі ўдзельнікамі — на адной хвалі, усе прытрымліваюцца адных і тых жа маральных прынцыпаў і поглядаў на тое, што робіцца ў свеце».
Сяргей прызнаецца, што хацеў бы вярнуцца ў Беларусь — найперш праз тое, што там жывуць бацькі, засталіся блізкія сябры. «Ну і радзіма ёсць радзіма, тут нічога не скажаш, але сапраўды павінна нешта прынцыпова памяняцца», — гаворыць беларус.
У той жа час мужчына адзначае, што ў эміграцыі ён усяго два з паловай гады і «пакуль не так складана зняцца, паехаць яшчэ кудысьці або вярнуцца ў Беларусь», але што будзе праз некалькі гадоў, прадказаць немагчыма.
Ён кажа, што было б выдатна, калі б усё змянілася і можна было спакойна вярнуцца, пабачыць блізкіх і сяброў, родныя мясціны і тады ўжо прыняць рашэнне, што рабіць далей.
ІТ-спецыялістка Таццяна: «Жывем сённяшнім днём»
ІТ-спецыялістка Таццяна таксама амаль тры гады жыве ў Грузіі. Гэта не першая яе рэлакацыя: дзяўчына з сям'ёй часова з'язджала з Беларусі ў 2016 годзе і, як яна згадвае, з радасцю вярнулася на радзіму.
Цяпер сітуацыя змянілася. Пасля пераезду Таццяна некалькі разоў бывала ў Беларусі, але прызнаецца, што там ёй некамфортна.« Я адчуваю неяк занадта шмат віны за тое, што ў нас адбылося, і за тое, у якія канфлікты ўцягнутая Беларусь. Проста мне маральна, псіхалагічна некамфортна цяпер сярод людзей, сярод усёй гэтай гнятлівай абстаноўкі, — кажа суразмоўца DW. — Калі раней вярталася ў Беларусь з нейкай камандзіроўкі, бачыла, што ў нас людзі не асабліва шчаслівыя. Цяпер прыязджаю і разумею, што яны сталі яшчэ больш нешчаслівымі».
Таццяна кажа, што досыць камфортна адчувае сябе ў Грузіі, але не ведае, ці зможа там заставацца, калі яе дзіцяці прыйдзе час ісці ў школу: «У Беларусь мы не паедзем. Куды ехаць далей, не разумеем, але жывем сённяшнім днём. Проста адвучыліся планаваць што-небудзь, радуемся дробязям».
Беларуска прызнаецца, што не можа пакуль нават самой сабе шчыра адказаць, ці вернецца ў Беларусь у выпадку перамен. Яна кажа, што проста стамілася спадзявацца на тое, што «нешта зменіцца, стане лепш». «Будзе магчымасць і рэальны выбар, тады зможам адказаць», — гаворыць яна.